Адным з найбольш істотных чыннікаў эканамічнага, сацыяльнага, палітычнага развіцця Старажытнай Русі з’яўляўся т.наз. “шлях з вараг у грэкі”, якi звязваў паўночныя землi з Кiеўскiм Падняпроў’ем i, такiм чынам, аб’ядноўваў усе вобласцi ўсходнеславянскiх пляменаў.
Першыя летапісныя ўзгадкі гэтага шляху звязаны з паходамі Аскольда і Дзіра ў 862 г. і Алега ў 882 г. Даследчыкі мяркуюць, што ў той час гэты шлях яшчэ дзейнічаў не пастаянна і не быў гандлёвым. Яго станаўленне адбылося ў Х ст. Пераважная частка шляху пралягала па Дняпру. Пэўныя складанасці выклікала неабходнасць пераходу ад Заходняй Дзвіны да Дняпра. Найбольш вузкае месца паміж гэтымі рэкамі, перарэзанае дробнымі рэчкамі, адзначаецца каля в. Гнёздава Смаленскай вобл. Тут у старажытнасці знаходзіўся т.зв. “волак”. “Волакі” функцыянавалі і ў іншых месцах. Яшчэ адзін шлях, які ў пэўнай ступені дубляваў шлях “з вараг у грэкі”, пралягаў па Дзясне. Уздоўж гэтых шляхоў, на волаках ці непадалёк ад іх узнікалі населеныя пункты, дзе пражывалі рамеснікі, гандляры, людзі, неабходныя для канваіравання і аховы караблёў і інш. . Некаторыя вучоныя лiчаць, што гэтыя паселiшчы прадстаўлялі сабой протагарадскiя фармiраваннi i з’яўлялiся першапачатковымi месцамi такiх гарадоў, як Смаленск, Яраслаўль, Чарнiгаў. Iншыя даследчыкi не згодныя з гэтым меркаваннем i сцвярджаюць, што паселiшчы ў былi толькі заставамi, якiя кантралявалi найбольш важныя шляхi.
Каля населеных пунктаў, натуральна, паступова ўтвараліся могільнікі. У той час памерлых хавалі пад курганнымі насыпамі. Гэтыя курганы ў археалагічнай літартуры называюць “дружыннымі”. Аднак у гэтых курганах былі пахаваныя не толькі прафесійныя воіны (дружыннікі), але і звычайныя людзі – гандляры і інш. Змест назвы курганаў заключаецца ў тым, што гэтыя помнікі узніклі ў той час, калі ішло фарміраванне раннефеадальнай знаці, і роля дружыны ў гэтых працэсах была істотная.
Найбольш буйныя “дружынныя” курганы даследаваны пад Смаленскам, Яраслаўлем, Чарнігавам, Кіевам і інш. Самым вядомым з могiльнiкаў, у якiх сустракаюцца дружынныя курганы, з’яўляецца Гнёздаўскi комплекс на Дняпры недалека ад Смаленска. Гэта самае буйное скапленне курганаў Старажытнай Русi, якое ўключае каля 3 тыс. курганаў.
У пераважнай большасці дружынных курганаў пахаванне адбывалася па абраду крэмацыі. Толькі ў некаторых выпадках адначаюцца пахаванні з інгумацыяй.
Асноўная частка “дружынных” курганаў належала мясцоваму мірнаму насельнiцтву. Толькi ў некаторых курганах знойдзена зброя, якая сведчыць аб тым, што ў гэтых курганах былi пахаваны дружыннiкi – прадстаўнiкi феадалiзаванай знацi. Некаторыя рэчы, якія знаходзіліся ў пахаваннях, былі тыпова скандынаўскімі. Менавіта гэта і звязана з найбольш складанай і вострай праблемай, якая закранае дружынныя курганы, – праблемай паходжання дзяржавы на Русi.
Частка даследчыкаў, спасылаючыся на летапiсы, у якiх гаворыцца аб заклiканнi варагаў на Русь, мяркуе, што i сама дзяржава была створана нарманамi. Пры гэтым яны ў якасці доказаў прыцягваюць i дружыныя курганы, у якiх сустракаюцца скандынаўскiя рэчы i некаторыя адметнасці пахвальнага абраду. Скандынаўскiм рытуалам лiчыцца пахаванне ў ладдзi, змяшчэнне жалезнай грыўны з малаточнамi бога Тора на рэшткi пахавальнага вогнiшча цi урну, звычай утыкаць зброю ў рэшткi крэмацыi, а таксама жаночыя пахаваннi з двумя шкарлупападобнымi фiбуламi – абавязковай прыналежнасцю скандынаўскага жаночага ўбора. Такiя пахаваннi сапраўды есць у Гнёздаўскiм магiльнiку, аднак варагi маглi складаць не больш за 5% насельнiцтва Гнёздава. Большасць рэчаў скандынаўскага паходжання фіксуецца пачынаючы з Х ст., а варагі з’явіліся на Русі яшчэ ў ІХ ст.
Вельмi часта прыхiльнiкi нарманскай тэорыi для абгрунтавання сваей пазiцыi прыцягваюць зброю, у першую чаргу мячы. Сапраўды, у дружынных курганах знаходзяць т.зв “каралінгскія” мячы, якія дасягалі ў даўжыню 1 м. Цэнтрам вытворчасці такіх мячоў была Рэйнская вобласць (адсюль і назва зброі). Асноўная колькасць “каралінгскіх” мячоў знойдзена ў Скандынавіі, Францыі, Польшчы, Чэхіі, Славакіі, вядомы яны і ва усходнеславянскіх землях. Аднак сёння абгрунтавана, што вытворчаць мячоў каралінгскага тыпу вялася і ва Усходняй Еўропе: каля Міргарада, што пад Палтавай, знойдзены характэрны меч, на двух баках ляза якога былі клеймы рускага майстра: “Коваль” “Людоша”.
Акрамя мячоў, у дружынных курганах археолагі выяўляюць наканечнікі стрэл, наканечнікі коп’яў як ланцэтападобнай формы (скандынаўскі тып), так і ромбападобнай формы (усходнеславянскія). У пахаваннях фіксуюцца тыпова русскія шлемы-шышакі сфераканічнай формы, кальчуга (запазычаная рускім насельніцтвам ад стэпавых плямёнаў каля Х ст.). У цэлым, як мяркуюць спецыялісты, зброя i абарончы комплекс “дружынных курганаў” не могуць сведчыць аб значнай ролi варагаў на Русi.
У адным з гнёздаўскiх курганоў была знойдзена пасудзiна тыпу амфары з надпiсам “горушна” (гарчыца), якая датуецца першай чвэрцю X ст.
Гэта найбольш старажытны ўсходнеславянскi надпiс. У Скандынавii ў гэты час iснавала рунiчнае пiсьмо, якое рэзка адрознiваецца ад iншых алфавiтаў.
На ўсходнеславянскай тэрыторыi няма нi воднага паселiшча, якое было б заснавана скандынавамi.
Такім чынам, станаўленне сярэднявечнай Русі было абумоўлена развіццём самой славянскай культуры. Нейкая частка варагаў сапраўды асела на ўжо iснуючых паселiшчах, аднак яна хутка растварылася ў асяроддзi мясцовага насельнiцтва.
Старажытнаруская вёска
Старажытная Русь была аграрнай краiнай. Аснову яе эканомiкi складала сельская гаспадарка. Паселішча, жыхары якога займаюцца пераважна сельскай гаспадаркай, называецца вёскай. Першапачаткова, пры першабытнаабшчынных адносінах, практычна ўсе паселішчы аседлых земляробаў і жывёлаводаў адносіліся да вёсак. Пасля аддзялення рамяства ад сельскай гаспадаркі з агульнай масы паселішчаў пачалі вылучацца рамеснагандлёвыя і адміністрацыйныя цэнтры, якія паступова пераўтвараліся ў гарады.
Па археалагічных матэрыялах гэтыя працэсы прасочваюцца ў VІІІ–ІХ ст. З гэтага часу вёскі становяцца спецыфічнымі паселішчамі, якія паводле свайго складу і функцый адрозніваюцца ад іншых населеных пунктах.
Вылучаюцца некалькі тыпаў сельскіх паселішчаў:
Весь – неўмацаванае паселішча вольных сялян.
Сяло – неўмацаванае паселішча асабіста залежных сялян.
Пагост – адміністрацыйны цэнтр.
У канцы І тыс. вёскі размяшчаліся на поймавых узвышшах і берагавых схілах рэк і азёр – г.зн. у месцах, найбольш прыдатных для заняткаў земляробствам. Памеры і формы вёсак былі разнастайныя (ад 1 тыс. да 45 тыс. га), але пераважалі невялікія і сярэднія вёскі плошчай да 3 тыс. га. З цягам часу памеры паселішчаў памяншаліся. Дамінавала бессістэмная забудова забудова вёсак.
У VІІІ–ІХ ст. з’явіліся асобныя сялянскія двары-сядзібы, што адлюстроўвала пераход ад родавай да суседскай абшчыны. Характар забудовы, планіроўка і памеры жытлаў (9–12 м²) сведчаць аб тым, што малыя сем’і жылі паасобку, але вялі сумесную гаспадарку ў межах адной вялікай сям’і – патраніміі.
З канца Х ст. да другой паловы ХІІІ ст. колькасць вёсак павялічылася амаль у 2 разы. Рассяленне стала больш шчыльным, адбывалася адасабленне новых паселішчаў невялікіх сем’яў. Захоўвалася бессістэмная забудова, аднак паступова пачынала дамінаваць аднарадная забудова вёсак, калі хаты размяшчаліся ў адной лініі ўздоўж ракі.
У канцы ХІІІ–ХІV ст. пачалося асваенне сялянамі раней не занятых міжрэчных узвышшаў і водападзелаў, на якіх яшчэ існавалі некранутыя лясы.
У гэты час будаваліся толькі маладворныя вёскі.
Прылады працы. Найбольш старажытнай прыладай для апрацоўкі глебы ва ўмовах існавання падсечна-агнявога земляробства лічыцца баранасукаватка (зрубленая елка з буйнымі сучкамі), якая выкарыстоўвалася для рыхлення зямлі. У VІІІ–ІХ ст. пашырылася ўжыванне сахі, ляднае (падсечнае) земляробства паступова замянялася папаравай сістэмай.
Старажытная саха была шматзубая, яна паступова замянялася адна- і двухзубымі прыладамі. Такія прылады былі найбольш зручнымі для апрацоўкі камяністых лясістых глебаў. У перыяд з канца Х ст. да другой паловы ХІІІ ст. значна пашырылася папаравая сістэма земляробства і карыстанне плугам. У гэты час развівалася рамяство, асабліва апрацоўка металаў і ювелірная справа. Знаходкі шматлікіх упрыгожанняў на археалагічных помніках сведчаць аб даволі высокім узроўні жыцця насельніцтва. У канцы ХІІІ–ХІV ст. адбывалася масавае распаўсюджанне плуга, трохполля. Аднак гаспадарчы прагрэс стрымліваўся такім фактарам, як пагаршэнне прыродных умоў (павышэнне вільготнасці і частыя паводкі). Для апрацоўкі зямлі выкарыстоўваліся таксама матыкі і рыдлёўкі.
Асноўнай прыладай для збору ўраджая быў серп. Па сваіх памерах, канструкцыі, тэхналагічным асаблівасцях старажытныя вырабы блізкія этнаграфічным і сучасным вырабам. Частай знаходкай з’яўляюцца косыгарбушы.
Жывёлагадоўля займала значнае месца ў гаспадарчым жыцці вёскі. На помніках знаходзяць косткі свінні, дробнай і буйной рагатай жывёлы, лошадзі, сабакі. Гадавалi таксама птушку: курэй, утак, гусей.
Прысвойваючая гаспадарка. Па археалагічных даных вызначана, што насельніцтва палявала на зуброў, туроў, ласей, дзікоў, мядзведзяў, баброў, зайцаў і інш.
Старажытнарускi горад
Горад – населены пункт, жыхары якога занятыя пераважна ў прамысловасці, гандлі, кіраванні, культуры. Гарады ўзніклі ў працэсе паглыблення грамадскага падзелу працы – аддзялення рамяства ад земляробства. Галоўная рыса феадальнага горада – канцэнтрацыя рамёстваў і абмену.
Аднак першапачаткова словам “горад” абазначалi любое ўмацаванае паселiшча, якое не заўседы трансфармiравалася ва ўласнагарадское паселiшча: гэта магла быць феадальная сядзiба, крэпасць i г.д. Найбольш старажытнымi гарадамі Старажытнай Русi з’яўлялiся Кiеў, Ноўгарад, Смаленск, Белавозера, Iзборск, Полацк, Растоў Вялiкi, Мурам i Ладага. Вызначальнымі рысамі сярэднявечнага горада з’яўляюцца:
• паведамленні аб горадзе у пісьмовых крыніцах як аб важным населеным пункце, цэнтры акругі;
• наяўнасць дзяцінца і пасада, плошча якога ў некалькі разоў перавышае плошчу дзяцінца;
• наяўнасць складанага ўнутрыгарадскога плана з элементамі добраўпарадкавання;
• узвядзенне манументальных свецкіх ці культавых пабудоў;
• пражыванне ў горадзе значнай колькасці гандлёва-рамеснага насельніцтва;
• наяўнасць у горадзе адмiнiстратыўнага аппарату. Тут чынiўся суд, сюды паступалi падаткi, тут выдавалiся законы.
• горад – гэта i цэнтр абароны, тут мелiся ўзброеныя сiлы (княжацкая дружына), якiя забяспечвалi нармальную жыццядзейнасць адмiнiстратыўнага апарату i задачы абароны.
• гарады былi цэнтрамi пiсьменнасцi i культуры.
Даследчыкамі вылучаюцца тры асноўныя шляхі станаўлення гарадоў:
• гандлёва-рамесны;
• абшчынна-феадальны – горад утвараўся на аснове старажытнага абшчыннага цэнтра;
• феадальны (дзяржаўны) – горад узнікаў у выніку цэнтралізатарскай палітыкі князёў асобных земляў-княстваў.
Ядром горад быў дзяцінец – цэнтральная частка паселішча, размешчаная на ўзвышэнні і умацаваная драўляным тынам, равамі і валамі. Побач узнікалі вакольны горад, вакол якога ўтваралася другая лінія ўмацаванняў, і пасады – гандлёва-рамесніцкія часткі горада. Непадалёку ад горада знаходзіўся курганны могільнік (некропаль).
Забудова ўсходнеславянскага горада была пераважна драўляная. Мураванымі былі пераважна храмы і княжацкія церамі. Вуліцы масціліся драўлянымі маставымі, мелі разгалінаваную дрэнажную сістэму. Сядзібы адрозніваліся па памерах і плошчы. Дамы знаці называліся “харомамі” і часта былі двухпавярховымі, акружанымі галерэямі, сенямі.
Самым буйным горадам Усходняй Еўропы ў XI–XIII ст. з’яўляўся Кіеў. Першы ўспамiн аб горадзе ў летапiсу адносiцца да 862 г. Лічыцца, што ў XI– XIII ст. тут магло пражываць не менш за 50 тыс. чалавек. Горад узнік з былога племяннога цэнтру. У Кiеве былі выяўлены напластаваннi V – VI ст., у сувязі з чым некаторыя даследчыкі аднеслі час узнiкнення горада да V ст. i звязазалі гэтыя падзеі з дзейнасцю легендарнага князя Кiя. Аднак толькі ў IX ст. гэтае пасяленне набыло рысы горада.
Дзяцiнец старажытнага Кiева, разам з княскiмi пабудовамi, знаходзiўся на Старакiеўскай (Андрэеўскай) гары. Ядро горада прадстаўляла невялікі ўмацаваны замак з язычніцкім капішчам. Першая крэпасная сцена была зроблена з дрэва. На навакольных гарах (Шчакавiца, Кудравец, Лысая гара) размяшчаўся пасад. Кiеўскi некрапаль IX–X ст. складаўся як з параўнальна бедных, так і вельмі багатых пахаванняў, у якіх былі выяўлены вырабы з золата, срэбра, рэшткi дарагога адзення, арабскiя дзiрхамы i дарагая зброя.
Найбольш актыўнае развіццё Кiева прыходзiлася на канец X–сярэдзiну XIII стст. Пры Уладзiмiры Святаславiчы былі пабудаваны новыя моцныя ўмацаваннi (новы дзяцiнец “горада Уладзiмiра”). У першай палове XI ст. пры Яраславе Мудрым была ўзведзена новая гарадская сцяна. У гэты час горад меў тры брамы, самай вядомай з якiх з’яўлялася “Залатая” брама. Вялiкi гандлёва-рамесны пасад знаходзiўся на Падоле. Тут змяшчалiся гандлевая i вечавая плошча, стаялi каменныя цэрквы.
У выніку археалагiчных раскопак у Кiеве адкрыта звыш 200 жылых i гаспадарчых пабудоў. Жытлы падзялялiся на два тыпа: наземныя зрубныя i паўзямлянкi слупавай кантструкцыi.
Акрамя таго, археолагi адкрылi некалькi цэркваў, княскiх палацаў, якiя былi пабудаваны з камня i тонкай плiнфы. Першая на Русі цагляная царква – Дзесяцінная царква – была ўзведзеная ў 989–996 гг. Яна была разбураная мангола-татарамі ў 1240 г. Самае старажытнае збудаванне Кіева, якое захавалався да нашага часу, – Сафійскі сабор, закладзены ў 1037 г. Гэты манументальны храм распісаны фрэскамі, упрыгожаны мазаікамі, скульптурай.
У горадзе знойдзены шматлiкiя майстэрнi. Надзвычай высокага ўзроўню развiцця дасягнулі кавальская, ювелiрная справа, ганчарная дрэваапрацоўчая, вытворчасці і інш. Важную ролю ў эканамiчным жыццi горада адыгрываў i гандаль. У Кiеў прыязжалi купцы не толькi са ўсiх канцоў Старажытнай Русi, але i iншых краiн: Скандынавii, Польшчы, Германii, Чэхii, Венгрыi, Вiзантыi, Арабскага Усходу, Хазарыi.
Росквіт Кiева быў гвалтоўна прыпынены ў 1240 г. нашэсцем полчышчаў Батыя. Выяўлена некалькi брацкiх магiл, якiя былi запоўнены шкiлетамi загiнуўшых. У вынiку нашэсця манголаў Кiеў быў спалены, разбураны i разрабаваны. Аднак горад не быў цалкам знiшчаны. Археалагiчныя раскопкi паказалi, што жыцце працягвалася ва ўсiх гiстарычных частках Кiева, хаця колькасць насельнiцтва значна паменшылася.
Другiм буйным горадам Старажытнай Русi быў Ноўгарад. Першы ўспамiн аб Ноўгарадзе ў летапiсу адносiцца да 859 г. Ноўгарад размяшчаўся на берагах р. Волхаў. Горад падзяляўся на 5 канцоў: Людзiн, Нераўскi, Славенскi, Загародскi i Плотнiцкi. На думку некаторых даследчыкаў, Ноўгарад узнiк як сталiца федэрацыi, якая складалася са славен (Славенскi канец), фiнна-угорскага племенi мера (нерава) – Нераўскi канец i крывiчоў (Людзiн канец).
Дзякуючы павышанай вiльготнасцi культурнага пласту, у Ноўгарадзе добра захавалiся вырабы з арганiкi. Гэта – рэшткi драўляных жытлаў, вулiчныя маставыя, шматлiкiя рэчы, найбольш каштоўнымі для навукі з якіх з’яўляюцца берасцяныя граматы.
Планiроўку i забудову горада найбольш поўна прасочвала ў самым вялiкiм Нераўскiм раскопе. Тут выяўлены тры гiстарычныя вулiцы: Вялiкая, Халоп’я, Казмадзем’янская. Гэтыя вулiцы iснавалi на працягу многiх стагоддзяў i праз кожныя 15–20 гадоў нанава масцiлася драўлянымi плахамi. У слаях X–XV ст. археолагi знайшлi 30 ярусаў маставых
Адметнасцю наўгародскіх грамадзянскіх пабудоў з’яўляецца адсутнасць паўзямлянак, шырока распаўсюджаных у іншых гарадах. Людзі жылі ў наземных драўляных хатах. Падлоа высцілалася тоўстымі абцясанымі плахамі. Над ніжнім паверхам узводзўся верхні паверх, які па плошчы пераўзыходзіў ніжні і часткова абапіраўся на ветрыкальныя слупы. Дамы ацяпляліся цаглянымі пячамі. Жылым з’яўлялася верхняе памяшканне, а ніжняе – выкарыстоўвалася ў гаспадарчых мэтах. Дамы часта ўпрыгожвалі разьбой па дрэве.
У Х ст. ў Ногарадзе быў узведзены драўляны храм Сафійскі сабор. У 1045–1050 гг. ён быў заменены каменным храмам, які захаваўся да нашых дзён. Наўгародскаі Сафійскі сабор быў пяцікупальным, збудаваным, як і цэрквы ў Кіеве, у тэхніцы чаргавання радоў каменю і плінфы.
Архалагічныя даныя сведчаць аб высокім узроўні развіцця рамёстваў. Асноўным цэнтрам гандлёва-эканамiчнага жыцця Ноўгарада быў рынак. Побач з рынкам знаходзiліся Нямецкi i Гоцкi гандлёвыя рады. Розныя знаходкi адлюстроўваюць гандлёвыя сувязi Ноўгарада з вельмi далёкiмi краiнамi: Францыяй, Iталiяй, краiнамі Ўсходу i інш.
У Ноўгарадзе было знойдзена звыш 800 берасцяных грамат, самыя старажытныя з якіх адносiцца да першай паловы XI ст., самыя познія – да сярэдзiны XV ст. Гэтыя знаходкі сведчаць аб высокім узроўні старажытнарускай гарадской культуры.
Ноўгарад не быў разбураны i разрабаваны татара-манголамі.
4. Культура старажытнарускага насельніцтва паводле
Археалагічных даных
4.1. Пісьменнасць. Аб шырокiм распаўсюджаннi на Русi пiсьменнасцi сведчаць такія археалагічныя даныя, як знаходкі прыладаў для пісьма, берасцяныя граматы, а таксама надпiсы на посуду, праселках, прадметах побыту i нават на сценках цэркваў.
Для пісьма выкарыстоўваліся пісалы, альбо стылі (металічныя стрыжані даўжынёй 8–13 см, завостраныя на адным канцы і з лапатачкай на другім). На тэрыторыі Беларусі пісалы знойдзены амаль ва ўсіх гарадах. Пiсалi на спецыяльных дошачках (цэрах), якiя мелi з аднаго боку паглыбленне, запоўненае воскам. Для пісання выкарыстоўвалі таксама бяросту. У шматлікіх гарадах былі знойдзены берасцяныя граматы – пісьмы, запіскі і дакументы XI–XV ст. на кусках бярозавай кары. Берасцяныя граматы ствараліся не пісцамі-прафесіяналамі, а звычайнымі людзьмі, як заможнымі, так і беднымі, як мужчынамі, так і жанчынамі. Вядомы нават берасцяныя граматы, напісаныя дзецьмі. Граматы змяшчаюць тэксты побытавага, гаспадарчага зместу, даўгавыя распіскі, перадаюць палітычныя навіны і г.д.
Першая берасцяная грамата была знойдзена ў 1951 годзе падчас археалагічных раскопак у Ноўгарадзе. Граматы былі выяўлены таксама ў такіх гарадах, як Старая Руса, Смаленск, Пскоў і інш. На археалагічных помніках выяўлена таксама шмат прадметаў з надпісамі. У шматлікіх гарадах Старажытнай Русі і знойдзены свінцовыя пячаткі з выявамі князёў, святых і надпісамі кірылічнымі літарамі.
4.2. Рэлігійныя ўяўленні.
Язычніцтва паводле археалагічных даных. Дахрысціянскія культавыя збудаванні, месцы маленняў і ахвярапрынашэнняў называюцца свяцілішчамі ці капішчамі. Аб існаванні дахрысціянскіх культавых аб'ектаў сведчаць легенды пра ўзгоркі, на якіх стаялі царквы альбо касцёлы, што праваліліся пад зямлю, а таксама – спецыфічныя тапонімы Святое возера, Божая горка, Валова гара, Турава гара, Перунова гара, Красная гара, Святы камень, Змееў камень і інш.
3 язычніцкімі вераваннямі звязаны і прывескі-амулеты (абярэгі). Іх рабілі з іклаў і костак жывёл, бурштыну, металу, ракавінак кауры. Археолагі часта знаходзяць такія вырабы пад час раскопак курганоў і паселішчаў. Вядомы амулеты разнастайных формаў: падвескі-луніцы, канькі і полыя шумячыя падвескі-конікі, бранзалеты са стылізаванымі зааморфнымі канцамі, прывескі-амулеты ў выглядзе ключыкаў, сякерак, лыжачак і іншых мініяцюрных прадметаў побыту.
Хрысціянства паводле археалагічных даных. Прыняцце хрысціянства (988 г.) знайшло сваё адлюстраванне ў паступовых зменах пахавальнага абраду насельніцтва. У канцы Х – пачатку ХІ стст. пачаўся паступовы пераход ад традыцыйнага язычніцкага трупаспалення да трупапакладання ў курганных насыпах. З цягам часу велічыня курганаў змяншалася. У гарадах мемарыяльнымі месцамі рабіліся храмы і прылеглыя тэрыторыі. У археалагічным матэрыяле фіксуюцца таксама іншыя праявы хрысціянізацыі: змяненне знешняга выгляду гарадоў, перадусім будаўніцтва цэркваў і манастыроў, часта мураваных, з’яўленне і распаўсюджванні культавых прадметаў.
4.3. Манументальнае дойлідства. Каменнае дойлiдства на Русi пачалося ў X ст. Найбольш старажытнай пабудовай з камня з’яўляецца Дзесяцiнная царква ў Кiеве, якая была пабудавана візантыйскімі майстрамі ў 989 – 996 гг. Аснову царквы складала пабудова з трымя апсiдамi (паўкруглымi выступамi, дзе ўстанаўлiваўся алтар). Унутры царква была ўпрыгожаная фрэскамi i палiванымi рознакаляровымi плiткамi. У ХІ ст. у Кіеве быў пабудаваны яшчэ адзн каменны храм – Сафiйскi сабор. Ён быў пяцiапсiдным, з цэнтральным купалам, вакол якога размяшчалiся 12 меншых па памерах купалаў. Сабор быў упрыгожаны фрэскамі i мазаікамі. У пачатку XII ст. у Кiеўскiм княстве пачалі ўзводзіць шасцiстоўпныя храмы з трыма апсiдамi, а з сярэдзiны XII ст. – чатырохстоўпныя саборы. У 1045 – 1050 гг. быў пабудаваны Сафiйскi сабор у Ноўгарадзе. Храм меў тры апсiды i пяць купалаў. Наўгародскую Сафiйскую царкву будавалi кiеўскiя майстры.
Сваеасаблiва развiвалася дойлiдства Уладзiмiра-Суздальскай зямлi. Першыя каменныя храмы былі пабудаваныя паводле традыцыі кiеўскай дойлiдскай школы. Пазней склалася мясцовая архітэктурная школа, галоўнай адметнасцю якой была багатая арнаментацыя сцен. Пярлінай дойлiдства Уладзiмiра-Суздальскай зямлi лічыцца царква Пакрова-на-Нярлі.
На тэрыторыі Беларусі найбольш старажытным каменна-цагляным будынкам з’яўляецца Сафійскі сабор у Полацку, узведзены ў сярэдзіне XI ст. У пачатку XII ст. пачалося фарміраванне своеасаблівай полацкай архітэктурнай школы. Школа сфарміравалася на аснове візантыйска-кіеўскіх архітэктурных традыцый. Рэшткі мураванай царквы канца XI – першай чвэрці XII ст. знойдзены пры раскопках Мінска. Даследаванні паказалі, што яе не дабудавалі – быў закладзены толькі падмурак. У XII ст. своесаблівая архітэктурная школа склалася ў Гродзенскім княстве.
4.4. Прыкладное мастацтва. У гарадах Старажытнай Русі знойдзены шматлікія ўзоры дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Шырокi попыт у насельніцтва мела прадукцыя ювелiраў. Цэнтрам ювелірнай вытворчасці быў Кіеў, аднак ювелірнай справай замаліся і ў іншых гарадах. Так, рэшткі ювелірных майстэрань былі раскапаныя ў Мінску, Полацку, Навагрудку. Аб мясцовым характары ювелірнай вытворчасці сведчаць знаходкі ювелірных льячак і тыгляў, ліцейных формачак і пінцэтаў і інш. Акрамя вядомых і ў папярэднія эпохі форм каляровай металаапрацоўкi (лiцце, коўка, чаканка), з’явіліся новыя тэхнікі: штампоўка, валачэнне, скань, зернь, чарненне, эмаль, iнкрустацыi.
Зернь – ювелiрны прыём, пры якiм на залатую, срэбную, радзей бронзавую аснову напайвалi вельмi маленькiя шарыкi з золата цi срэбра. Скань – прыпой на залатую цi срэбную аснову з вельмi тонкага золата цi срэбнага дроту. Эмаль – шклопадобны сплаў, які афарбоўвалі ў розныя колеры і які пасля застывання даваў цвёрдую роўную паверхню. Чарненне – тэхніка, якая заключалася ў тым, што на паверхнi срэбнай рэчы выразаўся малюнак, якi потым запаўняўся рэчывам цёмна-матавага колеру. Гэта рэчыва атрымлiвалi з волава, срэбра, медзi i серы.
Найбольш дарагімі ювелірнымі вырабамі былі колты – упрыгожанні ў выглядзе багата аздобленых пустацелых скрыначак, у якія закладвалі тканіну з прыемным водарам. Колты прывешваліся па баках галавы на металічных ланцужках. Гэтыя ўпрыгожанні насілі заможныя гараджанкі.
На тэрыторыi Старажытнай Русi знойдзена шмат скарбаў, якія змяшчалі высокамастацкiя ўпрыгожваннi: колты, бранзалеты, падвескi, медальёны і інш.
Вялiкiх поспехаў у старажытнарускі час дасягнула шкларобства. Да XI ст. шкляныя вырабы паступалi на Русь з Вiзантыi i Бліжняга Усходу. У пачатку XI ст. з’явіліся мясцовыя шкларобчыя майстэрнi. Асаблiва шырокае распаўсюджанне атрымалі такія вырабы, як шкляныя пацеркi i бранзалеты. Вытворчасць шкляных бранзалетаў была наладжана ў Кiеве, Ноўгарадзе, Смаленску, Полацку i iнш. гарадах. Гэтыя ўпрыгожанні з’яўляліся атрыбутамі гараджанак.
Высокага ўзроўню дасягнула і мастацкая разьба па каменю. У старажытных пабудовах Кіева знойдзены шматлікія разныя каменныя пліты.
Вялікай папулярнасцю карысталіся рэльефы на плітах з оўручскага чырвонага шыферу. Саркафаг з такога матэрыялу быў знойдзены і ў Тураве. Падчас раскопак раннесярэднявечных помнікаў археолагі нярэдка знаходзяць і прадметы дробнай пластыкі, як правіла, звязаныя з хрысціянскім культам, перадусім каменныя абразкі, якія насілі на грудзях.
Дата: 2019-02-02, просмотров: 470.