Стэпавая зона Еўразіі – гэта рэгіён, абмежаваны лясной паласой Усходняй Еўропы, Чорным морам і Каспійскім морам, Каўказскімі гарамі, гарыстымі раёнамі Сярэдняй і Цэнтральнай Азіі. Кліматычныя умовы, флора і фауна гэтых абшараў істотна адрозніваліся ад прыродных асаблівасцяў іншых рэгіёнаў Еўропы. Таму, калі ў VІІ–V тыс да н.э. на паўднёвых тэрыторыях паступава распаўсюджвалася вытворчая гаспадарка, стэпавае насельніцтва ўспрымала пераважна адну новую форму гаспадарання – жывёлагадоўлю. У залежнасці ад умоў практыкавалася і стацыянарная, і – у большай ступені – качавая жывёлагадоўля. Толькі нешматлікія супольнасці, якія жылі ў адпаведных экалагічных умовах (напр., на узбярэжак рэк), займаліся земляробствам.
Такая гаспадарчая спецыялізацыя ўплывала на фарміраванне своесаблівай матэрыяльнай культуры, ідэалогіі і светапогляду, сацыяльнай арганізацыі грамадства. Стэпавае насельніцтва вяло мабільны лад жыцця. Паселішчы былі нешматлікія, яны часта функцыянавалі цягам параўнальна кароткага часу. Цэнтрам, які аб’ядноўваў супольнасць, быў не дом, але пахаванне. Узводзіліся курганы з вялікімі насыпамі, часта з дадатковымі каменнымі, драўлянымі канструкцыямі.
Гаспадарка мела экстэнсіўны характар (для выпасу жывёл было неабходна павялічваць плошчу асвоеных тэрыторый), што садзейнічала павялічэнню колькасці канфліктаў сярод розных груп насельніцтва.
У новых умовах ўзмацнялася сацыяльная роля мужчын. Іх сацыяльны статус, гаспадарчая і ваенная дзейнасць знаходзілі сваё адлюстраванне ў пахавальных рытуалах. Звыклым складнікам пахавальнага інвентару з’яўлялася каменная, крамянёвая, металічная зброя. У магілы часам змяшчалі павозкі альбо іх часткі.
Стэпавыя супольнасці аказалі вялікі ўплыў на развіццё насельніцтва Усходняй i часткова Цэнтральнай Еўропы. Рассяляючыся на вялікіх абшарах, перамяшчаючыя на значныя адлегласці і сутыкаючыся з рознымі культурнымі, этнічнымі, сацыяльнымі і інш. групамі людзей, стэпавыя жыхары садзейнiчалi распаўсюджанню найбольш важных дасягненняў сваёй эпохі.
Даследчыкамі вылучаецца шэраг археалагічных культур, якія існавалі ў энеаліце – бронзавым веку ў стэпавай зоне.
Адной з найбольш значных культурных з’яў позняга энеаліту была ямная культурна-гiстарычная супольнасць, якая існавала ў сярэдзiне IV – сярэдзіне ІII тыс. да н.э. і займала тэрыторыю ад Паўдневага Прыўралля на ўсходзе да Балкан на захадзе.
Назва культуры паходзіць ад характэрнай рысы пахаванняў: пад вялiкiм земляным курганным насыпам знаходзілася простая яма (часам накрытая драўляным насцілам), у якой хавалi нябожчыка. Шкiлеты знаходзiлiся ў скурчаным на баку стане. Яны часта былі пасыпаныя вохрай. Пахавальны iнвентар даволi сцiплы. У магілу змяшчалі крамянёвыя стрэлы, нажы, скрабкi, касцяныя шылы, кручкi, гарпуны, булаўкi, пацеркi. Медныя вырабы нешматлікія, пераважна шылы, нажы, некаторыя віды зброі.
Кераміка мела кругладонную цi яйкападобную форму. Яна ўпрыгожвалася грабеньчатым цi шнуравым арнаментам.
Паселiшчы старажытнаямнай супольнасцi нешматлікія. На раннім этапе існавання культуры паселішчы былі неўмацаваныя, на познiм этапе з’явіліся буйныя, часта моцна ўмацаваныя паселiшчы. Жытлы – глiнабiтныя паўзямлянкi i наземныя дамы.
Гаспадарка старажытных плямен была жывелагадоўчай. У статку пераважалi конi i авечкi. На паселiшчах ямнай супольнасцi знойдзены матыкi, зерняцеркi, церачнiкi, крамяневыя сярпы, што сведчыць і аб занятках земляробствам.
На змену ямнай прыйшла катакомбная культурна-гiстарычная супольнасць, якая існавала цягам ІІІ – пачатку ІІ тыс. да н.э. Яе арэал ахопліваў тэрыторыю ад Дняпра да Сярэдняй Волгi.
Назву культуры далi сваеасаблiвыя пахаванні. Нябожчыкаў хавалi не ў звыклых ямах, але ў спецыяльных нішах-выступах (катакомбах), якiя былі зроблены ў сценках магільных ям. Дно катакомбы пакрывалi вохрай, вапнай, высцiлалi чаротам. Памерлага размяшчалі ў скурчаным стане, побач клалi посуд, упрыгожваннi, прылады працы, зброю. Уваход у катакомбу завальвалі камянямі.
Паселiшчы неўмацаваныя, размяшчаліся ў пойме рэк. Жытлы – наземныя пабудовы і паўзямлянкі, унутры якіх размяшчаліся агнішчы.
Прылады працы. Большасць iнвентару выраблялiся з крэменю i каменю. Вядомы наканечнікі стрэл i дроцiкаў, скрабкi, нажы, каменныя свiдраваннi сякеры. Шмат прадметаў выраблялі з бронзы: лiстападобныя нажы, сякеры, шылы, упрыгожваннi.
Кераміка. Асноўны тып посуду – гаршкi з плоскiм дном, арнаментаваныя нарэзкамі, грабеньчатым штампам, ямкамi, наколамi i інш., што ўтваралі разнастайныя кампазiцыi, найбольш распаўсюджанымі з якіх былі зігзагі, канцэнтрычныя колы i спiралi..
Гаспадарка. Аснову гаспадаркi складала жывелагадоўля і земляробства. Гадавалі дробную і буйную рагатую жывёлу, свіней, каня. Заняткі земляробствам падцвярджаюцца знаходкамi керамікі з адбіткамі зярняткаў проса, каменных матык, крамянёвых сярпоў. Насельніцтва займалася і металаапрацоўкай.
У канцы ІІІ – першай палове ІІ тыс. да н.э. тэрыторыя стэпавых і лесастэпавых зон ад Волгі, Дона да Дуная і ад Крыма да сярэдняга Падняпроўя была заселеная носьбітамі культуры шматвалікавай керамікі. Назва культуры паходзіць ад характэрнага элементу ўпрыгожання посуду – вялікай колькаці наляпных валікаў.
Паселішчы размяшчаліся на поймавых узвышшах і берагах рэк. Насельніцтва будавала наземныя жытлы і паўзямлянкі.
Пахаванні курганныя. Памерлага змяшчалі ў простыя ямы, каменныя скрыні, зрубы і інш. канструкцыі у скурчаным стане. Побач з нябожчыкам пакідалі разнастайны пахавальны інвентар: кераміку (плоскадонныя гаршкі, слоікі, міскі), касцяныя вырабы (шылы, рыбалоўныя кручкі, спражкі і інш), каменныя і крамянёвыя вырабы (наканечнікі стрэл, дроцікаў, скрабкі, нажы і і г.д.), металічныя рэчы (сякеры, цяслы, далоты), фаянсавыя пацеркі.
Гаспадарка. Аснову гаспадаркi складала качавая жывелагадоўля.
У першай палове II тыс. да н.э. у стэпавай паласе склалася чарговая культурна-гiстарычная супольнасць – зрубная. Яе носьбіты засялялі тэрыторыю ад Урала на ўсходзе да Дняпра i Буга на захадзе.
Назва культуры паходзіць ад спосабу будовы пахаванняў. Носьбіты культуры хавалі сваіх памерлых у курганах, пры гэтым у насыпах рабiлi зрубы вышыней у 1–2 венца і перакрывалі іх накатам. Нябожчыкаў хавалi ў скурчаным стане, побач з iмi змяшчалі глiняны посуд, бронзавыя i каменныя рэчы.
Паселiшчы зрубнай культуры размяшчаліся на берагах рэк. Жыллем служылi доўгiя зрубныя паўзямлянкi, унутры якіх знаходзілася некалькі ачагоў. Не выключаецца, што частка такой пабудовы выкарыстоўвалася для зiмовага ўтрымання жывёлы.
Гаспадарка носьбiтаў зрубнай супольнасцi была комплекснай. Яна ўключала ў сябе адгонную жывелагадоўлю i матыжнае земляробства. Адметнай рысай культуры з’яўляецца высокая ступень развiцця каляровай металургii. Старажытныя металургi выкарытоўвалi метал, якi паступаў з Паўночнага Каўказа, з Казахстана i Урала. Выраблялі разнастайныя прылады працы, зброю (частыя знаходкі – утулкавыя наканечнiкі дзiдаў, кiнжалы, сякеры-кельты), упрыгожанні. У зрубнай супольнасці адбываўся працэс вылучэння бронзалiцейнай вытворчасцi ў самастойную галiну, аб чым сведчаць шматлiкiя скарбы бронзавых рэчаў і пахаванні бронзалiцейшчыкаў (пахаванні, у якіх былі знойдзены пахавальны інвентар у выглядзе бронзавых вырабаў, нарыхтовак, спецыялізаваных прыладаў працы).
Дата: 2019-02-02, просмотров: 365.