Позні перыяд бронзавага веку
Поможем в ✍️ написании учебной работы
Поможем с курсовой, контрольной, дипломной, рефератом, отчетом по практике, научно-исследовательской и любой другой работой

Позні перыяд бронзавага веку – адзін з самых загадкавых і маладаследаваных этапаў першабытнай гісторыі. Распаўсюджанне бронзавых вырабаў вяло да паступовага заняпаду крэмнеапрацоўкі. Па-ранейшаму значнае месца ў гаспадарчай дзейнасці насельніцтва належала вырабу каменных свідраваных сякераў, якімі карысталіся нават у эпоху жалеза. Змяняліся традыцыі керамічнай вытворчасці, у т.л. арнаментацыі. Набыў распаўсюджанне неарнаментаваны альбо вельмі сціпла арнаментаваны посуд. Верагоднай прычынай гэтага былі пэўныя змены ў рэлігійных уяўленнях старажытнага насельніцтва.

Вялiкi ўплыў на плямены Цэнтральнай i Усходняй Еўропы ў канцы эпохi бронзы i ў пачатку жалезнага веку аказала лужыцкая культура.

Назва паходзіць ад паселішчаў на тэрыторыі гістарычных абласцей Верхняя і Ніжняя Лужыца (Германія). 

Арэал. Культура склалася ў мiжрэччы Эльбы i Вiслы, яе носьбіты засялялі тэрыторыю Цэнтральнай і Усходняй Еўропы – ад Эльбы да Пабужжа і ад Дуная да Балтыйскага мора. Матэрыялы лужыцкай культуры выяўлены і на тэрыторыі Беларусі – у Заходнім Палессі і Панямонні. 

Час існавання – каля 1200 г. – 400 гг. да н.э.

Паселішчы. Найбольшая колькасць помнікаў даследавана на тэрыторыі Германіі і Польшчы. На раннiм этапе ўзводзіліся пераважна неўмацаваныя паселiшчы. У самым канцы эпохi бронзы, а галоўным чынам у пачатку жалезнага веку, у лужыцкiх пляменаў з’явіліся гарадзiшчы, якiя размяшчалiся на мысах цi на пагорках-астанцах. Жытлы былi наземнымi слупавай канструкцыi. 

Найбольш поўна вывучана Бiскупiнскае гарадзiшча (Польшча). Яно размяшчалася на востраве, умацаваным па краях некалькiмi радамi нахiлена забiтых у дно возера бярвенцаў. Сама пляцоўка гарадзiшча была ўмацаваная моцнай драўлянай сцяной. З вонкавага боку да сцяны прымыкала драўляная маставая, якая iшла па перыметру. 

Пахаванні. Могiльнiкi лужыцкай культуры, у асноўным, бескурганныя.

Звычайна пахаваннi рабiлiся ў грунтавых ямах, сустракаюцца таксама пахаваннi ў каменных скрынях цi ў вялiкiх драўляных зрубах. Дамінаваў абрад трупаспалення, пры гэтым спаленыя косткі ссыпалі ў спецыяльныя глiняныя пасудзiны-урны.

Кераміка. Характэрны тып посуду –вазы, амфары, розныя кубкi, збаны, мiскi, цюльпанападобныя i яйкападобныя гаршкi. Шмат пасудзiн арнаментавана шышкападобнымi выступамi i баразенкамi. На позніх этапах распаўсюдзіліся такія спосабы ўпрыгожання, як каляровая размалеўка, інкрустацыя і г.д.

Прылады працы і зброя. Імпартавалі і выраблялі бронзавыя, а на позніх этапах існавання культуры і жалезныя вырабы: сякеры, сярпы, шылы, наканечнiкi дзiд i стрэл i г.д. 

Упрыгожанні і дэталі вопраткі. Сустракаюцца шпількі, бранзалеты, накладкі, нашыйнікі, пярсцёнкі, дыядэмы, падвескі, бляшкі, завушнішы і інш., вырабленыя з каляровых металаў. Адметнасцю культуры з’яўляюцца скарбы залатых вырабаў. 

Гаспадарка. Аснову гаспадарчага жыцця складалi земляроства i жывелагадоўля. На гарадзiшчы ў Бiскупiне былi знойдзены рэшткi двух драўляных рал. Вырошчвалi проса, пшанiцу, ячмень, жыта, гарох, лен, бабы. Сярод хатнiх жывел галоўнае месца займала буйная рагатая жывела, авечкi, свiннi, конi i сабакi. Высокага развіцця дасягнулі ганчарства, ткацтва, апрацоўка косці і рога, каменю і крэменю. Важную ролю ў гаспадарцы адыгрывала каляровая металургiя, якая грунтавалася на прывазной сыравiне. У самым канцы эпохi бронзы пачалi з’яўляцца i вырабы з жалеза, якiя iмпартавалiся з усходнеальпiйскiх абласцей. Пазней, ужо на апошнiх этапах iснавання культуры, атрымала развіццё і мясцовая чорная металургія. .

Праблема паходжання. Культура склалася на аснове перадлужыцкай і тшцінецкай культр, з удзелам культурных традыцый насельніцтва басейна р. Дунай. 

Гістарычныя лёсы. Дакладна не вызначаны. Згодна з распаўсюджаным меркаваннем, носібіты лужыцкай культуры прадстаўлялі сабой галіну індаеўрапейскіх плямён, якія адыгралі важую ролю ў гісторыі Еўропы і прынялі ўдзел у фарміраванні гістарычных славян, кельтаў, ілірыйцаў і інш.

народаў. 

 

7. Праблема з‘яўлення і распаўсюджання першых індаеўрапейцаў на тэрыторыі Еўропы

Індаеўрапейцы – гэта народы, якія размаўляюць на індаеўрапейскіх мовах. Сам тэрмін “індаеўрапейскія мовы” ўзнік у пачатку ХІХ ст. для акрэслення роднасных паміж сабой еўрапейскіх і некаторых іншых моў. У тым жа стагоддзі лінгвісты прыйшлі да высновы, што падабенства паміж мовамі тлумачыцца наяўнасцю агульнага продка – т.зв. “праіндаеўрапейскай мовы”. Гэта старажытная мова была рэканструявана на падставе вывучэння агульных элементаў сучасных моў. Даследчыкі вызначылі спіс дрэў і раслін, якія былі вядомыя непадзеленай праіндаеўрапейскай супольнасці, і на падставе гэтага пачалі шукаць яе “калыску”. Аднак хутка высветлілася, што адных лінгвістычных даных для вырашэння гэтай праблемы недастаткова, і на рубяжы ХІХ–ХХ ст. пачалося супрацоўніцтва мовазнаўства і археалогіі.  

За два стагоддзі даследаванняў было агучана шмат меркаванняў адносна лакалізацыі індаеўрапейскай прарадзімы. Найбольшай папулярнасцю карысталіся 5 гіпотэз:

1) Прарадзіма індаеўрапейцаў змяшчаецца ў Індыі. Індская цывілізацыя лічыцца індаарыйскай. У якасці доказа выступае сцверджанне, што найбольш старажытнай мовай з’яўляецца санскрыт. 

Гіпотэза ўзнікла ў пачатку ХІХ ст., з цягам часу страціла сваю ўплывовасць. Сёння яе падтрымліваюць нешматлікія індыйскія ўльтрапатрыёты.

2) Прарадзіма індаеўрапейцаў змяшчаецца на поўначы Еўропы. Аўтары гэтай гіпотэзы зыходзілі з наступных меркаванняў: прарадзіму трэба шукаць там, дзе жыве большасць індаеўрапейскіх народаў; даныя лінгвістыкі, палеабатанікі, палеазаалогіі, гістарычнай геаграфіі сведчаць аб тым, што экалагічнай нішай праіндаеўрапейцаў з’яўлялася менавіта Еўропа. 

У падтрымку паўночнаеўрапейскай гіпотэзы выступалі параўнальна шматлікія даследчыкі, пры гэтым розныя спецыялісты прапаноўвалі лакалізаваць прарадзіму індаеўрапейцаў у розных рэгіёнах. У сваіх разважаннях яны часам абапіраліся не толькі на навуковыя дасягненні, але і на пэўныя палітычныя запатрабаванні. 

У канцы ХІХ – пачатку ХХ ст. немецкія лінгвісты і археолагі шукалі індаеўрапейскую прарадзіму на тэрыторыі Скандынавіі і/ці Германіі. Яны зыходзілі з неперарыўнасці антрапалагічнага тыпу ў гэтым рэгіёне пачынаючы з каменнага веку. Індаеўрапейцы атаясамліваліся з блакітнавокімі і светлавалосымі арыямі. Першыя індаеўрапейцы (іх прыхільнікі гэтай тэорыі часцей называлі “індагерманцамі” і лічылі больш развітымі ў параўнанні з іншымі народамі) звязваліся з культурай шнуравой керамікі. Сцвярджалася, што носьбіты гэтай культуры ў выніку некалькіх хваляў міграцый ва ўсходнім кірунку рассяліліся на тэрыторыі Еўропы, распаўсюджваючы дасягненні культуры. З гэтых разважанняў германскія нацыяналісты выводзілі вучэнне аб расавай чысціні немцаў і іх перавазе над іншымі людзьмі. 

Пасля заканчэння Другой сусветнай вайны і знішчэння нацыяналсацыялістычнага рэжыму ў Германіі крайнія праявы згадаганай гіпотэзы былі асуджаныя і выйшлі з ужытку.

3) Прарадзіма індаеўрапейцаў змяшчаецца на поўдні Еўропы – у басейне р. Дунай, Балкана-Карпатскім рэгіёне. Прыхільнікі гіпотэзы (лінгвісты, археолагі, гісторыкі) прыводзілі наступныя аргументы: Дунай знаходзіцца бліжэй да цэнтра той тэрыторыі, якую займаюць індаеўрапейскія народы; у гэтым рэгіёне адзначаюцца найбольш старажытныя для тэрыторыі Еўропы развітыя неалітычныя культуры (лінейна-стужкавай керамікі і маляванай керамікі); Падунаўе з’яўлялася першым еўрапейскім цэнтрам земляробства. Такім чынам, у межах гэтай гіпотэзы мінімізаваліся міграцыі старажытных індаеўрапейцаў. 

Крытыкі звярталі ўвагу на слабыя бакі гіпотэзы: культуры, які вылучаюцца ў басейне Дуная, не маюць прыкмет, характэрных для індаеўрапейскіх культур (адсутнічаюць умацаванні і сведчанні сутыкненняў і канфліктаў, насельніцтва вяло аседлае жыццё). Таму частка даследчыкаў лічыць носьбітаў дунайскіх культур даіндаеўрапецамі. 

4) Прарадзіма індаеўрапейцаў змяшчаецца ва ўсходнееўрапейскіх стэпах. Гіпотэзу высунулі ў першай палове ХХ ст. некаторыя філолагі, якія займаліся рэканструкцыямі праеўрапейскай мовы. На падставе асаблівасцяў лексікі яны сцвярджалі, што першыя індаеўрапейцы павінны былі засяляць раўнінныя ландшафты, а істотным складнікам іх дзейнасці з’яўлялася конегадоўля і ваенныя сутыкненні з выкарыстаннем калясніц. Зараджэнне конегадоўлі натуральна было звязаць са стэпавай паласой Еўразіі. На карысць гіпотэзы выступалі і даныя міфалогіі і гісторыі аб значнай ролі калясніц у распаўсюджанні індаеўрапейцаў.

Згаданую гіпотэзу падтрымалі шматлікія археолагі з розных краін (у т.л. Германіі, Велікабрытаніі, Польшы, СССР і пазней Расіі, США і інш.). Аднак разважанні ў розных аўтараў былі адменнымі. Некаторыя даследчыкі выяўлялі археалагічныя сведчанні даместыкацыі каня і фарміравання каляснічнай справы ў стэпавых культурах бронзавага веку (перадусім ямнай культуры) і рабілі спробы рэканструяваць экспансію стэпавых качэўнікаў у іншыя рэгіёны Еўропы і Азію. Такі падыход супрацьстаяў нацыяналістычным ідэям канцэпцыі паўночнаеўрапейскай прарадзімы індаеўрапейцаў.

Іншыя матывы выступалі ў гіпотэзы т.зв. “курганай культуры”. Гэтым тэрмінам некаторыя даследчыкі акрэслівалі шматлікія археалагічныя культуры стэпавай паласы Усходняй Еўропы, носьбіты якіх здзяйснялі экспансію на захад. У межах канцэпцыі прымалася, што даіндаеўрапейская Еўропа была заселеная земляробчым насельніцтвам, якое пакланялася сваім багіням. Гэта мірная матрыярхальная цывілізацыя была знішчаная агрэсіўнымі стэпавымі качэўнікамі-індаеўрапейцамі. 

На сучасным этапе развіцця навукі даследчыкамі прызнаецца штучнасць вылучэння “курганай культуры”, аднак сама канцэпцыя стэпавай прарадзімы індаеўрапейцаў застаецца адной з найбольш папулярных. 

5) Прарадзіма індаеўрапейцаў змяшчаецца ў Малой Азіі. Самая маладая з усіх гіпотэз. Філолагі, пачынаючы з канца ХІХ ст., выяўлялі сувязь праіндаеўрапейскай мовы з каўказскімі і семітскімі мовамі. Археолагі неаднаразова адзначалі, што вытворчыя формы гаспадаркі і метал распаўсюдзіліся на тэрыторыі Еўропы з краін Блізкага Усходу. Некаторыя генетыкі прыйші да высновы, што насельніцтва Еўропы не з’яўляецца цалкам аўтахтонным, яго значная частка – мігранты з блізкаўсходніх тэрыторый. У канцы ХХ ст. дасягненні розных навук былі абагульнены. Згодна з новай гіпотэзай, індаеўрапеізацыя Еўропы адбывалася паралельна з яе неалітызацыяй, і зыходным ачагом новых з’яў была менавіта Малая Азія. Гэта ідэя не знайшла істотнай падтрымкі ў спецыялістаў.  

Такім чынам, праблема вызначэння прарадзімы індаеўрапейцаў, часу, кірунку і шяхоў іх распаўсюджання на тэрыторыі Еўропы дагэтуль канчаткова не вырашана.

 


ТЭМА 3. ЖАЛЕЗНЫ ВЕК План

 

1. Агульная характарыстыка эпохі. Паняцце “чорная металургія”. Значэнне чорнай металургіі і металаапрацоўкі ў развіцці грамадства і гаспадаркі.

2. Жалезны век Цэнтральнай Еўропы.

3. Жалезны век стэпу і лесастэпу.

4. Жалезны век лясной паласы Усходняй Еўропы.

 

Ілюстрацыі па тэме прыведзены ў Прэзентацыі 4.

 

1. Агульная характарыстыка эпохі. Паняцце “чорная металургія”. Значэнне чорнай металургіі і металаапрацоўкі ў развіцці грамадства і гаспадаркі.

Жалезны век – археалагічная эпоха, якая характарызуецца з’яўленнем і шырокім распаўсюджаннем металургіі жалеза і вырабаў з яго прылад працы і зброі. 

Найбольш раннiя жалезныя вырабы вырабляліся з метэарытнага жалеза. Гэты метал, які час ад часу падае з неба, змяшчае вялікую колькасць нікеля (каля 8–10%) і таму падлягае апрацоўцы толькі ў халодным выглядзе. Старажытнае насельніцтва абыходзілася з метэарытным жалезам як са звыклым матэрыялам – каменем. Найбольш раннія знаходкі з метэарытнага жалеза адзначаюцца ў Іране (VI–IV тыс. да н. э), Іраке (V тыс. да н.э.), Егіпце (IV тыс. да н.э).

Аднак метэарытнае жалеза з-за сваіх уласцівасцяў было мала прыдатнае для шырокай вытворчасці ўпрыгожанняў і прыладаў працы. Акрамя таго, натуральнае “чыстае” жалеза сустракаецца даволі рэдка, і таму метэарытны метал не мог задаволiць патрэбнасцi насельніцтва. У прыродзе жалеза часцей за ўсё ўваходзіць у склад разнастайных рудных мінералаў (ліманіт, гематыт, сідэрыт і інш.). Менавіта такі метал – атрыманы з руды – і пачалі выкарыстоўваць у старажытнасці.

Найменш працаёмкай справай была здабыча руды, якая залягала блізка да паверхні. У месцах, багатых на жалеза, такую руду атрымоўвалі шляхам паверхневых збораў альбо шляхам капання неглыбокіх ям. Старажытныя жалезныя руднікі вядомыя на тэрыторыі сучаснай Англіі, Францыі, Украіны і інш. Аднак гэтыя, параўнальна нешматлікія, радовішчы былі даволі хутка распрацаваныя. 

Затое паўсюдна распаўсюджанымі з’яўляліся т.зв “балотныя”, “лугавыя”, “азёрныя” руды. Пад час забалочвання старажытных вадаёмаў адбываліся складаныя хімічныя рэакцыі, і жалеза ў складзе розных мінералаў асядала на дне азёр, рэк і балот, на лугах і на іншых адкрытых месцах.

Менавіта такія руды былі асноўнай крыніцай для атрымання жалеза ў старажытнасці.

Найбольш раннія знаходкі, вырабленыя з жалеза, атрыманага з руды, паходзяць з помнікаў Месапатаміі, Анатоліі, Егіпта і датуюцца другой паловай ІІІ тыс. да н.э. Ва ўсходняй Еўропе першыя жалезныя рэчы вядомыя з другой паловы II тыс. да н.э., аднак металургiя жалеза шырока распаўсюджвалася не раней рубяжу VIII – VII стст. да н.э.

Такім чынам, хоць жалеза і сустракаецца ў прыродзе значна часцей, чым медзь і волава, яго выкарыстанне пачалося пазней. Тлумачыцца гэта наступным. Сутнасць каляровай металургіі заключаецца ў атрыманні металаў у вадкім выглядзе. Аднак калі медзь плавіцца пры тэмпературы 1084˚С, то жалеза – пры тэмпературы 1528˚С. Тагачасны ўзровень тэхнічных ведаў чалавека не дазваляў дасягнуць такую высокую тэмпературу. 

Чорная металургiя стала магчымай толькі дзякуючы вынаходніцтву т.зв. сырадутнага спосабу атрымання жалеза. Старажытныя металургі падавалі ў печы атмасфернае (“сырое”) паветра, што і абумовіла назву. Чыстае жалеза канцэнтравалася ў цвёрдым стане (т.зв. “крыца”).

Сутнасць сырадутнага працэсу заключалася ў наступным. У печ загружалі слаі здробненай руды і вугалю (у старажытнасці выкарыстоўваўся толькі драўняны вугаль). Для таго, каб атрымаць патрэбную высокую тэмпературу, металургі стваралі ўмовы для інтэнсіўнага натуральнага прытоку паветра альбо выкарыстоўвалі спецыяльныя прылады, якія забяспечвалі прымусовую падачу паветра. Пасля таго як тэмпература ў печы дасягла 1200 – 1300˚С, розныя мінеральныя дамешкі, якія ўваходзілі ў склад руды, плавіліся і ўтваралі шлак. Адначасова ішло ўтварэнне кропель жалеза, якія паступова апускаліся на дно печы і спякаліся ў цягучую цестападобную масу. Яна, астываючы, пераўтваралася ў цвёрды порысты матэрыял – крыцу, якая змяшчала, акрамя жалеза, яшчэ і дамешкі шлака і вугля. 

Жалезную крыцу, вага якой у старажытныя часы не перавышала 1–2 кг, выцягвалі з печы, награвалі і пракоўвалі малаткамі. У выніку гэтага выдалялася частка непажаданых дамешак, а кавалак металу набываў патрэбную форму (бруска, прута і г.д.). Менавіта такія падрыхтаваныя, таварныя крыцы паступалі да кавалёў . 

Найбольш просты і, адпаведна, самы старажытны спосаб забяспячэння сырадутнага працэсу – выкарыстанне печаў у выглядзе простых ям (т.зв. “воўчыя ямы”). У яму, абмазаную глінай, ставілі гаршчкі з рудой і вуглём і разводзілі вялікае вогнішча. Такую яму абавязкова выкопвалі ў месцах інтэнсіўнага натуральнага руху паветра – на пагорках, просеках і г.д. Паступова людзі сталі заўважаць, што найбольш эфектыўным спосабам падачы паветра з’яўляецца ўзвядзенне над ямай своеасаблівага надбудавання. Так на змену архаічным прыстасаванням прыйшоў сырадутны горан. 

Археолагам вядомыя сырадутныя гораны самых розных канструкцый. Асновай старажытных горнаў былі ямы, абмазаныя глінай. Да іх падводзіліся каналы для падачы паветра (бакавыя гліняныя трубкі – саплы), у якія ўстаўляліся спецыяльныя прыстасаванні для нагнятання паветра – скураныя мяхі. Над ямамі ўзводзілі канічныя збудаванні са сплеценых прутоў, іх пакрывалі вогнестойкай глінай, дадаткова абкладвалі камянямі. У ніжняй частцы печы пакідалі канал для выхаду шлака. Вышыня горанаў, як правіла, не перавышала 1–1,5 м.  

Пасля папярэдняй апрацоўкі крычнае жалеза паступала ў кузню. Прылады, якія выкарыстоўваліся ў першабытных кузнях, амаль не адрозніваліся ад прыстасаванняў, вядомых па этнаграфічных даных. Старажытныя майстры карысталіся кавальскімі горанамі, кувалдамі, малаткамі, разнастайнымі напільнікамі, клешчамі, прабойнікамі і інш. 

Крычнае жалеза было параўнальна мягкім, таму ўжо ў старажытнасці былі вынайдзены спосабы паляпшэння спажывецкіх уласцівасцяў металу. Найбольш распаўсюджанымі прыёмамі з’яўляліся загартоўка і цэментацыя жалезных рэчаў. 

Закалка заключалася ў тым, што жалезны выраб награвалі да тэмпературы 800–1000˚С і адразу пасля гэтага апускалі ў ваду альбо алей. У выніку правядзення такой аперацыі, якая магла паўтарацца некалькі разоў, лязо вырабу набывала неабходную цвёрдасць. Цэментацыя прадугледжвала утварэнне на паверхі жалезнай прылады своеасаблівай плёнкі, якая змяшчала значную колькасць вугляроду. Сутнасць аднаго з найбольш старажытных спосабаў цэментацыі заключалася ў працяглай вытрымцы жалезнага вырабу ў кантакце з драўняным вугалем пры тэмпературы каля 1000˚С. У выніку складаных хімічных рэакцый трываласць і цвёрдасць прылады істотна павялічвалася.

Найбольш старажытны сырадутны горан для атрымання жалеза быў знойдзены на паселiшчы каля возера Урмiя (ў Іране) i датуецца прыкладна 2800 г. да н.э. Лiчаць, што сырадутны працэс больш цi менш быў распаўсюджаны ў хетаў у XV ст. да н.э. У Еўропе вытворчасць жалеза з’явiлася не раней 1000 г. да н.э., спачатку ў Грэцыi i на Эгейскiх астравах. Шырокае распаўсюджанне чорнай металургіі і металаапрацоўкі пачалося пасля рубяжу VIII – VII стст. да н.э. На тэрыторыі Беларусі жалезны век пачаўся ў канцы VII–VI ст. да н.э. і працягваўся да V ст. н.э. 

Жалеза выкарыстоўвалася ў вытворчасці разнастайных вырабаў. Даследчыкі мяркуюць, што першапачаткова з жалеза выраблялі рэчы рытуальнага ці параднага прызначэнння. Напрыклад, у грабніцы фараона Тутанхамона былі знойдзены ўпрыгожанні, інкруставаныя жалезнымі ўстаўкамі. Паступова жалеза пачалі выкарыстоўваць і для вырыбу прыладаў працы і зброі. На першых этапах станаўлення кавальскай справы жалезныя рэчы часта капіравалі форму бронзавых узораў. Пачынаючы з VІ ст. да н.э., жалезным прадметам надавалі абрысы, абумоўленыя ўласцівасцямі менавіта чорнага металу. Аднак на працягу ўсяго жалезнага веку каляровая металургія і металаапрацоўка па-ранейшаму заставаліся важнай галіной гаспадаркі. Медзь і бронза ішлі пераважна на выраб прэстыжных і рытуальных рэчаў (упрыгожанняў, посуду і інш.).

Распаўсюджанне жалеза выклікала тэхнiчны пераварот. Жалезныя прылады працы (сякеры, сярпы, косы і інш.) былі больш эфектыўнымі, чым іх бронзавыя аналагі. З’явілася рала з жалезным наканечнікам, што істотна спрасціла апрацоўку зямлі і дазволіла павялічыць сельскагаспадарчыя плошчы. Усе рамеснікі атрымалі больш якасныя прылады. Да пачатку новай эры з’явіліся ўсе асноўныя віды сучасных інструментаў, за выключэннем вінтоў і шарнірных нажніц. У жалезным веку актыўна развіваліся шматлікія галіны рамёстваў, асабліва кавальскага і збройнага. Палепшылся апрацоўка дрэваў для домабудаўніцтва, вытворчасці сродкаў перамяшчэння (караблёў, каляніц і г.д.). Прадукцыя сельскай гаспадаркі і рамёстваў ішла на абмен, што спрыяла развіццю кантактаў паміж рознымі групамі насельніцтва. Узмацнялася нераўнамернасць эканамiчнага i сацыяльнага развiцця асобных рэгiёнаў, што вяло да ўзнікненя ўзброеных канфліктаў. Таму паўстала патрэба ў арганізацыі абароны паселішчаў. У жалезным веку распаўсюдзілася практыка будаўніцтва ўмацаваных паселішчаў – гарадзішчаў. Гэта быў новы тып пасяленняў, размешчаных на высокіх, цяжкадаступных участках рэльефу – прыродных альбо мэтанакіравана ўзведзеных. Жылыя і гаспадарчыя пабудовы размяшчаліся на пляцоўцы гарадзішча. Само паселішча было ўмацаванае сістэмай абарончых збудаванняў – частаколам, валам, ірвом. З цягам часу асноўнай формай паселішчаў сталі неўмацаваныя селішчы, а гарадзішчы выкарыстоўваліся ў якасці часовых сховішчаў.

 

2. Жалезны век Цэнтральнай Еўропы

У канцы ІІ тыс. да н.э. у Верхнім і Сярэднім Падунаўі сталі складвацца своеасаблівыя формы матэрыяльнай і духоўнай культуры, якія атрымалі найбольшае распаўсюджанне і развіццё каля 750 – 700 гг. да н.э. 

Гэты пераходны час ад бронзавага да жалезнага веку на тэрыторыі Заходняй і Сярэдняй Еўропы называюць гальштацкай эпохай і звязваюць з гальштацкай культурай (назва – па могільніку каля г. Гальштат у Аўстрыі). Культура, займаючы значныя тэрыторыі, не была цалкам уніфікаваныя, у сувязі з чым яе падзяляюць на шэраг лакальных культур. Падставай вылучэння гальштацкай культуры з’яўляецца распаўсюджанне своеасаблівага стылю, для якога характэрны геаметрычны арнамент. У такім шырокім разуменні арэал гальштацкай культуры ахопліваў вялікую тэрыторыю ад Сярэдняга Падунаўя да Пірэнэйскага паўвострава і ад Адрыатычнага мора да басейнаОдэра і Эльбы. У вузкім сэнсе гальштацкая культура займала толькі прыдунайскую і адрыятычную тэрыторыі. 

Агульны час існавання культуры – VIII–V ст. да н.э.

Пераход ад бронзавага да жалезнага веку адбываўся паступова. Для ранніх этапаў існавання культуры характэрны слабаўмацаваныя паселішчы з правільнай планіроўкай. Будаваліся наземныя дамы слупавой канструкцыі і паўзямлянкі. На позніх этапах насельніцтва ўзводзіла паселішчы, добра ўмацаваныя драўлянымі і каменнымі сценамі. 

Змяняўся і пахавальны абрад. Першапачаткова носьбіты гальштацкай культуры хавалі сваіх памерлых на грунтовых могільніках па абраду ўрнавай крэмацыі. Пазней распаўсюдзіліся курганыя могільнікі з трупапакладаннем. У пахаванні змяшчалі разнастайны пахавальны інвентар, які адлюстроўваў маёмасную і сацыяльную дыферэнцыю насельніцтва. 

Найбольш добра вывучанымі помнікамі з’яўляюцца помнікі вытворчага характару – саляныя копі, руднікі, майстэрні і інш. 

Тыповы інвентар гальштацкай культуры – зброя, перадусім мячы. Для ранніх этапаў характэрны кароткія колючыя мячы, дзяржальна якіх мела наверша ў выглядзе конуса. На позні этапах распаўсюдзіліся кароткія колючыя кінжалы, дзяржальна якіх мела наверша ў выглядзе завіткоў ці рагоў. Выкарыстоўваліся таксама дзіды, баявыя сякеры і г.д. Першапачатова былі распаўсюджаны і бронзавыя, і жалезныя вырабы. З цягам часу пры гэтым колькасць апошніх пастаянна павялічвалася. Вядомы таксама бронзавыя шлемы, панцыры г.д. 

Часта сустракаюцца ўпрыгожанні, вырабленыя з каляровых металаў, шкла, бурштыну, слановай косткі: фібулы, шэйныя грыўны, бранзалеты, пацеркі і інш. Прылады працы вельмі рэдкія.

Кераміка даволі аднастайная – ляпныя акруглыя пасудзіны, паверхня якіх мела чорны бляск. Кераміка аздаблялася рознакаляровым лінейным геаметрычным арнаментам.Посуд часта выраблялі з бронзы. Характэрнымі знаходкамі з’яўляюцца бронзавыя катлы з ручкамі, вёдры (сітулы і цысты), упрыгожаныя рэльефнымі арнаментамі і выявамі, у т.л. сцэнамі бытавога і ваеннага характару. 

Асновай гаспадаркі было ворыўнае земляробства. Вырошчвалі авёс, жыта, пшаніцу і г.д. Разводзілі буйную і дробную рагатую жывёлу, свіней, коней. Насельніцтва займалася каляровай металургіяй. З гальштацкай культуры звязваюць пачатак развіцця чорнай металургіі. Некаторыя групы насельніцтва актыўна займаліся здабычай і экспартам солі. 

Рэлігійныя ўяўленні слаба рэканструяваныя. У носібітаў гальштацкай культуры існаваў культ сонца, быў сфарміраваны пэўны антрапаморны пантэон. 

Адрозненні ў матэрыяльнай культуры, якія праяўляліся ў розных рэгіёнах, найбольш верагодна, былі звязаныя з розніцай у этнічнай прыналежнасці насельніцтва. Гэтыя адрозненні паглыбіліся ў другой палове I тыс. да н.э. У заходніх абласцях адбыўся пераход да латэнскай культуры – кельцкай культуры. Усходнегальштацкая вобласць належала да ілірыйскіх плямёнаў. У пазнейшыя часы кельты не засялілі гэтыя землі цалкам, і лакальная культура працягвала развівацца на ранейшай гальштацкай аснове. 

У другой палове I тыс. да н.э. моцнае ўздзеянне на жыццё iншых народаў Заходняй, Цэнтральнай i часткова Усходняй Еўропы аказала латэнская культура. Яе назва паходзіць ад назвы паселiшча Ла-Тэн у Швейцарыi.

Латэнская культура склалася на рубяжы VI – V стст. да н.э. на тэрыторыi сучаснай Швейцарыi, Германіі i Францыi, адкуль распаўсюдзiлася практычна па ўсей Заходняй Еўропе. Даследчыкі падзяляюць гэтую тэрыторыю на тры вобласцi: 1) тэрыторыя фармiравання i росквiта латэнскай культуры, якая адпавядае зямлi гiстарычных кельтаў; 2) тэрыторыя, якая стала аб’ектам кельцкай экспансii, дзе атрымала распаўсюджанне кельцкая культура, аднак самi кельты складалi этнiчную меньшасць; 3) тэрыторыя, якая межавала з латэнскай культурай i падвяргалася пэўнаму культурнаму ўплыву. Найбольш блiзкiя да тэрыторыi Беларусi помнiкi латэнскай культуры вядомы ў Закарпацкай вобласцi Украiны. Разам з помнiкамi Славакii старажытнасцi Закарпацця складаюць найбольш аддаленную групу сярэдняеўрапейскага латэна. 

Латэнская культура – перадусім культура шматлікіх кельцкіх плямёнаў: галаў, брытаў і інш. Яна ўзнiкла на аснове мясцовых плямён гальштацкага перыяду пад моцным уплывам антычнай цывiлiзацыi. Індыкатарам перахода ад гальштацкай да латэнскай культуры з’яўляецца новы стыль мастацтва – т.зв. “латэнскі”. Для гэтага стылю быў характэрны складаны арнамент з расліннымі, зааморфнымі, антрапаморфнымі і геаметрычнымі матывамі. 

Культура існавала ў V ст. да н.э. – рубеж н.э. У І ст. н.э. кельтская тэрыторыя была заваяваная Рымам. Гэта спрыяла актыўнай культурнаэканамічнай раманізацыі кельтаў, і ў выніку латэнская культура замянілася правінцыяльна-рымскай культурай. 

Вядомы паселішча і пахаванні латэнскай культуры. Паселішчы ўмацаваныя. Першапачаткова ўмацаваннямі з’яўляліся земляныя валы ці драўляна-каменныя сцены. Пазней вынайшлі т.зв. “гальскую сцяну” – канструкцыю з драўляных клецяў, запоўненых зямлёй і камянямі, са знешняга боку дадаткова абкладзеных камянямі ці цэглай. У межах гэтых умацаванняў узводзіліся жылыя і гаспадарчыя пабудовы, функцыянавалі свяцілішчы, адбываўся выпас жывёлы. Жытлы – наземныя дамы і паўзямлянкі плецянёвай ці слупавой канструкцыі, збудаванні з падвойнымі сценамі, выкладзенымі з камянёў. 

Пахавальныя помнікі прадстаўлены пераважна бескурганнымі пахаваннямі. Практыкавалася як крэмацыя, так і інгумацыя. У пахаванні змяшчалі багаты інвентар: зброю, посуд, упрыгожанні. Рэчы часта ламалі ў рытуальных мэтах. Найбольш багатых і знатных прадстаўнікоў хавалі ў калясніцах, якія і змяшчалі ў магілу. 

Для латэнскай культуры характэрны кароткiя мячы без скрыжавання і доўгiя мячы (каля 80 см) з выгнутым скрыжаванням i багата арнаментаванымi похвамі (рус. ножны). На позніх этапах існавання культуры атрымалі распаўсюджанне вельмi доўгiя (звыш 1 м) мячы без скрыжавання Вядомы таксама кінжалы, дзіды, баявыя сякеры і г.д. Уся зброя была выраблена з жалеза. Похвы аздабляліся дэкаратыўнымі элементамі, вырабленымі з бронзы

Частымі знаходкамі з’яўляюцца ўпрыгожанні. Найбольш тыповае латэнскае ўпрыгожанне – грыўна (т.н. тарквес), вырабленая з бронзы, золата, срэбра. Шырока распаўсюджаныя бранзалеты, фібулы і г.д.

Кераміка была вырабленая на ганчарным коле. Посуд часта ўпрыгожвалі выявамі людзей і жывёл, складанымі арнаментамі. Сустракаліся таксама бронзавыя пасудзіны. 

Асновай гаспадаркі было ворыўнае земляробства. Вырошчвалі авёс, жыта, пшаніцу і г.д. Разводзілі буйную і дробную рагатую жывёлу, свіней, коней. Насельніцтва займалася таксама чорнай і каляровай металургіяй. Кельты перанялі ў грэкаў і рымлянаў практыку чаканкі манет. Першыя манеты былі грубымі імітацыямі антычных рэчаў, з цягам часу кельты навучыліся вырабляць уласныя манеты з тыповымі кельцкімі выявамі, імёнамі правадыроў, запісанымі лацінскімі літарамі.

Рэлігійныя ўяўленні носьбітаў латэнскай культуры рэканструяваныя на падставе вывучэння пісьмовых і археалагічных крыніц. Насельніцтва ўзводзіла свяцілішчы ў выглядзе драўляных, каменных храмаў з ідаламі ў цэнтры. Вядомыя і сакральныя месцы, абнесеныя агароджай. Даследчыкі мяркуюць, што кельты практыкавалі культ мёртвай галавы, салярны культ, культ хтанічнай (падземнай) багіні і г.д.

 

Дата: 2019-02-02, просмотров: 373.