Для еўрапейскай археалогіі адной з ключавых культур неаліту – пачатку бронзавага веку з’яўляецца культура шнуравой керамікі. Яе назва ўзнiкла ад звычая арнаментаваць посуд адбiткамі шнура.
Культура вывучаецца цягам каля 150 год. За гэты час была выпрацавана вялікая колькасць канцэпцый культуры шнурвой керамікі. На сучасным этапе даследаванняў навукоўцы адзначаюць істотную разнастайнасць комплексаў са “шнуравымі рысамі”, таму разглядаюць культуру ў 2 аспектах. У вузкім сэнсе культура шнуравой керамікі – гэта толькі класічныя групы Сярэдняй і Заходняй Еўропы, Скандынавіі і часткова Усходняй Прыбалтыкі. У шырокім сэнсе гаворка вядзецца пра кола культуры шнуравой керамікі – культуры і культурныя комплексы, якія існавалі на вялікіх абшарах Еўропы ад Рэйна на захадзе да Верхняга Паволжа на ўсходзе і ад Скандынавіі на поўначы да Сярэдняга Падняпроўя на поўдні.
У развіцці культуры шнуравой керамікі (у вузкім сэнсе) вылучаюць тры этапы: “агульнаеўрапейскі гарызонт”, “сярэднееўрапейскі гарызонт”, “гарызонт лакальных груп”. Час існавання “класічнай” культуры – каля 3000 – 2000 гг. да н.э.
Носьбіты культуры займаліся пераважна вандроўнай жывёлагадоўляй. Не выключаецца, што частка насельніцтва вяла і аседлае жыццё, але пры гэтым будавала такія жытлы, ад якіх амаль не засталося слядоў, даступных археалагам. Сваіх памерлых “шнуравікі” хавалі ў курганных ці грунтавых магілах па абраду трупапалажэння, зрэдку трупапакладання. Нябожчыка змяшчалі ў пахаванне ў скурчаным стане, на баку. Побач з ім пакідалі пахавальны інвентар (посуд, каменныя і крамянёвыя прылады працы, зброю). Характэрнымі рысамі матэрыяльнай культуры насельніцтва з’яўляюцца: параўнальна высокія кубкі, упрыгожаныя адбіткамі шнура і лінейнага штампа, амфары з двума ці чатырма вушкамі (ручкамі), лодкападобныя каменныя свідраваныя сякеры, касцяныя шылы і долаты, касцяныя пацеркі і падвескі з зубоў жывёл.
Самыя раннія “шнуравыя” прыкметы зафіксаваныя на тэрыторыі пераважна Цэнтральнай Еўропы. Нешматлікія знаходкі “агульнаеўрапейкага гарызонту” адзначаюцца і на тэрыторыі Беларусі. “Агульнаеўрапейскі гарызонт", на думку некаторых навукоўцаў, мог утварыцца ў выніку вельмі хуткага распаўсюджання пэўных груп насельніцтва са старажытнымі "шнуравымі” рысамі.
Шматлікія культуры пазнейшых шнуравікоў (кола культуры шнуравой керамікі ў шырокім сэнсе) адзначаюцца на вялікіх прасторах Сярэдняй і Усходняй Ёуропы, у тым ліку і на Беларусі. У цэлым, яны існавалі ў перыяд ад першай паловы ІІІ тыс. да н.э. да прыкладна 1700 г. да н.э. Гэтыя культуры мелі шэраг агульных “шнуравых” рысаў (напр., падабенства ў формах і арнаментацыі посуду, тыпах каменных і крамянёвых вырабаў, пахавальнай абраднасці і г.д.), пры гэтым адрозніваліся шматлікімі лакальнымі асаблівасцямі. Да ліку найбольш вывучаных культур шнуравога кола адносяцца прыморская, злоцкая, сярэднедняпроўская, фацьянаўская і інш. Згодна з найбольш распаўсюджаным меркаваннем, фарміраванне гэтых культур адбывалася ў выніку вельмі складаных доўгачасовых працэсаў (акультурацыі, асіміляцыі, інфільтрацыі і інш.), у якіх прымалі ўдзел як нашчадкі "агульнаеўрапейскага гарызонту”, так і мясцовыя групы насельніцтва.
Археолагі неаднаразова звярталі ўвагу на праблему этнічнай прынадлежнасці носьбітаў “шнуравых” традыцый. У розныя часы гэта насельніцтва адносілі да індагерманскіх плямёнаў, праславян, старажытных балтаў. На сучасным этапе даследаванняў навукоўцы імкнуцца адыходзіць ад вывучэння этнічнай праблематыкі ў дачыненні да перыядаў каменнага – ранняга бронзавага вякоў. Большасцю спецыялістаў сцвярджаецца, што арэал культуры шнуравой керамікі адпавядаў тэрыторыі рассялення паўночнай групы індаеўрапейкіх плямёнаў, у склад якой уваходзілі продкі славян, балтаў, германцаў.
5. Тшцінецкае культурнае кола – агульнасць помнікаў, якая існавала ў эпоху бронзы на тэрыторыі Цэнтральна-Ўсходняй Еўропы. У склад гэтага культурнага кола ўваходзяць некалькі археалагічных культур, у арэал некаторых з іх уваходзіла і сучасная тэрыторыя Беларусі.
Назва паходзіць ад паселішча каля в. Тшцінец на тэрыторыі Польшчы.
Арэал культуры – Польшча, Україна, на Беларусі помнікі вядомы на Палессі, Падняпроўі, Панямонні.
Час існавання – каля 1900 гг. да н.э. – канец ІІ тыс. да н.э., на тэрыторыі Беларусі – каля 1700 гг. да н.э. – канец ІІ тыс. да н.э
Паселішчы размяшчаліся на ўскраінах тэрас і на ўзвышшах у поймах рэк. Вядомы доўгатэрміновыя паселішчы, а таксама часовыя стаянкі (выкарыстоўваліся на працягу сезону, кароткатэрміновага знаходжання і
г.д.). Жытлы мелі прамавугольную форму, яны былі наземнымі альбо заглыбленымі ў зямлю. Складаліся з аднаго ці двух памяшканняў, унтуры знаходзіліся гліняныя печы і адкрытыя агнішчы. Падлогі часта абмазываліся глінай. Побач жытлаў знаходзіліся гаспадарчыя ямы. На паселішчах выяўляюць рэшткі ям для смецця, загонаў для хатніх жывёл і інш.
Пахаванні. Вядомы і курганныя, і грунтовыя пахаванні. Памерлых хавалі па абраду трупаспалення і трупапалажэння. Зрэдку практыкавалася абпальванне і расчляненне цела нябожчыка. Як правіла, пахавальны інвентар быў параўнальна бедны – адзінкавыя пасудзіны, крамянёвыя наканечнікі стрэл, каменныя вырабы і г.д. Сустракаюцца і пахаванні з “багатым” інвентаром, які ўключаў таксама і металічныя вырабы, і ўпрыгожанні.
Кераміка. Найбольш характэрны від посуду – гаршкі з выпуклым тулавам i вузкім дном. Знойдзены таксама міскі, посуд накшталт друшлякоў. Арнаментацыя на кераміцы складалася з пракрэсленых ліній, насечак, рысачак, ружанцовых, зубчатых адбіткаў, наколаў, ямак, «вусеняў», лінейнага штампа, шнуравых арнаментаў, адбіткаў трубчатай сцяблінай, кропкавых наколаў, валікападобных патаўшчэнняў.
Прылады працы і зброя. Найбольш характэрныя – крамянёвыя чаранковыя наканечнікі стрэл з двухбаковай апрацоўкай і крамянёвыя сярпы, апрацаваныя з двух бакоў. Вядомы крамянёвыя нажы, шліфаваныя сякеры, наканечнікі дроцікаў. Даследчыкі мяркуюць, што некаторыя крамянёвыя прылады ці высакаякасная сыравіна для ix вырабу імпартаваліся на тэрыторыю Беларусі з Валыні. З каменя выраблялі зерняцёркі, сякеры, булавы і інш. Выкарыстоўваліся металічныя вырабы: зброя (бронзавыя сякеры, кінжалы, наканечнікі дроцікаў, стрэл), прылады працы (сярпы, далоты, шылы і інш.).
Упрыгожанні і дэталі вопраткі. Насельніцтва выкарыстоўвала шпількі, бранзалеты, накладкі, нашыйнікі, пярсцёнкі, дыядэмы, падвескі, бляшкі, завушнішы і г.д. Упрыгожанні выраблялі з бронзы, зрэдку сустракаюцца і залатыя вырабы. На тэрыторыі Беларусі такія знаходкі не адзначаюцца.
Гаспадарка. Асноўнымі заняткамі тшцінецкага насельніцтва былі земляробства (вырошчвалі пшаніцу, ячмень, авёс, проса) i жывёлагадоўля (паўвандроўная, адгонная). Было вядомае ткацтва, аб чым сведчаць знаходкі прасліц. Яны мелі своеааблівыя абрысы – са шматлікімі выступамі, у сувязі чым іх называюць “рагатымі”. Тшцінецкае насельніцтва было знаёмае з каляровай металургіяй, на што ўказваюць нешматлікія знаходкі ліцейных формаў, адыходаў вытворчасці. Значнае месца ў гаспадарцы належала абмену. Большасць бронзавых вырабаў, сыравіна імпатраваліся з карпататрансільванскіх і сумежных металургічных цэнтраў.
Праблема паходжання. Існуе шэраг меркаванняў, аднак канчаткова праблема не вырашана. На думку некаторых даследчыкаў, тшцінецкія культурныя асаблівасці першапачаткова склаліся на тэрыторыі ЦэнтральнаЎсходняй Еўропы на аснове позніх культур шнуравой керамікі і некаторых іншых. Паступова тшцінецкія традыцыі распаўсюджваліся ва ўсходнім накірунку і ўспрымаліся мясцовым насельніцтвам, якое мела неалітычны ўклад жыцця.
Гістарычныя лёсы. Дакладна не вызначаны. У сувязі з тым, што тшцінецкае культурнае кола займала значныя абшары, тшцінецкія культурныя традыцыі ў розных рэгіёнах сталі адным са складнікаў шматлікіх культур позняга бронзавага – ранняга жалезнага веку.
Дата: 2019-02-02, просмотров: 401.