Раннеземляробчыя археалагічныя культуры энеалітычнага часу
Поможем в ✍️ написании учебной работы
Поможем с курсовой, контрольной, дипломной, рефератом, отчетом по практике, научно-исследовательской и любой другой работой

У энеалiце адбываліся істотныя змены ў гаспадарчай дзейнасцi людзей. Атрымалі шырокае распаўсюджанне вытворчыя формы гаспадаркi. Удасканальваліся земляробчыя прылады працы. Развiцце металаапрацоўкі садзейнічала замацаванню спецыялізацыі асобных груп насельніцтва, пашырэнню мiжпляменнога абмену. Складаваліся ўстойлівыя гандлевыя шляхi. 

Росквіт культур эпохі энеаліту на поўдні Усходняй Еўропы прыпадае на ІV тыс. да н.э. Адной з самых яскравых культур гэтага часу з’яўлялася трыпольская культура, якая атрымала назву ад с. Трыполле Кiеўскай вобл.  Арэал культуры ахоплiваў вялiзкую тэрыторыю, якая ўключала Малдавiю, частку Румынii i Правабярэжную Украiну. 

Храналагiчныя межы існавання трыпольскай культуры – канец V– пачатак III тыс. да н.э. 

На раннiм этапе (канец V – сярэдзiна IV тыс. да н.э.) трыпольскiя паселiшчы размяшчалiся па краях тэрасы рэк. Яны займалі параўнальна невялікую плошчу, як правіла, былі неўмацаванымі, зрэдку з напольнага боку акружаліся iрвом. Паселішчы забудоўваліся хаатычна, прадуманая планіроўка адсутнічала. Пабудовы былi двух тыпаў: зямлянкi i наземныя глiнабiтныя хаты. Аснову сцен жытла складаў пляцень, якi быў абмазаны глiнай. Пабудовы складалiся з аднаго ці двух памяшканняў, у якiх знаходзiлiся печ цi адкрыты ачаг. У некаторых рэгiенах дамы былi двухпавярховымi. Побач з жытламі размяшчаліся гаспадарчыя пабудовы. Пазней (пачынаючы з другой паловы IV тыс. да н.э.) з’явіліся паселішчы плошчай звыш 350 га. Такія паселішчы часам назваюць “протагарадамі”. Яны ўмацоўваліся землянымi валамi i ірвамi. Паселішчы мелі ўпарадкаваную радыяльную ці канцэнтрычную забудову: жытлы размяшчалiся канцэнтрычнымi шэрагамі, у цэнтры кола заставалася вольная прастора, якая выкарыстоўвалася ў якасцi загону для жывёлы. На апошнім этапе існавання культуры паселішчы-гіганты зніклі, выкарыстоўваліся невялікія па плошчы пасяленні.

Пахаванні. На раннім этапе існавання культуры пахаванні нешматлікія, часта размяшчаліся на паселішчах. На пазнейшых этапах пахавальныя комплексы характарызаваліся значнай разнастайнасцю. Вядомы як грунтовыя могiльнiкi, так i курганы. Носьбіты трыпольскай культуры хавалі сваіх памерлых па абраду і крэмацыі, і інгумацыі (трупапакладанне). У магілы змяшчалі багаты пахавальны інвентар. У пахаваннях мужчын археолагі знаходзяць разнастайныя прылады працы. Жаночыя пахаванні суправаджаюцца праселкамі. Частыя знаходкі ў дзіцячых пахаваннях – гліняныя антрапаморфныя фігуркі. 

Прылады працы, узбраенне. Вырабляліся з пераважна крэмня, сланца, косцi i рога. На помніках часта сустракаюцца крамянёвыя скрабкі, скоблi для апрацоўкi дрэва, свердзелы i праколкi, укладышы сярпоў. Сланцавыя прылады выкарыстоўвалiся для працы па дрэву (сякеры, цесла, долаты, стамескi), а таксама пры сельскагаспадарчых працах у якасцi матык. Касцяныя вырабы – шылы, гарпуны, кручкi, матыкi. Зброя прадстаўлена каменнымі сякерамі. 

Медныя вырабы нешматлiкiя: прылады працы (шылы, рыбалоўныя кручкi, долаты, зубiлы); упрыгожваннi (пярсцёнкі, пацеркі, бранзалеты). Надзвычай цікавай знаходкай з’яўляецца Карбунскi скарб. У яго склад уваходзіла звыш 850 прадметаў, сярод іх – медныя сякеры, пацеркi, бранзалеты, падвескi, антрапаморфныя фiгуры. У скарбе знаходзіліся і каменныя вырабы, у т.л. мармуравая сякера, якая, верагодна, была параднай зброяй. 

Керамiка падраздзяляецца на тры групы: кухонную, сталовую i парадную. Кухонны посуд выкарыстоўваўся для захавання прыпасаў i гатавання ежы. Гэта былi гаршкi, талеркi на паддоне, мiскi. Арнаментацыя гэтай керамiкi бедная (наколкі, насечкі). Сталовы посуд выраблены значна лепей. Сустракаюцца акруглыя цi баканiчныя гаршкi, вялiкiя збанападобныя пасудзiны, кубкi, чарпакi. Парадны посуд выраблены вельмі старанна. Кераміка заўседы загладжаная, часта заглянцаваная. Значную частку пасудзiн гэтай групы складаюць талеркі, грушападобныя гаршкi, вазы. Большасць пасудзiн арнаментаваная ўзорамі у выглядзе стужак, пятлi цi спiралi. На позніх этапах існавання культуры распаўсюдзілася керамiка, упрыгожаная размалеўкай, якую наносiлі на сырую пасудзiну трыма фарбамi: белай (крэйда), чырвонай (вохра) i чорнай (попел). Найбольш тыповым быў арнамент у выглядзе спiралей. 

Гаспадарка. Аснову заняткаў насельніцтва складала земляробства і жывёлагадоўля. Землю апрацоўвалi з дапамогай матык. Вырошчвалi збожжавыя (пшанiца, ячмень, проса), бабовыя. Iстотная роля ў жыццезабеспячэння насельніцтва належала і жывелагадоўлі. Разводзілі дробную і буйную рагатую жывёлу, свіней. Былі вядомы ткацтва. Насельніцтва займалася і каляровая металаапрацоўкай (выкарыстоўвалі тэхнікі халоднай коўкі, ліцця з выкарыстаннем адкрытых форм і інш.).

Мастацтва. На паселішчах, у пахаваннях археолагі знаходзяць вялiкую колькасць жаночых глiняных статуэтак, фігурак жывёл. У глiну, з якой выраблялі фiгуркі, часам дадавалі зярняты. Верагодна, фігуркі былі звязаныя з культам урадлiвасцi. Частай знаходкай з’яўляюцца дзіўныя вырабы, якія па сваёй форме нагадваюць біноклі. Функцыі гэтых прадметаў дакладна не вызначаны. 

Паходжанне. Асноўны ўплыў на фарміраванне трыпольскай культуры аказалі неалітычныя культуры Балкана-Дунайскага рэгіёну. 

Гістарычныя лёсы. Дакладна не вызначаны. Значная разнастанасць матэрыяльнай культуры, пахавальнай абраднасці сведчыць аб тым, што носьбіты трыпольскай культуры актыўна кантактавалі з іншымі групамі насельніцтва. Не выключаецца, што трыпольская культура аказала пэўны ўплыў на фарміраванне жывёлагадоўчых культур бронзавага веку. 

 

Дата: 2019-02-02, просмотров: 339.