Працэдура археалагічнага даследавання
Поможем в ✍️ написании учебной работы
Поможем с курсовой, контрольной, дипломной, рефератом, отчетом по практике, научно-исследовательской и любой другой работой

Археалагічныя даследаванні ўключаюць 3 этапы:

1) палявыя даследаванні;

2) апрацоўка матэрыялаў і папярэдні аналіз даных; 3) інтэрпрэтацыя даных, гістарычныя рэканструкцыі.

 

 

3.1. Этап збору матэрыялаў часта атаясамліваецца з палявымі працамі, калі праводзяцца археалагічныя разведкі і раскопкі. Для правядзення разведак і раскопак неабходна атрымаць Дазвол – афіцыйны дакумент, якi выдаецца Інстытутам гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. Усе самавольныя археалагічныя працы, у т.л. пошук артэфактаў з дапамогай металашукальнікаў, без Дазвола забаронены.

 

Археалагічная разведка – работы, накіраваныя на пошук і выяўленне новых археалагічных помнікаў, а таксама – на асэнсаванне на сучасным навуковым узроўні помнікаў, ужо вядомых па архіўным ці літаратурным даным. 

Археолаг, пешкам абыходзячы пэўныя тэрыторыі, якія вызначыў папярэдне, збірае т.зв. “пад’ёмны матэрыял” – фрагменты керамікі, крамянёвыя артэфакты, каменныя ці жалезныя вырабы і інш. рэчы, якія знаходзяцца на паверхні зямлі, а таксама фіксуе рэшткі археалагічных аб'ектаў. Усе абследаваныя пункты даследчык адзначае на карце, усе помнікі фатаграфуе, апісвае ў сваім палявым дзённіку. 

Для вызначэння стратыграфіі, плошчы помніка і яго папярэдняга датавання звычайна выкарыстоўваюцца зандажныя працы. На помніку закладаецца шурф – невялікі раскоп плошчай ад 1 м² да 24 м². 

Акрамя таго, у археалогіі шырока выкарыстоўваюцца т.зв метады дыстанцыйнага зандавання, а таксама геафізічныя метады разведкі.

Да найбольш распаўсюджаных метадаў дыстанцыйнага зандавання адносіцца аэрафотаздымка. Аэрафотаздымка – візуальнае абследаванне мясцовасці з паветра пры дапамозе фота- ці відэакамеры. Падчас аэрафотаразведкі праводзіцца аэрафотаздымка ландшафта. На атрыманых здымках спецыяліст можа ўбачыць сляды дзейнасці старажытнага чалавека, якія не магчыма заўважыць падчас звычайнай археалагічнай разведкі. 

Геафізічныя метады разведкі дазваляюць выяўляць аб’екты, якія знаходзяцца ў пласце глебы альбо глыбей яго. У выніку выкарыстання такіх метадаў спецыялісты знаходзяць рэшткі абарончых муроў, падмуркі будынкаў, рэшткі вогнішчаў, засыпаныя ямы і інш. аб’екты. Найбольш распаўсюджанымі метадамі, якія выкарыстоўваюцца ў археалагічнай практыцы, з’яўляюцца магнітаразведка і электраразведка. 

У выніку правядзення археалагічных разведак – візуальных абследаванняў, пад’ёмных збораў матэрыялу, шурфоўкі – археолаг атрымоўвае папярэднюю інфармацыю аб часе існавання, культурнай прыналежнасці, функцыянальных асаблівасцях помніка. На падставе аналізу гэтых даных археолаг прымае рашэнне аб мэтазгоднасці правядзення археалагічных раскопак на канкрэтным помніку.

 

Археалагічныя раскопкі – асноўная і найбольш важная форма даследавання археалагічнага помніка. Мэтай раскопак з’яўляецца ўсебаковае вывучэнне помніка, вызначэнне яго функцыянальнай і культурнай прыналежнасці, стратыграфіі і храналогіі.

Раскопкі – найбольш адказная частка палявой працы, паколькi ў працэсе даследавання вывучемая частка помніка знiшчаецца назаўсёды. Для правядзення раскопак выбіраюцца помнікі, якія могуць даць значныя навуковыя вынікі, альбо помнікі, якім паграджае знішчэнне. 

Пры археалагiчных раскопках важна не толькi выявiць нейкую старажытную рэч, цi нават збудаванне, але i высветлiць характар культурных напластаванняў, паслядоўнасць залягання асобных праслоек, сувязь раскапаных аб’ектаў з вызначанымi праслойкамi i г.д. Таму раскопкі паселішчаў і грунтовых могільнікаў вядуцца дастаткова вялікімі плошчамі, а раскопкі курганоў праводзяцца толькі са здыманнем усяго насыпа і вывучэннем усей прасторы пад насыпам, а таксама прылеглай плошчы, на якой могуць знаходзіцца ровікі, прысыпкі, сляды трызны і г.д.

Раскопкі звычайна праводзяцца паслойна і паквадратна. Археолаг, паслядоўна здымаючы пласты, фіксуе рэшткі аб'ектаў, а таксама вызначае размяшчэнне знаходак на плошчы раскопа. 

Раскопкi праводзяцца ўручную лапатамi, шпатэлямi альбо нажамi.

Часам культурны пласт дадаткова прасейваецца ці прамываецца.  

Пад час раскопак археолаг вядзе палявы дзённiк, у якiм апiсвае склад культурнага пласту, яго змяненне ў асобных месцах раскопа, дае характарыстыку ўсіх аб’ектаў i знаходак. Пасля выбаркі культурнага пласта да мацярыка (узровень, ніжэй якога знаходкі адсутнічаюць) даследчык фіксуе вертыкальныя сценкi раскопа (так званыя профiлi) i складае план мацярыковай паверхнi, на якiм адзначае ямы i iншыя аб’екты. Усе яны таксама дэталёва вывучаюцца.

Пасля завяршэння раскопак раскоп абавязкова засыпаецца. Калі вялося даследаванне кургана, то курганны насып аднаўляецца ў першапачатковым выглядзе.

На падставе палявой дакументацыі і вынікаў першапачатковай апрацоўкі знаходак археолаг складае Справаздачу аб палявых даследаваннях. У гэтай справаздачы адлюстроўваюцца этапы раскопак, апісваюцца вывучаныя аб’екты, выяўленыя матэрыялы, а таксама робяцца высновы аб асаблівасцях помніка, мэтазгоднасці правядзення далейшых даследаванняў і г.д. Завершаная навуковая справаздача перадаецца на захаванне ў архіў Інстытута гісторыі НАН Беларусі і з’яўляецца важнай гістарычнай крыніцай. 

 

3.2. Апрацоўка матэрыялаў і папярэдні аналіз даных.

Сабраныя ў экспедыцыi матэрыялы апрацоўваюцца i вывучаюцца. Знаходкі ачышчаюць, шыфруюць (падпісваюць, указваючы звесткі аб помніку, годзе даследавання, месцы выяўлення артэфакта). Часта праводзяць кансервацыю i рэстаўрацыю знойдзенных рэчаў. Кансервацыяй называецца такая апрацоўка рэчаў, якая захоўвае iх ад дэфармацыi i разбурэння. Рэстаўрацыя – гэта аднаўленне першапачатковага выгляду пашкоджанай рэчы. 

Асноўнай працай, якую выконвае археолаг на камеральным этапе, з’яўляецца аналiз і вывучэнне рэчаў. 

Перш за ўсе, праводзіцца групіроўка, сістэматызацыя і класіфікацыя артэфактаў (паводле іх формы, прызначэння, матэрыялу, з якога яны выраблены і інш. крытэрыяў). У археалогіі найбольш распаўсюджанымі з’яўляюцца марфалагічныя класіфікацыі – г.зн., класіфікацыі, у падставу якіх пакладзены асаблівасці формы рэчаў. Устаноўлена, што знешняя форма вырабаў часта абумоўлена культурнай, храналагічнай, тэрытарыяльнай, функцыянальнай і інш. прыналежнасцю.

Важнай задачай, якая стаіць перад археолагам, з’яўляецца дакладнае вызначэнне сыравіны, з якой былі выраблены знойдзеныя артэфакты. Гэтыя даследаванні звычайна праводзяцца археолагамі ў супрацоўніцтве з прадстаўнікамі прыродазнаўчых навук: геалогіі і мінералогіі, хіміі, батанікі, заалогіі і г.д.

Істотнае месца ў археалагічнай працы належыць і тэхналагічнаму аналізу, калі даследчык вызначае спосаб вырабу той ці іншай знаходкі. Для вырашэння гэтай задачы выкарыстоўваюцца розныя метады: метады, запазычаныя ў тэхнічных навук, якія вывучаюць сучасныя тэхналагічныя працэсы (напр., кераміказнаўства, металаграфія і інш.), этнаграфічныя аналогіі (даныя аб спосабах вырабу рэчаў у народаў, блізкіх па свай культуры да першабытных), эксперыментальная археалогія (кірунак сучаснай навукі, калі даследчыкі ўласнаручна вырабляюць артэфакты, аналагічныя старажытным). 

Для вызначэння функцыі рэчаў выкарыстоўваецца трасалагічны метад. Ён часта спалучаецца з эксперыментальнай археалогіяй, калі даследчыкі ўласнаручна вырабляюць прылады працы, тоесныя старажытным, і выковаюць імі самыя розныя віды працы. Падставай трасалогіі з’яўляюцца наступныя назіранні даследчыкаў. У выніку выкарыстання прылады на яе працоўных частках узнікаюць мікрасляды зношанасці – розныя драпіны, запаліраванасці і г.д. Розныя віды матэрыялаў (рог, костка, скуры і г.д.) пакідаюць на прыладзе розныя віды слядоў спрацаванасці. Археолаг, вывучаючы з дапамогай мікраскопа археалагічныя артэфакты і выяўляючы на прыладзе пэўныя сляды зношанасці, можа высвестліць функцыі знаходкі, матэрыял, для апрацоўкі якога яны выкарыстоўвалася, спосаб захопу прылады рукой і г.д. 

Важнае месца ў вывучэнні рэчаў належыць іх датаванню. У археалогіі выкарыстоўваецца дзве сістэмы датавання: адноснае і абсалютнае датаванне. 

Адносная храналогія – гэта вызначэнне паслядоўнасці з’яў, падзей і інш.: “што адбывалася раней?”, “што адбывалася пазней?”, “што адбывалася адначасова?”. Адносная храналогія дае адказ на пытанні “перад чым?” і “пасля чаго?”. 

На практыцы выкарыстоўваецца шмат метадаў адноснага датавання, пры гэтым асноўнымі метадамі з’яўляюцца тыпалагічны і стратыграфічны.

На сённяшні дзень у археалогіі распрацаваныя шматлікія тыпалогіі розных катэгорый артэфактаў (для канкрэтных рэгіёнаў, перыядаў і г.д.), якія ў пэўнай ступені адлюстроўваюць паслядоўнасць бытавання рэчаў. Новазнойдзены выраб параўноўваецца з ужо вядомымі артэфактамі, і такім чынам вызначаецца яго адносная храналогія. 

Стратыграфічны метад дазваляе правесці адноснае датаванне знаходак па пластах, у якіх яны былі выяўлены (пласт, які размяшчаецца ніжэй, больш старажытны ў параўнанні з верхнімі напластаваннямі). 

Абсалютная храналогія – гэта вызначэнне ўзроста помніка ў каляндарных датах (тысячагоддзе, стагоддзе, год, дзень). Абсалютная храналогія дае адказ на пытанне “калі?”. Дакладнасць адказу можа быць розная (нават ± некалькі тысячагоддзяў). 

Для абсалютнага датавання выкарыстоўваюцца розныя метады. Адзiн з самых распаўсюджаных – радыевугляродны метад (метад датавання па радыеактыўнаму вуглроду С14). Гэты метад выкарыстоўваецца для датавання арганічных матэрыялаў (костка, вугаль, нагар на посудзе). Сутнасць метаду заключаецца ў наступным. У атмасферы пад уздзеяннем касмічных променяў утвараецца радыеактыўны iзатоп вуглярода з атамнай вагай 14. Кожны арганізм (расліна, жывёліна, чалавек) пад час свайго жыцця пастаянна засвойвае гэты ізатоп. Пасля смерці арганізму ўглярод перастае паступаць, а той, што назбiраўся, пачынае распадацца. Колькасць яго праз 5800 гадоў скарацiцца ў два разы, праз 11600 гадоў – у чатыры разы i г.д. Калі ведаць колькасць С14 у вывучаемым узоры, то можна вызначыць дату смерці арганізма і, адпаведна, прадатаваць археалагічныя матэрыялы. 

Актыўна выкарыстоўваецца і дэндрахраналагічны метад. У аснове метаду ляжыць закон прыроды, адпаведна якому кожны год таўшчыня ствала дрэва павялiчваецца на адно гадавое кальцо, якое добра прагледжваецца на папярэчным зрэзе ствала. Калi год быў цеплым, сонечным i дастаткова вiльготным, гадавое кальцо атрымоўваецца шырокім, калі год быў халодным i засушлiвым – кальцо вузейшае. У дрэў аднаго гатунку, якiя растуць у аднiм рэгiене, гадавыя кольцы падобныя. Аднак, натуральна, адны дрэвы старэйшыя, iншыя – маладзейшыя. Пры сумяшчэнні спектраў гадавых калец некалькіх такіх дрэў можна выявіць участкі, на якіх кольцы супадаюць. Менавіта такім чынам атрымоўваюць дэндрашкалу пэўнай даўжынi. У тым выпадку, калi такая дэндрашкала хаця б у адной кропцы прывязаная да каляндарнай даты (напр., датаваная радыевуглродным метадам), узнікае абсалютная шкала, якая дазваляе дакладна датаваць археалагічныя аб’екты і помнікі. 

 

Дата: 2019-02-02, просмотров: 372.