Праблема паходжання славян. Першыя славянскія культуры
Поможем в ✍️ написании учебной работы
Поможем с курсовой, контрольной, дипломной, рефератом, отчетом по практике, научно-исследовательской и любой другой работой

Пытанні этнагенезу i ранняй этнiчнай гiсторыi славянаў традыцыйна з’яляюцца аднымі з цэнтральных праблем усходнееўрапейскай археалогii.

Славяне – гэта сучаснае вымаўленне саманазвы народа, а пазней – і групы народаў. Паходжанне гэтага слова, якое захавалася ва ўсіх славянскіх народаў, дакладна не вызначана. Папулярнай з’яўляецца думка, што сэнс гэтага этноніма звязаны са значэннем “слова”, “людзі, якія гавораць” – г.зн., гэтым словам калісьці акрэслівалася насельніцтва, якое размаўляла на адной, зразумелай кожнаму чалавеку, мове.

У пісьмовых крыніцах славяне ўзгадваюцца пачынаючы з VI ст. н.э. як “склавіны” – плямёны, роднасныя антам і спадкаемцы венедаў. Дагэтуль праблема часу і месца паходжання славян канчаткова не вырашаная. Пакаленні даследыкаў разглядалі гэтыя пытанні на падставе лінгвістычных, археалагічных, антрапалагічных, палеагенетычных і інш. даных. 

Упершыню на згаданыя пытанні паспрабаваў адказаць яшчэ аўтар “Аповесцi часовых гадоў” Нестар(XII ст). Ён лiчыў, што найбольш старажытнай тэрыторыяй славянаў былi землi па нiжняй плынi Дуная i ў Панонii, адкуль славяне пачалі рассяляцца ў паўночным, усходнiм i паўдневым напрамкам. 

На сённяшні дзень існуе некалькі гіпотэз адносна прарадзімы славян (дунайская, вісла-одэрская, дняпроўская, буга-днястроўская і інш.). Не вызначана, калі адбывалася складванне старажытных славянскіх культур. Некаторыя даследчыкі адносяць фарміраване славян да ранняга бронзавага веку, розныя аўтары датуюць згаданыя культурныя працэсы рознымі перыядамі жалезнага веку. Аднак дакладна вядома, што першай несумненнай славянскай культурай была пражская культура.

Арэал культуры ахопліваў тэрыторыю ад Эльбы да правабярэжжа Сярэдняга Падняпроўя і ад Пабужжа да адгор’яў Альп. На тэрыторыі Беларусі помнікі пражскай культуры адзначаюцца на ўчастку ад Брэста ла Мозыра. 

Час існавання культуры – ІV–VІІ ст. 

Паселішчы. Асноўны тып паселішчаў – неўмацаваныя паселішчы (селішчы). Яны размяшчаліся “гнёздамі” – па 2–4 у групе. Зрэдку сустракаюцца гарадзішчы, якія выкарыстоўваліся ў якасці сховішчаў.

Найбольш вядомым з’яўляецца Хотамельскае гарадзішча, умацаванае валамі. Паселішчы звычайна вельмі бедныя: сустракаецца кераміка, і толькі ў адзінкавых выпадках – прасліцы, наканечнікі стрэл. 

Асноўны тып жытла – паўзямлянкі зрубнай канструкцыі плошчай каля 8–16 м². Пабудовы ацяпляліся пячамі з гліны і камянёў. На селішчы Востраў Пінскага раёна была знойдзена печ, выкладзеная жалезным шлакам. Побач з жытламі размяшчаліся гаспадарчыя аб’екты: ямы-зернясховішчы, агароджы і інш. 

Пахавальныя помнікі прадстаўлены двума відамі: курганнымі і грунтовымі. Часцей сустракаюцца грунтовыя пахаванні па абраду крэмацыі. Рэшткі трупаспалення ссыпаліся ў урну альбо на дно пахавання. Інвентар вельмі бедны, прадстаўлены выключна керамікай. 

Кераміка. Вядомы ляпны посуд, прадстаўлены пераважна гаршкамі. Радзей сустракаліся патэльні, міскі, мініяцюрныя пасудзіны. Посуд неарнаментаваны. Параўнальна частай знаходкай на помніках пражскай культуры з’яўляюцца т.зв. “хлябцы” – круглыя, сплюшчаныя з двух бакоў вырабы са слабаабпаленай гліны. Археолагам, як правіла, яны трапляюцца ў развалах печаў. Не вядома, для чаго гэтыя “хлябцы” выкарыстоўваліся. Некаторыя даследчыкі лічаць іх культавымі прадметамі, а некаторыя – проста неабходным будаўнічым элементам пячной канструкцыі.

Прылады працы нешматлікія. Усе яны вырабленыя з жалеза. Выкарыстоўваліся нажы, сякеры, пілы, сярпы, шылы, рыдлёўкі. Зброя прадстаўлена нешматлікімі экзэмплярамі ўтулкавых і чаранковых наканечнікаў стрэл, наканечнікамі дроцікаў. Упрыгожанні і дэталі вопраткі былі мясцовай вытвочасці і імпартныя (візантыйскія). Яны прадстаўлены фібуламі, спражкамі, завушніцамі, пацеркамі. 

Гаспадарка. Аснову гаспадаркі складала земляробства і жывёлагадоўля. У паўднёвых раёнах земляробства было ворным, у паўночных – падсечным. Вырошчвалi пшанiцу, жыта, проса i iнш. зернавыя, бабовыя i тэхнiчныя культуры. Гадавалі буйную рагатую жывелу, свiнняў, коз, авечак i каней. Насельніцтва займалася чорнай і каляровай металургіяй, аб чым сведчаць знаходкі адпаведных прыладаў (разнастайныя ліцейныя формы, льячкі і г.д.). На заняткі ткацтвам указваюць знаходкі прасліц.

Праблема паходжання культуры дакладна не вырашана. Большасць вучоных звязваюць яе генэзiс з пшэворскай культурай – культура, якая ў папярэднюю эпоху існавала на тэрыторыі Вісла-Одэрскага рэгіёна.. Некаторыя польскiя археолагi спрабуюць знайсцi вытокi пражскай культуры на ўсходзе, у асяроддзi носьбiтаў кiеўскай культуры.

Гістарычныя лёсы. На аснове пражскай культуры склаліся многія славянскія культуры канца І тыс. н.э. 

Праблема этнічнай прыналежнасці. Пражская культура – першая даставерная культура славян (яна атаясамліваецца са склавенамі).

На заключным этапе свайго існавання пражская культура трасфармавалася ў Лука-Райкавецкую культуру, якая атрымала назву па ўрочышчу Лука ля в. Райкi ў Жытомiрскай вобл. Гэта культура існавала ў канцы VII – X ст. н.э. і займала прыкладна той жа арэал, што i яе папярэднiца. Новай культуры былi ўласцiвы ўсе асноўныя адзнакi, якiя сфармiравалiся ў пражскай культуры. 

Падабенства фiксуецца ў тыпах паселішчаў, домабудаўнiцтве. Былі шырока распаўсюджаны паўзямлянкi, сустракаліся наземныя пабудовы. Жытлы ацяпляліся глінабітна-каменнымі пячамі. 

Узводзіліся грунтовыя і курганыя могільнікі. Пахавальны абрад – крэмацыя. Кальцынаваныя косткi змяшчалi ў урну цi ссыпалi на дно ямы. Пахавальны iнвентар, за выключэннем абломкаў посуду, адсутнiчаў. 

Аснову глiнянага посуду складаў ляпны гаршок. Толькi ў самым канцы існавання культуры з’явіліся пасудзiны, якiя былi зроблены на ручным ганчарным коле. Яны мелi лiнейна-хвалiсты арнамент. 

Другой буйной археалагічнай культурай V–VII стст. была пянькоўская культура, носьбітаў якой звычайна атаясамліваюць з іншай буйной групоўкай славянскіх плямёнаў – антамі. Арэал культуры ахопліваў міжрэчча Дняпра i Днястра, нiжняе i Сярэдняе Падунаўе, частку Балгарыi i Венгрыi.

Паселішчы – неўмацаваныя (селiшчы), якiя лакалiзаваліся на берагах малых рэк. Яны размяшчалiся групамi па 6–10 у кожнай. Адзiным тыпам жытла ў пянькоўскай культуры была паўзямлянка. Сцены маглi быць як слупавай, так i зрубнай канструкцыi. Пабудовы ацяплялiся печамi-каменкамi. Пахавальныя помнiкi прадстаўлены грунтовымi магiльнiкамi з трупаспаленнем. Рэшткi крэмацыi змяшчалiся ў ямы цi ўрны. Пахавальны iнвентар адсутнiчаў.

Кераміка. На большасцi паселiшчаў быў знойдзены шматлікі ляпны посуд, пераважна гаршкі. Зрэдку сустракалася i ганчарная керамiка: гаршкi, збаны, мiскi.

Адной з характэрных асаблiвасцей пянькоўскай культуры з’яўляецца вялiкая колькасць скарбаў ювелiрных вырабаў. Найбольш выдатны скарб быў знойдзены каля в. Мартынаўка на р. Рось. У iм было каля сотнi сярэбраных вырабаў: завушнiцы, скроневыя кольцы, бранзалеты, пальчатая фiбула, шматлiкiя паясныя бляшкi, дзве сярэбраныя чашы з вiзантыйскiмi клеймамi, 9 фiгурак людзей i стылiзаваных жывел. 

 

2. Усходнеславянскiя саюзы пляменаў і іх суседзі

У другой палове I тыс. н.э. на тэрыторыі Усходняй Еўропе адбывалася фармiраванне саюзаў пляменаў цi нават протанароднасцей, што знайшло адлюстраванне ў летапісах. Прыкладную лакалiзацыю гэтых усходнеславянскiх груп адзначыў летапісец Нестар, аднак больш дакладныя межы iх рассялення былі вызначаны значна пазней, у выніку правядзення вялікай колькасці археалагiчных даследванняў. Яшчэ ў канцы ХІХ ст. вядомы рускi археолаг А.А. Спiцын паказаў, што для большасцi саюзаў пляменаў былi характэрны асаблівыя скроневыя ўпрыгожваннi. Гэта думка аб існаванні вызначальных прыкмет была падтрымана шматлікімі (хаця і не ўсімі) навукоўцамі. 

Аднiм з самых паўночных усходнеславянскiх пляменных аб’яднанняў былi славене наўгародскiя, этнавызначальнай адзнакай якiх з’яўляюцца ромбашчытковыя скроневыя кольцы. Асноўны арэал iх – Прыiльменне. Найбольш старажытным помнiкаў славенаў лічаць лсопкi, побач з якiмi звычайна знаходзіліся селiшчы. Гэтыя неўмацаваныя паселкi размяшчаліся па берагах рэк i азер, у местах, найбольш спрыяльных для заняткаў падсечным земляробствам, жывелагадоўлей. Жытлы прадстаўлялi сабой зрубныя пабудовы з печамi-каменкамi. У VIII–IX стст. у славен з’явіліся гарадзiшчы. Найбольш раннiм з iх была Старая Ладага, сярод жыхароў якой сустракаліся як славене, так i прыбалтыйскiя фiны. Iншым буйным гарадзiшчам славен было Рурыкава гарадзiшча ў Ноўгарадзе, якое знаходзiлася ў самым цэнтры вобласцi рассялення славен. Гэта было значнае гандлёва-рамеснае i ваенна-адмiнiстратыўнае паселiшча.

Паўдневымi суседзямi славен былi крывiчы. Гэта аб’яднанне ўсходнеславянскіх плямёнаў, якое жыло ў басейне Верхняга Дняпра, Заходняй Дзвіны, Волгі, на поўдні Чудскага возера. Крывічы неаднаразова ўзгадваліся ў пісьмовых крыніцах.

Дагэтуль дакладна не вызначана, ад чаго паходзіць назва: 1) ад слова “крэўныя”; 2) ад імя легендарнага родапачынальніка Крыва; 3) ад імя легендарнага балцкага язычніцкага першаспвятара Крыва-Крывэйтэ; 4) ад узгоркавай (“крывой”) мясцовасці.

Спецыфічнай рысай крывічоў з’яўляюцца бранзалетападобныя скроневыя кольцы з завязанымі канцамі. 

Агульнае племянное аб’яднанне крывічоў даследчыкі падзяляюць на 3 групы: полацкую, смаленскую і пскоўскую (паводле назвы галоўнага для кожнай групы горада).

На тэрыторыі рассялення полацкіх крывічоў археолагамі вывучаліся гарадзішчы і селішчы, курганныя могільнікі. 

Для полацкіх крывічоў характэрна культура доўгіх курганаў, у якой захаваліся шматлікія балцкія рысы. У V–ІХ ст. крывічы будавалі доўгія курганы (насып даўжынёй да 30 м, звычайна 10–20 м). Пахаванні здзяйсняліся па абраду крэмацыі. Кальцынаваныя косткі ссыпаліся ў ўрны альбо ў ямкі. У верхняй частцы насыпу змяшчалася перавернутая дагары пасудзіна. Як правіла, інвентар быў бедны (абломкі посуду) альбо ўвогуле адсутнічаў. Толькі адзінкавыя пахаванні змяшчалі шматлікія ўпрыгожанні.

У ІХ ст. у крывічоў з’явіліся круглыя альбо паўсферычныя ў плане курганы. Для курганных могільнікаў крывічоў характэрна скучанае размяшчэнне пахавальных насыпаў. Колькасць курганоў у могільніках розная (ад некалькіх дзесяткаў да 1–2 соцень). Курганныя насыпы часта былі акальцаваныя ровікамі рознай шырыні і глыбіні з некалькімі перамычкамі. Мяркуюць, што гэтыя ровікі мелі рытуальнае значэнне. Першапачаткова пахаванні праводзіліся па абраду крэмацыі. Трупаспаленне адбывалася на адлегласці ад могільніка. Рэшткі крэмацыі збіраліся і размяшчаліся ў насыпу, ямцы ці на мацерыку. Пахаванні былі бязурнавыя і ўрнавыя. Большасць курганных пахаванняў крывічоў гэтага часу бедныя на інвентар ці ўвогуле не маюць яго. У магілах трапляюцца толькі асобныя расплаўленыя рэчы (перадусім упрыгожанні), а таксама фрагменты ляпной і кругавой керамікі.

На мяжы Х–ХІ ст. з’явіліся першыя пахаванні па абраду трупапакладання. У пачатку XI ст. інгумацыя трывала распаўсюдзілася на крывіцкай зямлі. Першапачаткова насып узводзілі непасрэдна над целам памерлага (у найбольш ранніх курганах па абраду трупапакладання зафіксаваны і рытуал ачышчэння агнём пахавальнага месца). Пазней пахаванні адбываліся у ямах. Найбольш характэрны пахавальны абрад – трупапакладанне на спіне ў выцягнутым стане. 

У гэты час пахавальны інвентар быў багатым. У мужчынскіх пахаваннях знаходзяць зброю, дэталі паясных набораў, у жаночых – бранзалетападобныя скроневыя кольцы з завязанымі канцамі, разнастайныя бранзалеты, падвескі, пярсцёнкі, пацеркі і інш. У пахаванні часта змяшчалі посуд, драўляныя вёдры, язычніцкія амулеты з прасвідраваных іклаў. 

У VIII ст. у зямлi крывiчоў з’явіліся гарадзiшчы. Пляменным цэнтрам пскоўскiх крывiчоў быў Iзборск. Па перыметру пляцоўкi гарадзішча былі пабудаваны наземныя зрубныя жытлы. Цэнтральная частка пляцоўкi была прызначаная для пляменных сходаў, культавых i iнш. мерапрыемстваў. У ІХ ст. ўмацаваныя паселішчы існавалі і ў полацкіх крывічоў. На аснове гэтых паселішчаў узніклі такія гарады, як Полацк (862 г.), Віцебск, Лукомль.

Працэс фарміравання крывічоў адбываўся ў другой палове І – пачатку ІІ тыс. н.э. у выніку асіміляцыі славянамі мясцовых балцкіх плямён. Аднак пытанне аб паходжаннi крывiчоў канчаткова не вырашанае. Некаторыя даследчыкі мяркуюць, што крывічы маюць заходняе паходжанне і роднасныя славянам Вiсла-Одэрскага мiжрэчча.

Дрыгавічы. Гэта аб’яднанне ўсходнеславянскіх плямёнаў, якое ў IX – XIII ст. жыло на тэрыторыі паўднёвай, заходняй і цэнтральнай Беларусі – паміж Прыпяццю і Дзвіной. Дрыгавічы неаднаразова ўзгадваюцца ва ўсходнееўрапейскіх летапісах і нават у візантынскай крыніцы.

Назва “дрыгавічы”, верагодна, паходзіць ад слова “дрыгва” (балота – найбольш характэрная прыкмета мясцовасці). 

У якасці этнавызначальнай адзнакі дрыгавічоў разглядаюцца вялікія медныя альбо срэбраныя пацеркі, аздобленыя зерню (напаянымі на паверхню дробнымі па памерах срэбранымі шарыкамі), а таксама дротавыя скроневыя кольцы, на якіх замацаваны па тры невялікія металічныя пацеркі. 

На тэрыторыі рассялення дрыгавічоў захаваліся гарадзішчы, селішчы, курганныя могільнікі. Менавіта курганныя могільнікі з’яўляюцца найбольш даследаванай катэгорыяй помнікаў дрыгавічоў. Могільнікі складаюцца з 20 – 40, радзей каля 100 курганаў. Курганы маюць насыпы круглай формы, у іх падножжах прасочваюцца кругавыя ровікі. Пахаванні здзяйсняліся па абраду і крэмацыі, і інгумацыі (трупапакладання). Колькасна пераважаюць курганы з трупапакладаннем. 

Пры правядзенні абраду крэмацыі спаленне цела памерлага адбывалася як непасрэдна на месцы пабудовы насыпу, так і ў іншым месцы. Абыходзіліся з кальцынаванымі косткамі па-рознаму: іх змяшчалі ў урну, проста ссыпалі на мацерыковую паверхню альбо ў насып. 

Пры здзяйсненні трупапакладання нябожчыка хавалі ў труне ў звычайнай падкурганнай яме альбо ўзводзілі над памерлым спецыяльныя зрубныя пабудовы. Парэшткі памерлых маглі таксама размяшчаць непасрэдна пад насыпам ці нават у ім. 

Звычайна ў кургане хавалі аднаго нябожчыка, аднак вядомы і падвойныя пахаванні: мужчынскія, жаночыя і змешаныя. Памерлага размяшчалі на спіне, галавой на захад.

Пахавальны інвентар параўнальна бедны, часта ўвогуле адсутнічае. У пахаваннях знаходзяць гаршкі, спражкі, крэсівы, сякеры, нажы, драўляныя вёдры. У мужчынскіх пахаваннях выяўляюць баявыя і гаспадарчыя сякеры, наканечнікі коп'яў і стрэлаў, калачападобныя крэсівы. У жаночых пахаваннях знаходзяць сярпы, нажніцы, праселкі, а таксама шматлікія ўпрыгожанні. Найбольш распаўсюджаная катэгорыя – разнастайныя пацеркі (металічныя, каменныя, крыштальныя, бурштынавыя, шкляныя). Як адзначалася, буйназярнёныя бронзавыя ці срэбныя пацеркі, якія часта сустракаюцца ў жаночых пахаваннях, лічацца этнавызначальнай прыкметай дрыгавічоў. 

Згодна з распаўюсджаным меркаваннем, дрыгавiчы сфармiравалiся на мясцовай аснове – лакальнай групе помнiкаў культуры Лукi-Райкавецкай, пражскай культуры, якія былі адасобленыя вялiкiмi і цяжка праходнымi багнамi. Да IX ст. дрыгавiчы жылi на правабярэжжы Прыпяцi. У IX ст. пачалася дрыгавіцкая каланiзацыя левабярэжных прытокаў Прыпяцi. Рассяленне дрыгавiчоў iшло двумя шляхамi: 1) па рэках Брагiнка – Днепр – Бярэзiна; 2) па левых прытоках Прыпяцi: Ланi, Пцiчы, Случы. Паступова адбываліся працэсы асіміляцыі мясцовых балцкіх плямён прыхадняміславянамі.

Дрыгавічы належалі да ліку найбольш развітых усходнеславянскіх плямёнаў, якія мелі сваё “княжанне” яшчэ да ўключэння ў склад Кіеўскай Русі. Займаліся земляробствам, агародніцтвам, жывёлагадоўляй, паляваннем, рыбалоўствам, збіральніцтвам, прадзеенем і ткацтвам. Доказам выслкага ўзроўню эканамічнага і сацыяльага развіцця дрыгавічаў з’яўляецца ранняе ўзнікненне гарадоў (Тураў, Бярэсце, Пінск і г.д.). Племянным цэнтрам з’яўляўся г. Тураў (упершыню ўзгадваецца ў летапісу ў 980 г.)

Усходнімі суседзямі дрыгавічоў былі радзімічы. Гэта аб’яднанне ўсходнеславянскіх плямёнаў, якое жыло ў міжрэччы Дняпра і Дзясны па цячэнні Сажа і яго прытокаў. Папярэднікамі радзімічаў з’яўляліся носьбіты калочынскай і раменскай культур.

Паводле летапісу, назва паходзіць ад імя легендарнага ваяра Радзіма, які прывёў плямёны з заходніх (ляшскіх) зямель. Аднак меркаванне аб сувязі радзімічаў і палякаў сёння даследчыкамі не падтрымліваецца. Згодна з дамінуючымі ўяўленнямі, радзімічы прыйшлі ў Пасожжа з тэрыторыі Верхняга Паднястроўя. 

Характэрныя племянныя адзнакі радзімічаў – бронзавыя альбо срэбныя сяміпрамянёвыя і сямілапчастыя скроневыя кольцы. 

На тэрыторыі рассялення радзімічаў захаваліся гарадзішчы, селішчы, курганныя могільнікі. Найбольш шматлікія і даследаваныя археалагічныя помнікі – курганныя могільнікі. 

Могільнікі налічвалі ад некалькіх курганаў да 200 і болей насыпаў. Курганныя насыпы былі круглай альбо паўсферычнай формы. У VІІІ–Х ст. пахаванні здзяйсняліся па абраду трупаспалення, у канцы Х – ХІІ ст. – па абраду трупапакладання. Пахаванні па абраду трупаспалення нешматлікія. Крэмацыя адбывалася непасрэдна ў кургане на невялікай падсыпцы альбо ў яго аснаванні. Трупапакладанне здзяйснялася альбо ў насыпу кургана, альбо ў яго аснаванні (найбольш распаўсюджаныя), альбо ў падкурганнай яме. Характэрнай рысай радзіміцкіх курганоў з'яўляецца наяўнасць попельнавугальнай праслойкі ў форме “вогненнага кола”, у цэнтр якой і клалі нябожчыка. Пераважаюць пахаванні з заходняй арыенціроўкай, сустракаюцца таксама пахаванні з усходняй арыенціроўкай касцякоў. У курганах трапляюцца нешматлікія знаходкі касцей жывёл: быка, каровы, каня, птушак.  

Пахавальны інвентар радзіміцкіх пахаванняў быў вельмі багатым. У магілах знаходзяць шмат упрыгожанняў, прадметаў хатняга побыту. Для мужчынскіх пахаванняў характэрны дэталі паяснога набору, радзей зброя. У жаночых пахаваннях знаходзяць бранзалеты, скроневыя кольцы, спражкі, пацеркі і г.д. У пахавальны інвентары радзімічаў у большай ступені, чым у іншых груп усходніх славян, захаваліся балцкія элементы: шыйныя грыўны, зоркападобныя (прамянёвыя) спражкі, касцяныя прывескі ў выглядзе качак, зааморфныя бранзалеты.

Першыя летапісныя звесткі аб гарадах радзімічаў (Крычаў, Прапойск (суч. Слаўгарад), Гомель, Рагачоў і інш.) адносяца да ХІІ ст. Найбольш верагодым племянным цэнтрам радзімічаў з’яўляўся Гомель. Даследаванні Гомеля паказалі, што ён існаваў ужо ў Х–ХІ ст. і быў добра ўмацаваным цэнтрам.

Асновай гаспадаркі радзімічаў з’яўлялася сельская гаспадарка. Былі добра развітыя разнастайныя рамёствы. Радзімічы вялі ажыўлены гандаль з суседнімі і аддаленымі рэгіёнамі (тэрыторыямі Візантыі, сучаснай Германіі, Скандынавіі).

Усходнімі суседзямі радзiмiчаў i крывiчаў былі вяцiчы. Для гэтага племяннога саюза, якое займала басейн Акі, было характэрна выкарыстанне такіх упрыгожанняў, як сямiлапасныя скроневыя кольцы. 

Кiеўскае Падняпроў’е належала палянам – аднаму з буйнейшых усходнеславянскiх аб’яднанняў. У палянаў адстунiчалi спецыфiчныя ўпрыгожваннi, што ўскладняе вызначэнне дакладных межаў iх рассялення.

Некаторыя даследсыкі мяркуюць, што зямля палянаў уключала ў сябе тэрыторыю Сярэдняга Падняпроў’я. Фармiраванне палянаў адбывалася на мясцовай аснове – Лука-Райкавецкай культуры. Паляне першымi са славянскiх пляменаў сталi называцца “руссю”. Палянам належалі Кiеў, Вышгарад, Васiллеў i Белгарад.

 


Дата: 2019-02-02, просмотров: 524.