Жалезны век стэпу і лесастэпу
Поможем в ✍️ написании учебной работы
Поможем с курсовой, контрольной, дипломной, рефератом, отчетом по практике, научно-исследовательской и любой другой работой

У перыяд жалезнага веку рэгіён стэпаў і лесастэпаў быў заселены новымі, не вядомымі раней народамі. Адной з першых такіх супольнасцяў была кiмерыйская. Кімерыйцы жылi на поўднi ўсходняй Еўропы, у паўночна-прычэрнаморскiм стэпу ў IX – пачатку VII ст. да н.э. Гэта быў ваяўнiчы народ, вядомы грэкам з часоў Гамера. Кімерыйцы ажыццяўлялі ваенныя паходы на тэрыторыях ад Закаўказзя да заходніх раёнаў Малой Азіі. Даследчыкі мяркуюць, што кімерыйскае насельніцтва размаўляла на іранскіх мовах. 

У VII ст. да н.э. кімерыйцы былі заваяваны скiфамі. Першы ўспамiн аб iх адносiцца да VII ст. да н.э. З Паўночнага Прычэрнамор’я скiфы пранiклi ў Малую Азiю, потым прайшлi праз Месапатамiю, Сiрыю, Палясцiну i дасягнулi Егiпта. Пасля гэтых падзей асноўная частка скiфаў вярнулася ў Паўночнае Прычэрнамор’е. I з гэтага моманта пачынаецца станаўленне скiфскай культуры.

Паходжанне скіфаў дакладна не высветлена. Паводле распаўсюджанага меркавання, скіфская культура склалася на аснове зрубнай культуры. Скіфы былі іранамоўнымі. 

Скiфiя распаўсюджвалася ад Нiжняга Дунаю i Карпат да Дону. На поўднi яна даходзiла да Чорнага i Азоўскага марэй, а на поўначы – да лясной паласы. Гэтую тэрыторыю насялялi этнiчна неаднародныя плямены i народы, якiя адрознiвалiся гаспадаркай i складам жыцця. На тэрыторыі стэпаў, ад нізоўя Дуная да берагоў Дона, уПаўночным Прыазоў’і жылi скiфы-царскiя, якiя лiчылi ўсе астатнiя плямены сваiмi рабамi. Памiж Днястром i Дняпром жылi скiфы-араты. 

Скіфы былі качавым народам, аснову іх гаспадаркі складала качавая жывелагадоўля. Гадавалi скiфы коней, буйную i дробную рагатую жывелу. Да канца V ст. да н.э. скiфы-качэўнiкi не мелi нi гарадоў, нi ўмацаваных паселiшчаў, свае дамы яны перавозілі на чатырохкалёсных кібітках. У канцы V ст. да н.э. на сярэднiм Дняпры пачалі з’яўляцца ўмацаваныя паселiшчы. Найбольш вядомае – Каменскае гарадзiшча каля г. Нiкапаля, плошча якога складала 1200 га. Пасяленне мела акропаль, дзе ў каменных дамах пражывала скіфская знаць. Звычайныя жыхары жылі ў наземных дамах і паўзямлянках. Мяркуюць, што тут знаходзiлася сталiца скiфаў. Каменскае гарадзішча было буйным цэнтрам скіфскай металургіі. Таксама высокага развіцця дасягнулі касцярэзная, ганчарная і шавецкая вытворчасці.

Росквіт культуры скіфаў прыпадае на ІV ст. да н.э. Культура даследавана пераважна па пахавальных помніках, найбольш вядомымі з якіх з’яўляюцца курганы, так званыя “царскiя”. Пад курганнымі насыпамі знаходзіліся катакомбы і магільныя ямы, куды клалі нябожчыка. Побач з памерлым змяшчалі задушаных наложнiцу, вiначэрпiя, повара, конюха, іншых слуг, разнастайную жывелу, а таксама быгаты пахавальны інвентар – зброю, посуд, часта залаты, упрыгожанні. Прылады працы сустракаюцца вельмі рэдка. У некаторых пахаваннях рэчы складвалі ў спецыяльныя прыбудовы да магільнай ямы. Найбольшую вядомасць набылі раскапаныя курганы Мельгуноўскі (каля г. Кіраваград), Чартамлыкскі (каля г. Нікапаль), Тоўстая магіла (каля г. Арджанікідзэ).

Важнай рысай скiфскай матэрыяльнай культуры з’яўлялася зброя. Знатныя воiны былi ўзброеныя кароткiмi калючымi мячамi – акiнакамi, аднак самай важнай зброяй скiфа быў лук i стрэлы. Наканечнiкi стрэл – бронзавыя, утулкавыя, трохгранныя цi трохлапастныя. 

Глiняны посуд разнастайны. Рабiлi яго ўручную i ўпрыгожвалi арнаментам з зашчыпаў, насечак, нарэзных лiнiй. Пераважаюць добра прафiляваныя гаршкi з плоскiм дном.

Адной з яскравых рысаў скiфскай культуры з’яўляецца мастацкі стыль, які называецца“звярыным”. “Звярыны” стыль разам са зброяй i конскай збруяй складае скiфскую трыяду. “Звярыны” стыль прадстаўляе выявы розных жывел у стылiзаванай манеры. Галоўнай тэмай мастацтва была выява бягучага аленя. У яго звыкла ногi падагнутыя, морда выцягнутая ўперад, а галiнiстыя рогi закiнутыя за спiну. Іншыя драпежнiкi паказаныя ў момант раздзірання здабычы цi скурчанымi ў кола. Iх кiпцюры, хвасты i лапаткi часта афармлялiся ў выглядзе галоў драпежнай птушкi. “Звярыны” стыль атрымаў распаўсюджанне на тэрыторыі, большай за тэрыторыю рассялення скіфаў, – ад Кубані да Сібіры, і ў розных рэгіёнах меў свае асаблівасці. 

У III ст. да н.э. на тэрыторыю скiфаў уварвалiся сарматы, якiя жылi ў прыволжскiм стэпу. У II ст. да н.э. яны канчаткова выцеснiлi скiфаў, і скіфскае насельніцтва захавала толькі невялікія плошчы ў Паўночным Прычарнамор’і. Адным з найбольш вядомым помнікам гэтага часу з’яўляецца паселішча Неапаль-на-Салгіры (каля г. Сімферопаль). Гэта гарадзішча, якое стала новай сталіцай скіфаў. Неапаль-на-Салгіры меў вялікія вароты з двума вартаўнічымі вежамі і каменныя сцены. За сценамі знойдзена пахаванне ў склепе. Сцены склепа былі размаляваныя, а ў пахавальнай камеры знаходзілася звыш 70 касцякоў. Даследчыкі мяркуюць, што гэты было пахаванне “цара”. 

На працягу ІІІ – ІІ ст. да н.э. прышлыя сармацкія плямены падпарадкоўвалі мясцовае скіфскае насельнiцтва. У выніку яны занялi вялiзную тэрыторыю, якая распаўсюджвалася ад Табола на ўсходзе да Дуная на захадзе.

Найбольш вядомыя сармацкія помнікі – пахаванні. У сарматаў былi распаўсюджаны курганы, якія часта ўтваралі вялікія могільнікі з сотняй і большай колькасцю насыпаў. У пахавальную камеру побач з памерлым змяшчалі мячы, наканечнiкi стрэл, пацеркi, бронзавыя люстэркi, посуд, часткi туш коней i авечак. У некаторых пахаваннях знаходзяць вырабы з золата i серабра: бранзалеты, флаконы для духмяных рэчываў, дыядэмы і інш. 

Адной з характэрных рысаў сармацкай культуры з’яўляецца зброя. У адрозненне ад скіфаў, выкарыстоўваўся доўгi сякучы меч, жалезныя чаранковыя наканечнiкi стрэл. 

Посуд сарматаў быў ляпны, прадстаўлены рознымi формамi. Знойдзены разнастайныя гаршкi, збаны, мiскi, кружкi. Шырока распаўсюджаны бронзавы посуд, у прыватнасцi, катлы. Вядомыя таксама знаходкi антычнай ганчарнай керамiкi. 

Яскравай прыкметай мастацтва сарматаў з’яўляецца iнкрустацыя, калі розныя рэчы ўпрыгожвалі каляровымi камянямi.

Сарматы – саюз пляменаў, якія неаднаразова ўзгадваюцца ў антычных крынiцах (аланы, раксаланы i iнш.). Паходжанне сарматаў дакладна не вядомае, не выключаецца, што яно было ў пэўнай ступені звязана са зрубнай культурай. Росквіт сармацкай культуры адзначаўся ў ІІІ ст. да н.э. – ІІ ст. н.э., а яе канчатковы заняпад наступіў у IV ст. н.э., калi сарматы былi разгромлены гунамi. Пэўная колькасць сарматаў-аланаў былі цалкам вынішчана, але некаторыя плямёны аб’ядналіся з гунамі і рушылі далёка на захад. Асобныя рысы сармацкай культуры захаваліся ў культурах еўразійскіх качэўнікаў да VІІІ ст. н.э.

 

4. Жалезны век лясной паласы Усходняй Еўропы У лясной паласе Усходняй Еўропы ў эпоху ранняга жалезнага веку склаліся новыя своеасаблівыя археалагічныя культуры, якія даследчыкі звязваюць з разнастайнымі групамі насельніцтва. 

Тэрыторыя Эстонiі i ўсходнiх абласцей Цэнтральнай Расii была заселеная насельніцтвам, якое вырабляла сеткавую керамiку. Такую назву посуд атрымаў ад таго, што на яго паверхнi захаваліся адбiткi грубай тканiны тыпу рагожы. Распаўсюджанне такой керамікі звыкла звязваецца з фінаўгорскім насельніцтвам. 

Сярод культур, у якiх была распаўсюджана сеткавая керамiка, найбольш буйной была дзякаўская культура. Сваю назву яна атрымала ад Дзякава гарадзiшча ў Расіі. Культура існавала ў VIII ст. да н.э. – IV ст. н.э. Арэал культуры ахоплiваў Волга–Окскае мiжрэчча, Верхняе Паволжжа i Валдайскае ўзвышша.

Асноўны тып паселiшчаў – гарадзiшчы, якiя размяшчалiся на павышаных участках рачнога ўзбярэжжа. Аснову iх умацаванняў складалi частаколы цi доўгiя шматкамерныя пабудовы, якi размяшчалiся па перыметру пляцоўкi. Асноўны тып жытлаў – наземныя шматкамерныя пабудовы, якiя размяшчалiся па перыметру пляцоўкi. Пахаванні не вядомыя. 

Кераміка. Выкарыстоўваліся слоiкавыя, усечана-канiчныя i моцнапрафiляваныя гаршкi, мiскi, патэльні, каганцы. 

Прылады працы. Значная іх частка выраблялася з косткі. Гэта наканечнiкi стрэл, шматзубыя гарпуны, праколкi, шпiлькi, рукаяткi нажэй i г.д. Жалезныя прылады працы з’яўляюцца толькi к канцу I тыс. да н.э., а пачынаюць пераважаць у пачатку I тыс. н.э. Сярод жалезных прадметаў вядомы нажы з гарбатай спiнкай, кельты, сярпы, iголкi, шылы, рыбалоўныя кручкi, наканечнiкi стрэл i г.д. 

Вядомы ўпрыгожваннi i дэталi вопраткi: шпiлькi, фiбулы, спражкi, падвескi, шкляныя i паставыя пацеркi. 

Характэрнай рысай культуры з’яўляюцца глiняныя грузiкi дзякава тыпу. Яны мелi, як правiла, грыбападобную форму з насечкамi па краю. Іх назначэнне дакладна не вядома. Некаторыя даследчыкi звязваюць iх з ткацтвам, iншыя – з культам. 

Гаспадарка. Важнае значэнне мелі жывелагадоўля, земляробства, паляванне i рыбная лоўля. Сеялi жыта, пшанiцу, канаплю. Насельніцтва займалася каляровай і чорнай металургіяй і металаапрацоўкай.

Паходжанне дзякаўскай культуры не высвятлена. Хутчэй за ўсе, культура склалася на мясцовай аснове. Не высветлены і лёс культуры. Некаторыя даследчыкi дапускаюць, што дажыла яна да X ст. – да прыходу летапiсных славян.

На тэрыторыі Беларусі жалезны век пачаўся ў канцы VII–VI ст. да н.э. і працягваўся да V ст. н.э. Тэрыторыя Беларусі ў эпоху жалезнага веку была заселена плямёнамі, якія даследчыкі адносяць да шэрага археалагічных культур. Міжрэчча сярэдняга цячэння Дзвіны і вярхоўяў Дняпра было заселена носьбітамі днепра-дзвінскай культуры. У Цэнтральнай і Паўночнай Беларусі, а таксама на тэрыторыі Паўднёва-Усходняй Літвы адзначаецца існаванне культур штрыхаванай керамікі (назва паходзіць ад характэрнага спосабу апрацоўкі знешняй паверхні посуду). На поўдзень ад гэтых культур – на тэрыторыі Беларускага Палесся і лесастэпавай зоне Падняпроўя – пражывалі плямёны мілаградскай культуры, якіх з цяга часу змянілі носьбіты зарубінецкай культуры. Праблемы этнічнай прыналежнасці згаданых груп насельніцтва выклікаюць пэўныя дыскусіі. Найменш спрэчным з’яўляецца пытанне этнічнай прыналежнасці носьбітаў культур штрыхаванай керамікі і днепра-дзвінскай. Традыцыйна іх адносяць да культур балцкага насельніцтва. У ІІ ст н.э. у Заходнім Палессі з’явіліся параўнальна нешматлікія групы германскіх плямёнаў – готаў, што адзначаецца па наяўнасці помнікаў вельбарскай культуры. З’яўленне гэтых груп на тэрыторыі Беларусі тлумачыцца перамяшчэннем готскіх плямёнаў з нізоўяў Віслы ў Пабужжа, Падняпроўе і Падунаўе. 

 

ТЭМА 4. СЛАВЯНЕ І ІХ СУСЕДЗІ Ў ДРУГОЙ ПАЛОВЕ І ТЫС. Н.Э.

 


План

 

1. Праблема паходжання славян. Першыя славянскія культуры

2. Усходнеславянскiя саюзы пляменаў і іх суседзі

 

Ілюстрацыі па тэме прыведзены ў Прэзентацыі 5.

 

Дата: 2019-02-02, просмотров: 357.