Асновы археалагічнай тэрміналогіі
Поможем в ✍️ написании учебной работы
Поможем с курсовой, контрольной, дипломной, рефератом, отчетом по практике, научно-исследовательской и любой другой работой

УВОДЗІНЫ

 

План

 

1. Археалогія як навука

1.1. Месца археалогіі ў сістэме навук

1.2. Сацыяльныя функцыі археалогіі

1.3. Археалагічная спецыялізацыя

2. Асновы археалагічнай тэрміналогіі

2.1. Базавыя (фундаментальныя) паняцці археалогіі

2.2. Тэматычны міні-слоўнік

3. Метады археалагічных даследаванняў.

3.1. Палявыя даследаванні;

3.2. Апрацоўка матэрыялаў і папярэдні аналіз даных; 3.3. Інтэрпрэтацыя даных, гістарычныя рэканструкцыі. 4. Археалагічная перыядызацыя

 

 

Ілюстрацыі па тэме прыведзены ў Прэзентацыі 1.

 

1. Археалогія як навука      1.1. Месца археалогіі ў сістэме навук

Археалогiя (ад грэчаскiх слоў: “архайос” – старажытны і “логас” – словы, веды) – навука, якая вывучае мінулае чалавецтва па матэрыяльных рэштках дзейнасці чалавека.  

Аб’ектамi археалагiчнага вывучэння з’яўляюцца рэчавыя крынiцы: паселiшчы, могiльнiкi, майстэрнi, рэшткi старажытных умацаванняў, архiтэктурныя збудаваннi, старажытныя шахты, наскальныя малюнкi, камянi з надпiсамi, свяцiлiшча, скарбы, асобныя знаходкi.

Археалогія часта падзяляецца на першабытную (дапісьмовую) і протагістарычную (пісьмовую). Мяжа паміж “дагісторыяй” і “гісторыяй” у розных краінах праводзіцца па-рознаму, што звязана з неаднолькавым часам узнікнення і распаўсюджання пісьменнасці ў розных рэгіёнах.

Большая частка чалавечай гiсторыi была безпiсьмовай, таму адзiнай крынiцай для вывучэння гэтага перыяду з’яуляюцца разнастайныя рэшткi дзейнасцi людзей. Старажытныя пiсьмовыя крынiцы асвятляюць шматлікія старонкі мінулага, але, як правіла, яны не закранаюць усіх бакоў гісторыі чалавецтва. У такіх выпадак рэчавыя крынiцы вывучаюцца паралельна з пiсьмовымi крынiцамi адпаведных эпох, і менавіта археалогiя значна пашырае нашыя ўяўленні аб даўніх часах.

 Традыцыйна верхнiм парогам вывучэння аб’ектаў археалогii лічыцца XVIII ст., аднак сёння развіваюцца і накірункі, звязаныя з вывучэннем ХІХ і ХХ ст. 

У айчыннай традыцыі археалогія адносіцца да гістарычных навук (узгадайце крылаты выраз “Археалогія – гэта гісторыя, узброеная рыдлёўкай”). Аднак у розныя часы грамадства разумела месца археалогіі ў сістэме навук па-рознаму. 

Сам тэрмін “археалогія” узнік у Старажытнай Грэцыі. Гэтым паняццем карыстаўся філосаф Платон. У адной са сваіх кніг ён пісаў, што “археалогія” – гэта навука, якая мела справу з усёй “старажытнай гісторыяй”. У Сярэднявеччы археалогія была часткай геаграфіі – яна апісвала цікавыя мясціны той ці іншай краіны. У эпоху Адраджэння, калі адукаваная грамадскасць была захопленая антычным выяўленчым мастацтвам, археалогія стала часткай музейна-антыкварнай справы. У эпоху Асветніцтва археалогія фактычна займалася тым, што зараз адносіцца да сферы мастацтвазнаўства. Для рамантыкаў першай паловы ХІХ ст., якія ідэалізавалі мінулае і імкнуліся падмацоўваць свае думкі зваротам да старажытных помнікаў, археалагічная спадчына звязвалася з этнаграфіяй. Пачынаючы з другой паловы ХІХ ст. для значнай часткі еўрапейскіх навукоўцаў археалогія пераўтвараецца ў гістарычна арыентаваную дысцыпліну. У ЗША археалогія з’яўляецца часткай антрапалогіі, а менавіта сацыяльна-культурнай антрапалогіі.

Нягледзячы на тое, што археалогія займаецца вывучэннем далёкага сацмінулага, гэтая навука вельмі моцна звязаная з жыццём сучаснага грамадства. 

1.2. Сацыяльныя функцыі археалогіі – гэта ролі, якія навука выконвае ў жыцці грамадства і якія ў сваёй сукупнасці абумоўліваюць яе сацыяльную каштоўнасць.

• Функцыя сацыяльнай памяці. Сацыяльная памяць – гэта назапашванне і захаванне ў памяці чалавецтва досведу ўсіх мінулых пакаленняў. Гэта памяць, накіраваная на забяспячэнне ўстойлівасці развіцця і жыцця грамадства. Археалогія выступае як пасрэдніца паміж пакаленнямі чалавецтва.

• Навукова-пазнавальная функцыя. Сэнс функцыі – у прадстаўленні грамадству ведаў аб мінулым.

• Светапоглядная функцыя. Археалогіі належыць істотная роля ў станаўленні навуковага светапогляду чалавека.

• Палітыка-ідэалагічная функцыя. Археалагічная спадчына часта выкарыстоўваецца дзеля рэалізацыі пэўных палітычных і ідэалагічных мэтаў. Археалогія адыгрывае значную ролю ў фарміраванні народнай (нацыянальнай) ідэнтычнасці. Часам археалогія выкарыстоўваецца для сцверджання даўнасці нацыянальнай традыцыі і, як вынік, для пацвярджэння “гістарычнага права” пэўнай дзяржавай на зямлю. Гэта практыка распаўсюджаная ў розных краінах, аднак варта памятаць, што яна вельмі шкодная як для грамадстваў, так і для самой навукі. Таму праблема барацьбы супраць нацыяналістычных спекуляцый на падставе археалагічных помнікаў застаецца актуальнай.

• Эканамічная функцыя. Мінулае мае істотную матэрыяльную вартасць. На постсавецкай прасторы археалагічная спадчына – і то не ў поўнай ступені – запатрабаваная музейнай, турыстычнай і інш. падобнымі сферамі. У шэрагу краін свету вынікі археалагічных даследванняў выкарыстоўваюцца рознымі галінамі гаспадаркі (у сельскай гаспадарцы, будоўлі, медыцыне і інш).

 

Археалагічная спецыялізацыя

У сучаснай археалогіі назіраецца пэўная спецыялізацыя. Вылучэнне даследчых накірункаў адбываецца на падставе выкарыстання розных крытэрыяў, напрыклад: 

1) паводле эпох і перыядаў (напрыклад, археалогія каменнага веку, неаліту, эпохі бронзы, сярэдневяковая, антычная, і г.д.); 

2) паводле вылучаных этнічных груп і народаў (напрыклад, археалогія славян, балтаў і г.д.); 

3) паводле гісторыка-геаграфічнага і дзяржаўна-адміністрацыйнага падзелу (напрыклад, археалогія Месапатаміі, Беларусі, Падняпроўя,

Прыбалтыкі, і г.д.); 

4) паводле спосабаў здабывання археалагічных ведаў (археалогія падводная, эксперыментальная, «мокрая», паветраная і інш.). 

Паветраная археалогія – гэта галіна археалогіі, якая займаецца пошукам і вывучэннем археалагічных аб’ектаў з дапамогай аэрафотаздымкі. 

Падводная археалогія – гэта галіна археалогіі, якая займаецца вывучэннем старадаўніх аб’ектаў, што затоплены вадою.

«Мокрая» археалогія – тыя археалагічныя даследаванні, якія праводзяцца на месцы затарфаваных, прытопленых археалагічных помнікаў.

Эксперыментальная археалогія – гэта галіна археалогіі, у межах якой даследчыкі спрабуюць экперыментальным шляхам зрабіць артэфакты альбо аб’екты, падобныя археалагічным, і такім чынам зразумець, як ажыццяўлялася дзейнасць людзей у старажытнасці.  

5) у залежнасці ад прыхільнасці археолага да адпаведнай сферы археалагічнай дзейнасці ён можа лічыцца спецыялістам у палявой альбо тэарэтычнай, музейнай альбо ўніверсітэцкай (акадэмічнай) археалогіі. 

 

 

Археалагічная перыядызацыя

У 1836 г. дацкі вучоны Крысціян Томсан займаўся сістэматызацыяй калекцыі зброі Нацыянальнага музея ў Капенгагене. Ён падзяліў археалагічныя знаходкі, у залежнасці ад матэрыялу, з якога яны былі вырабленыя, на тры групы, і размясціў іх у эвалюцыйным парадку: каменныя, бронзавыя і жалезныя вырабы. Гэты падыход заклаў падмурак археалагічнай перыядызацыі. На працягу апошніх 150 гадоў такая сістэматызацыя неаднаразова ўдасканальвалася, аднак яна і дагэтуль застаецца актуальнай.

Такім чынам, у гісторыі чалавецтва вылучаюць каменны, бронзавы і жалезны вякі.

Каменны век падзяляецца на 3 перыяды:

1) старажытны каменны век – палеаліт

2) сярэдні каменны век – мезаліт

3) новы каменны век – неаліт

Палеаліт пачаўся каля 3 млн. гадоў таму и скончыўся каля 10 тыс. гг.

таму).

Мезаліт датуецца перыядам 9 – 5 тыс. гг. да н.э.

Неаліт датуецца часам 5 – 3 тыс. гг. да н.э.

Бронзавы век датуецца часам: канец 3 тыс. да н.э. – 7 ст. да н.э.

Перыядызацыя жалезнага веку ажыццяўляецца па заходнееўрапейскай схеме і па айчыннай, усходнееўрапейскай схеме. Па цэнтральнаеўрапейскай перыядызацыі ў жалезным веку вылучаюцца 4 перыяды: 

-гальштацкі (8 – 5 ст. да н.э.) 

-латэнскі (5 ст. да н.э. – рубеж н.э.)

-рымскі (першыя стагоддзі н.э.)

-эпоха вялікага перасялення народаў (350–450 гг. н.э.).

Па ўсходнееўрапейскай перыядызацыі жалезны век падзяляецца на ранні жалезны век (7 ст. да н.э. – 5 ст. н.э.) і позні жалезны век (5–8 ст. н.э.).

Археалагічныя помнікі, якія датуюцца 7–18 ст. н.э., адносяцца да сярэднявечнага часу. Гэты час падзяляецца на 2 перыяды: ранняе сярэдневякоўе (7–13 ст.) і позняе сярэдневякоўе (14–18 ст.). 

 


ТЭМА 1. КАМЕННЫ ВЕК План

 

1. Палеаліт 

1.1. Ніжні (ранні) палеаліт

1.2. Сярэдні палеалiт

1.3. Верхнi (позні) палеалiт

1.4. Фінальны палеаліт 

2. Мезалiт

3. Неаліт

 

Ілюстрацыі па тэме прыведзены ў Прэзентацыі 2

 

Каменны век – найбольш працяглы перыяд у гісторыі чалавецтва, на працягу якога асноўнай сыравінай для вырабу прылад працы з’яўляўся камень (крэмень), 

Са зменай умоў жыцця ў працэсе працоўнай дзейнасці мяняўся і сам чалавек – эвалюцыяніраваў яго інтэлект, удасканальваліся прылады працы і зброя, ускладняліся заняткі і побыт. З ўлікам гэтага навукоўцы падзяляюць каменны век на тры перыяды: 

1) старажытны каменны век – палеаліт

2) сярэдні каменны век – мезаліт

3) новы каменны век – неаліт

Кожны перыяд мае свае адметнасці, вызначальныя асаблівасці ў матэрыяльнай і духоўнай культуры, занятках чалавека. 

 

Палеаліт

 

Ранні (ніжні) палеаліт

Гэты перыяд падзяляецца на дзве эпохі: алдувайскую і ашэльскую.

Алдувайская эпоха названая па стаянцы Алдувай у Паўднёвай Афрыцы. Усе выяўленыя алдувайскiя помнiкi знаходзяцца ў зоне з цеплым клiматам. Асноўная іх частка адзначаецца ва Усходняй Афрыцы. Некаторыя алдувайскія артэфакты вядомыя таксама на поўначы кантыненту, Блізкім Усходзе і Закаўказзі.  

Алдувайскай эпоха датуеца перыядам каля 3 млн. – 700 тыс. гадоў таму. 

Найбольш старажытным помнiкам алдувайскай эпохi з’яўляецца стаянка Када-Гона ў Эфiопii (2,6–2,5 млн. гадоў таму назад), Каобi-Фора ў Кенii (2 млн. гадоў) і інш. 

Для алдувайскай эпохі характэрны груба апрацаваныя каменныя прылады. Выкарыстоўвалася параўнальна невялiкая колькасць вiдаў прыладаў: 1) аббітыя кавалкі пароды (галькі і інш.), 2) сколы, адбітыя ад пароды (адшчэпы), 3) адбойнікі (камяні, якія выкарыстоўвалі для апрацоўкі пароды).

Аббітыя кавалкі пароды – як правіла, груба аббiтыя камянi з некалькімі гранямi, якія выкарыстоўвалiся ў якасцi ўдарнай прылады для апрацоўкi раслiннай i жывельнай ежы (т.зв. шматграннiкі цi сфероiды), альбо выкарыстоўваліся для атрымання сколаў-нарыхтовак (нуклеусы). Характэрным тыпам прылад алдувайскай эпохі з’яўляюцца чоперы i чопiнгi. Чоперы – гэта галечныя прылады, працоўны край якіх быў утвораны аббiўкай з адной паверхнi. Чопiнгi – прылады, працоўны край якiх сфармiраваны грубымi сколамi з дзьвюх паверхняў. Функцыі чопераў і чопінгаў былі самыя разнастайныя (рубка галінак, рашчляненне туш жывёлін і інш.). Прылады працы былi яшчэ невялiкiмi па памерах (каля 8–10 см). 

Знойдены адшчэпы, некаторыя з якіх маюць дробныя сляды аббіўкі па гранях (такі від апрацоўкі каменю і крэменю называецца рэтуш). Прылады з адшчэпаў выкарыстоўваліся для выканання самых розных дзеянняў. 

У якасці прыладаў выступалі таксама косткі жывёл, пра што сведчаць знаходкі неапрацаваных костак са слядамі зношанасці і спрацаванасці.

Алдувайскія помнікі размяшчаліся на берагах рэк і азёр, у месцах, парослых дрэвамі. Надзейных доказаў існавання на такіх помніках жылых пабудоў няма. Аднак у Алдувайскай цяснiне на адной са стаянак пры раскопках было выяўлена чатырохметровае кола з бальзату, якое, як мяркуюць, магло служыць падмуркам для прымiтыўнага жытла ў выглядзе шалаша.

Прылады працы алдувайскага аблічча вырабляў перадусім Homo habilis (чалавек ўмелы), чыі парэшткі знойдзены на шматлікіх помніках. Аднак сёння даследчыкі не выключаюць, што такія прылады пачалі вырабляць яшчэ аўстралапітэкі. Нарэшце, самыя познія алдувайскія помнікі былі звязаныя з дзейнасцю архантрапаў – Нomo ergaster ці Homo erectus.

Гамініды займалiся перадусім збiральнiцтвам пладоў, карэнняў i iнш. Аснову рацыёна складала менавіта раслінная ежа. На помніках знойдзены і шматлікія косткі жывёл, што сведчыць аб паступовым узрастанні ролі мяснога харчавання. Даследчыкі мяркуюць, што галоўнымі крыніцамі мяса для аўстралапітэкаў і хабілісаў былі тушы жывёл, якія загінулі натуральнай смерцю. Паляванне з’яўлялася перыядычным заняткам, і яго аб’ектамі былі жывёлы дробных памераў.

Ашэльская эпоха названа па стаянцы на тэрыторыі сучаснай Францыi. Эпоха датуецца перыядам каля 700–150/120 тыс. гг. таму. Найбольш старажытныя помнікі выяўлены на тэрыторыі Усходняй Афрыкі. У ашэльскую эпоху з’явіліся ўмовы для рассялення людзей таксама ў Еўропе (у прыватнасцi, у Закаўказзi, Малдавii, Прыкарпаццi), на Блізкім Усходзе, у Паўднёвай Азіі. 

У пачатку ашэля ў асобных раёнах Афрыкі яшчэ дажывалі свае часы апошнія аўстралапітэкі, але асноўнымі персанажамі новай эпохі сталі архантрапы. На заключных этапах з’явіліся першыя палеантрапы (Homo Sapiens Neanderthalensis).

У ашэльскі час з’яўвіліся новыя прылады працы – параўнальна вялікія артэфакты, апрацаваныя з двух бакоў (адсюль іх агульная назва – біфасы). Для іх вырабу пачалі выкарыстоўваць не толькі цвёрдыя пароды каменя, але і крэмень, які ў пазнейшыя часы стаў галоўным відам сыравіны.

Асноўнымі тыпамі прылад былі ручное рубiла i клiвер. Ручное рубiла – гэта авальная, апрацаваная з двух бакоў, прылада даўжынёй 10–20 см, вырабленая з валуну цi кавалку каменю. Рубілы былі шматфункцыянальнымі прыладамі. Яны выкарыстоўваліся для рубкі і апрацоўкі дрэваў, для раструшвання костак, для рэзання, скраблення і г.д. 

Клiвер (калун), у адрозненне аб рубіла, меў прамое цi злегку выпуклае сякучае лязо, якое не мела дадатковай апрацоўкі. Гэтыя прылады вылучаліся сваёй трохвугольнай, трапецыяпадобнай цi прамавугольнай формай. Кліверы таксама выкарыстоўваліся для выканання разнастайных відаў працы

(нанясення ўдару, рэзання, скраблення i г.д.).

Паступова павялічвалася колькасць і асартымент прыладаў, вырабленых не з натуральных кавалкаў сыравіны, а з адшчэпаў (спецыяльных сколаў-нарыхтовак). Адшчэпы часта дадаткова апрацоўвалі рэтушшу і выкарыстоўвалі ў якасці нажоў, скрабачоў. Запатрабаванне ў такіх нарыхоўках садзейнічала ўдасканаленню тэхнікі апрацоўкі каменю і крэменю.

Да ашэльскага часу адносяцца першыя надзейныя звесткі аб выкарыстанні драўляных вырабаў. На шматлікіх помніках знойдзены абломкi дзiд, палак-капалак, вастрый і г.д. Па-ранейшаму ва ўжытку знаходзіліся і касцяныя прылады – як правіла, косткі з мінімальнай апрацоўкай. 

Пашырэнне тэрыторыі, занятай архантрапамі, было выклікана не толькі экалагічнымі, але і дэмаграфічнымі фактарамі – перадусім павялічэннем колькасці гамінід. Гэта, ў сваю чаргу, было звязана са зменай гаспадарчых стратэгій. У ашэльскую эпоху атрымала распаўсюджанне сістэматычнае паляванне на буйных жывёл (сланоў, капытных жывёл і інш.). Аднак аснову жыццезабеспячэння па-ранейшаму складала збіральніцтва. 

Вучоныя мяркуюць, што ў ашэлі пачаўся паступовы пераход

насельніцтва да аседлага жыцця. Гэты працэс у розных рэгіёнах праходзіў парознаму. Даследчыкамі былі выяўлены шматлікія паселішчы некалькіх тыпаў. Вядомы і доўгачасовыя, і кароткачасовыя стаянкі. Выяўлены таксама майстэрнi, якія размяшчаліся ў месцах, багатых на камень альбо крэмень. У гэтых майстэрнях чалавек праводзіў першапачатковую апрацоўку сыравіны. Знаходкі рэштак вогнішчаў сведчаць аб тым, што ў ашэльскі час чалавек навучыўся здабываць агонь. На выключаецца, што аседласць садзейнічала першаму падзелу працы – на жаночую і мужчынскую. 

 

Сярэдні палеаліт

Традыцыйна гэты перыяд атаясамліваецца з мусцьерскай эпохай, якая атрымала сваю назву па стаянцы на тэрыторыі сучаснай Францыi. Датуецца перыядам каля 150/120 – 40/30 тыс. гг. таму.

Каля 250 тыс. гг. таму пачалі ўзнікаць новыя, не характэрныя для ашэля, тэхнікі апрацоўкі каменя. Працэс іх распаўсюджання цягнуўся прыкладна да 150 – 100 тыс. гг. таму, калі ў Еўропе, Заходняй Азіі і на большай частцы Афрыкі ўсталяваліся мусцьерскія традыцыі апрацоўкі каменнай і крамянёвай сыравіны. 

Паралельна адбывалiся грунтоўныя змены ў фiзiчнай будове чалавека. На змену архантрапам канчаткова прыйшлі палеаантрапы. Іх парэшткі знойдзены на тэрыторыі Афрыкі, Еўропы, Азіі. Палеаантрапы, якія існавалі ў розных рэгіёнах, мелі пэўныя адрозненні паміж сабой. 

“Класічныя” неандэртальцы (Homo Sapiens Neanderthalensis) з’явіліся на тэрыторыі Еўропы не пазней за 130 тыс. гг. таму і жылі на яе абшарах цягам як мінімум 100 тыс. гг. 

У канцы мусцьерскай эпохі пачалася эра неаантрапа – чалавека сучаснага тыпу (Homo Sapiens Sapiens, краманьёнца). Каля 40–35 тыс. гг. таму чалавек сучаснага тыпу пранік на тэрыторыю Еўропы, што ў археалагічным плане звязваецца з пачаткам наступнага перыяду – верхняга палеаліту. 

Аснову матэрыяльнай культуры неандэртальцаў складалі вырабы з каменю і крэменю. Галоўная асаблівасць мусцьерскай індустрыі – павялічэнне ролі прыладаў, вырабленых з нарыхтовак – адшчэпаў. Яны станавіліся стандартызаванымі, удасканальвалася тэхніка іх атрымання. Для расшчаплення крэменю, акрамя масіўных каменных адбойнікаў, пачалі таксама выкарыстоўваць адбойнікі з косці і рогу.

У эпоху мусцье павялічылася колькасць тыпаў прылад працы. Характэрнымi вырабамі мусцьерскага часу з’яўлялiся востраканечнiкi, скрэблы i маленькiя рубiльцы. Востраканечнiкi – гэта вастрыі, якія мелi трохвугольную форму і былі апрацаваныя рэтушшу толькі па краю і толькі па аднаму боку. Яны маглi прымяняцца ў якасцi нажоў для рэзання мяса, скуры, дрэва, у якасцi кiнжалаў i наканечнiкаў дзiдаў. Характэрны для мусцье і розныя тыпы скрэблаў. Яны прадстаўлялі сабою авальныя, трохвугольныя цi прамавугольныя адшчэпы, апрацаваныя з аднаго цi некалькiх бакоў рэтушшу. Скрэблы выкарыстоўвалiся пры апрацоўцы туш жывел, пры апрацоўцы скур i дрэва. Акрамя таго, як і ў папярэднюю эпоху, частку прыладаў пераважна рубячага дзеяння выраблялі з асобных кавалкаў сыравіны. Аднак у мусцьерскі час іх памеры памяншаліся, а апрацоўка станавілася больш стараннай. 

Драўляныя прылады вельмі рэдкія. Вядомы толькі адзінкавыя знаходкі – напрыклад, дзіда, знойдзеная на тэрыторыі Германіі. На завостраным канцу вырабу захаваліся сляды полымя, якія сведчаць аб тым, што старажытны майстар мэтанакіравана апрацоўваў дрэва, імкнучыся зрабіць яго больш цвёрдым. 

У якасці сыравіны выкарыстоўвалася таксама костка. Як правіла, яе апрацоўка была мінімальная. Цэлыя косткі і іх фрагменты выконвалі функцыі кавадлаў, адбойнікаў, прыладаў для капання і г.д. Часам костку апрацоўвалі такім жа чынам, як і камень – адбівалі адшчэпы і наносілі рэтуш. 

Аснову гаспадарчай дзейнасцi чалавека складала паляванне. У сувязі з тым, што неандэртальцы, займаючы вялікія тэрыторыі Еўропы, Азіі і Афрыкі, пражывалі ў неаднолькавых экалагічных умовах, аб’екты палявання і стратэгіі палявання ў розных рэгіёнах істотна адрозніваліся. Адным з асноўных аб’ектаў палявання быў мамант. Паляванне на маманта было паспяховым толькi ў тым выпадку, калi яно вялося калектыўна. Практыкавалiся таксама паляванне на зубраў, паўночных аленяў, дзiкiх каней, пячорных мядзведзяў, а таксама на птушак. На некаторых помніках знойдзены своеасаблівыя зерняцёркі, што сведчыць аб тым, што ў мусцьерскую эпоху людзі займаліся збіральніцтвам.

Вядомы паселiшчы розных тыпаў. У горных раёнах неандэртальцы часта жылі ў пячорах. У іншых раёнах людзi засноўвалі свае паселішчы на берагах рэк, у блізкасці ад крыніц пітнай вады і месцаў вадапою жывёл. Насельніцтва, якое пражывалаў прыледавіковых рэгіёнах, звычайна будавала наземныя жытлы і паўзялянкі, і ўзводзіла гэтыя канструкцыі з костак буйных жывёл, перадусім мамантаў. Па меры магчымасці ў якасці будаўнічага матэрыялу выкарыстоўваліся таксама камяні, галінкі дрэў і інш. Унутры жытлоў археолагі часта выяўляюць рэшткі вогнішчаў, якія сведчаць аб ацяпленні памяшканняў. Вядомыя таксама такія помнікі, як паляўнiчыя лагеры, стаянкi-майстэрнi i г.д. Для майстэрань характэрна вялiкая колькасць расколатага крэменю i нязначная колькасць касцей жывёл. Караткачасовыя паляўнiчыя лагеры ўтрымлiваюць невялікую колькасць культурных рэшткаў, звычайна сустракаюцца косткi жывёл. Доўгачасовыя паляўнiчыя паселiшчы характарызуюцца моцным культурным пластам з вялiкаю колькасцю каменных прылад i фаўнiстычных рэшткаў. 

Да мусцьерскага часу адносяцца першыя вядомыя пахаваннi чалавека, якія даследчыкі звычайна звязваюць са з’яўленнем рэлiгiйных вераванняў. Пахаванні выяўлены на тэрыторыі і Еўропы, і Азіі. Яны былі грунтовыя, як правіла, размяшчаліся на тэрыторыі паселішчаў. Памерлых хавалі па абраду трупапакладання. Вядомы таксама пахаванні асобных частак цела. Напрыклад, археолагі неаднаразова вывучалі пахаванні, у якіх знаходзіліся толькі чарапы, альбо толькі доўгія косткі і г.д. Часта сустракаюцца пахаванні, у косткі былі пасыпаныя вохрай. Пахавальны інвентар звычайна адсутнічаў. 

У некаторых пахаваннях, акрамя парэштак людзей, выяўлены таксама косткі жывёл. Адным з найбольш вядомых неандэртальскiх пахаванняў з’яўляецца пахаванне хлопчыка 8–9 гадоў з грота Цешык-Таш ва Узбекiстане. Каля касцей размяшчалiся некалькi пар буйных казлiных рагоў, якiя стваралi кола. У пахаванні ў пячоры Шанiдар (тэрыторыя сучаснага Iрану) быў выяўлены пылок раслін. Гэта сведчыць аб тым, што на цела нябожчыка былі ўскладзены кветкі. На тэрыторыі Заходняй Еўропы выяўлены пахаванні ў каменных скрынях. У адной скрыні знаходзiлася пахаванне чалавека, у другой – мядзведзя. Некаторыя даследчыкі мяркуюць, што існаванне такіх абрадаў з’яўлялася вынікам зараджэння культу жывел.

Мусцьерскім часам датуюцца і нешматлікія праявы мастацтва:

знойдзены нешматлікія вырабы, упрыгожаныя наразнымі рытмiчнымі ямкамі i крыжыкамі, а таксама плямамі вохры.

У эпоху мусцье развівалася сацыяльная арганізацыя грамадства. Вядомы пахаванні фізічна абмежаваных людзей, інвалідаў. Напрыклад, у Шанідары было знойдзена пахаванне аднарукага неандэртальца. Натуральна, iснаванне такіх людзей без патрымкi калектыву было немагчымае. 

Разам з тым, у эпоху мусцье распаўсюджанай з’явай быў канібалізм. На шматлікіх помніках знойдзены раздробленыя i перамешаныя з косткамі жывёл чалавечыя косткі з выедзеным костным мозгам. Як мяркуюць даследчыкі, канфлікты былі неад’емнай часткай жыцця грамадства. 

 

Верхнi палеалiт

Эпоха верхняга палеалiту датуецца перыядам 40/30 – 14 тыс. гг. таму. У гэты час адбывалася далейшае развіццё матэрыяльнай і духоўнай культуры чалавека. Верхні палеаліт – час панавання неаантрапа, альбо чалавека сучаснага тыпу (Homo Sapiens Sapiens, краманьёнца). 

Самыя старажытныя парэшткі Homo Sapiens (косткі ўзростам каля 100 тыс. гг. таму) знойдзены на тэрыторыі Паўднёвай і Усходняй Афрыкі. Косткі неаантрапаў, якія датуюцца часам 100–70 тыс.гг. таму, знойдзены на Блізкім Усходзе, у ізраільскіх пячорах. Каля 50–60 тыс. гг. таму пачалося рассяленне краманьёнца за межы Афрыкі і Блізкага Усходу. Каля 40–35 тыс. гг. таму чалавек сучаснага тыпу пранік на тэрыторыю Еўропы. У канцы верхняга палеаліту крамаьёнец засяліў тэрыторыю Паўночнай Амерыкі, Аўстраліі і Акіяніі. Як мяркуюць даследчыкі, у працэсе рассялення розныя папуляцыі краманьёнцаў былі вымушаны дапасоўвацца да розных экалагічных умоў, што паступова вяло да фарміравання рас. На тэрыторыі Еўропы краманьёнцы пэўны час суіснавалі з неандэртальскім насельніцтвам. Асаблівасці гэтага суіснавання, дакладны час і прычыны знікнення неандэртальцаў дагэтуль застаюцца не высветленымі. 

Пачатак верхняга палеаліту характарызуецца наступленнем карэнных змен у тэхніцы і спосабах апрацоўкі сыравіны. 

1) Вядучым тыпам нарыхтоўкі становяцца не адшчэпы, а доўгія сколы параўнальна сіметрычных абрысаў – т.зв. пласціны. Для іх атрымання выкарыстоўваліся не плоскія нуклеусы, як у папярэдні час, а нуклеусы прызматычнай формы. Пры расшчапленні крэменю пачалі прымяняць не толькі аббіўку (г.зн. удар пры дапамозе адбойніка), але і прынцыпова новую тэхніку – адціскную, калі на сыравіну ўздзейнічалі дакладна разлічаным націскам пры дапамозе дадатковых прыстасаванняў (адціскальнікаў). Гэта дазваляла атрымоўваць нарыхтоўкі больш сіметрычных і правільных абрысаў. З пласцін-нарыхтовак выраблялі вялікую колькасць разнастайных крамянёвых прылад. Найважнейшымi з iх былi: разцы, якiя служылi для апрацоўкi косцi, рога, дрэва; скрабкi з паўкруглым дасканала адрэтушаваным лязом, прыстасаваным для скраблення скур; праколкi, якiя служылi для свiдравання дрэва i косцi, для праколвання скур і г.д.

2) З’яўленне і распаўсюджанне шматлікіх і разнастайных касцяных і рагавых прыладаў працы: наканечнiкаў дзiдаў i дроцiкаў, гарпуноў, наканечнiкаў матык i кiрак, шылаў, iголак i г.д. Для вырабу гэтых прыладаў пачалі выкарыстоўваць метады, якія не был вядомыя ў папярэднія эпохі: рэзанне, свідраванне, шліфаванне і г.д. Многiя касцяныя прадметы ўпрыгожваліся гравiрованымi схематычнымi малюнкамі, а зрэдку – і выявамi жывёл, людзей.

Эпоха верхняга палеаліту – час пахаладання, калі на вялікіх еўрапейскіх абшарах сфаміраваліся аднародныя ландшафты, флора і фауна якіх былі характэрныя для раёнаў тундры, лесатундры. Гэта эпоха – час панавання т.зв. “мамантавай фауны”. Асноўным аб’ектам палявання быў мамант, аднак паляванне вялося таксама на шарсцiстага насарога, пячорнага iльва, паўночнага аленя, дзiкага каня, быкоў i iнш. жывел. Як мяркуюць даследчыкі, у якасці паляўнічай зброі выступала кап’якідалка – своеасаблівае кароткае кап’ё (дзіда). Значную ролю ў гаспадарцы людзей верхняга палеалiта iграла паляванне на дробных жывел: зайцаў, суркоў i птушку. Мяркуюць, што паляванне на іх вялося пры дапамозе разнастайных сілкоў. Рыбалоўства яшчэ адыгрывала нязначную ролю. 

У верхнепалеалітычны час ісотна павялічылася колькасць паселішчаў (стаянак). Ва ўмовах халоднага клімату чалавек быў вымушаны будаваць трывалыя жытлы з ацяпленнем. Узводзіліся і наземныя жытлы, i заглыбленыя ў глебу паўзямлянкi. Найбольш важным канструктыўным элементам жылых пабудоў быў каркас з біўняў маманта, абкладзены ў аснове іншымі косткамі гэтай жывёліны. Паверх костак шчыльна ўкладаліся скуры. Найбольш распаўсюджаным тыпам жытла былi невялiкiя збудаванні акруглай у плане формы. Былi распаўсюджаны і доўгiя жытлы, якія як бы складалiся з некалькiх акруглых хацiн. Па доўгай восi такога жытла размяшчаўся ланцужок вогнiшчаў. Побач з жытламі археолагі выяўляюць разнастайныя ямы гаспадарчага прызначэння. 

Для верхнепалеалітычнага часу характэрна павялічэнне колькасці пахаванняў і ўскладненне пахавальнага абраду. Найбольш старажытныя пахаванні краманьёнцаў, якія датуюцца каля 100 тыс. гг. таму, выяўленыя на гары Кармэль на тэрыторыі Ізраэля. У грунтовых ямах былі пахаваныя мужчыны, жанчыны і дзеці. Каля пахаваных змяшчаўся пахавальны інвентар. 

Шматлікія пахаванні адзначаюцца і на тэрыторыі Заходняй Еўропы. Напрыклад, у Італіі было выяўлена т.зв. “пахаванне князя”. У пячоры Арэна Кандзіда быў знойдзены шкілет маладога мужчыны, забітага ў выніку ранення ў шыю. Чалавечыя парэшткі былі пасыпаныя чырвонай вохрай і жоўтым фарбавальнікам. У пахаванні знаходзіліся шматлікія пацеркі з іклаў маманта, фрагменты рогу з гравіроўкамі, крамянёвыя прылады працы. 

Вядомы пахаванні і на тэрыторыі Усходняй Еўропы. Аднымі з самых відовішчных пахавальных помнікаў з’яўляюцца пахаванні, выяўленыя на стаянцы Сунгiр каля р. Уладзiмiр. Археолагамі былi адкрыты пахаваннi, якія датуюцца часам каля 25 тыс. гадоў таму назад. На дне магiл быў знойдзены вугаль. У першым пахаваннi знаходзiўся шкiлет мужчыны 55–65 гадоў. На грудзях у яго была знойдзена свiдраваная падвеска з галькi, на руках больш за 20 бранзалетаў з бiўня маманта. На шкiлеце размяшчалiся да некалькі тысяч касцяных пацерак, якiя былi калiсьцi нашыты на адзенне. Iх размяшчэнне дазволіла даследчыкам рэканструяваць касцюм, якi складаўся са скуранай цi замшавай кашулi тыпу малiцы, доўгiх скураных штаноў i абутку тыпу макасiнаў. На ягонай галаве была шапка, таксама ўпрыгожаная трыма радамi пацерак i пясцовымi iкламi. У другім пахаванні знаходзіліся шкiлеты падлеткаў (дзяўчынка 7–8 гадоў i хлопчык 12–13 гадоў), прыцiснутыя адзiн да другога галавамi. Побач з кожным шкiлетам знаходзіліся дзiды з рашчэпленых бiўняў маманта. На руках пахаваных былi надзеты касцяныя бранзалеты. 

У верхнiм палеалiце ўзнiкае своеасаблiвае мастацтва, прадстаўленае пячорным жывапiсам, скульптурай з косцi i каменю i гравiроўкай на касцяных пласцiнах.

У верхнепалеалітычны час адбывалася далейшае ўскладненне культурнай сітуацыі. На тэрыторыі Еўропы і Азіі археолагамі вылучаны некалькі дзесяткаў археалагічных культур, для кожнай з якіх характэрныя асаблівасці ў тэхніцы апрацоўкі крэменю і інш. відаў сыравіны, спосабах вырабу прыладаў працы, домабудаўніцтве, гаспадарчай дзейнасці і г.д.  

 

Фінальны палеаліт

Фінальны палеаліт датуецца перыядам 14 – 10 тыс. гг. таму. Гэта быў час паступовага адыходу ледніку на поўнач. Адступанне ледавіка не было паступовым, надараліся і зацяжныя пахаладанні. У новых умовах нязначнага пацяплення наступілі змены флоры і фауны. Знікла мамантавая фауна (маманты, валасатыя насарогі і інш.). Фінальны палеаліт – час панавання паўночнага аленя, які і стаў асноўным аб’ектам палявання старажытнага чалавека. Паўночныя алені – жывёлы міграцыйныя, якія летнім часам перамяшчаюцца да ўзбярэжжа Балтыкі, а зімой – на поўдзень, у раён Палесся, Прыкарпацця і інш. Адпаведна за сваёй дабычай павінны былі перамяшчацца і паляўнічыя. Гэтыя акалічнасці вялі да змянення матэрыяльнай і, верагодна, духоўнай культуры старажытнага чалавека. 

Неабходнасць палявання на паўночнага аленя выклікала з’яўленне новых відаў зброі. Паляванне на жывёлу, якая перамяшчалася хутчэй, чым паляўнічы, з дапамогай дзіды было неэфектыўным. Таму ў фінальнапалеалітычны час атрымалі распаўсюджанне лук і стрэлы. 

Для сваіх паселішчаў людзі фінальнапалеалітычнага часу выбіралі сухія месцы на карэнным беразе або на ўчастках надпоймавых тэрас буйнейшых рэк. Адсутнасць на стаянках тоўстых культурных напластванняў, рэшткаў вялікіх доўгачасовых збудаванняў і невялікая колькасць знаходак сведчаць, што чалавечыя калектывы былі не толькі малалікімі, але і часта перамяшчаліся з месца на месца. Таму стаянкі былі пераважна месцамі іх кароткачасовага знаходжання. Плошчы паселішчаў былі невялікімі. Жытлы будаваліся з жэрдак, накрываліся, відавочна, карой або скурамі, у плане былі авальнымі або акруглымі. Як правіла, збудаванні заглыбляліся ў зямлю на 2030 см. Навокал жытлаў размяшчаліся вогнішчы і гаспадарчыя ямы, у якіх, верагодна, захоўваліся харчовыя запасы. На некаторых стаянках былі знойдзены скапленні крамянёвых прылад працы і адыходаў іх вытворчасці – своеасаблівыя майстэрні, працоўныя месцы майстраў. 

У гэты час у Еўропе фарміруюцца шматлікія археалагічныя культуры: гамбургская, лінгбійская, арэнсбурская, свідэрская і інш. Шэраг з культур адзначаюцца і на тэрыторыі нашай краіны, таму больш падрабязны разгляд фінальнапалеалітычных старажытнасцяў будзе дадзены ў курсе “Археалогія Беларусі”. 

 

Мезалiт

2.1. Агульная характарыстыка эпохі. Прыкладна 10 тыс. гадоў таму (ці каля 9 тыс. гг. да н.э.) закончыўся ледавiковы перыяд. Знікненне ледавіка прывяло да значных змен прыроднага асяроддзя – рэзкага пацяплення. Флора і фауна Цэнтральнай, Усходняй Еўропы набыла сучасны выгляд. Паўночны алень міграваў на поўнач. Частка фіальнапалеатычнага насельніцтва мігравала за аб’ектам палявання, частка засталася на асвоеных тэрыторыях і была вымушана прастасоўвацца да новых умоў. З гэтага часу бярэ адлiк новая эпоха, якая атрымала назву “мезалiт”. Асновай гаспадаркі мезалітычнага насельнітцва было паляванне, збіральніцтва і рыбалоўства. Гаспадарчыя прыярытэты чалавека знайшлі сваё адлюстраванне ў матэрыяльнай культуры. Вызначальнымі асаблівасцямі мезалітычнай эпохі з’яўляюцца наступныя рысы:

1) Шырокае і паўсюднае распаўсюджанне лука i стрэл. Гэтая зброя з’явілася яшчэ ў палеалітычны час. У мезаліце, у параўнанні з папярэдняй эпохай, адзначаюцца крамянёвыя наканечнікі стрэл больш разнастайных абрысаў і больш стандартызаванай формы, памеры артэфактаў істотна памяншаюцца. Параўнальна частай знаходкай з’яўляюцца і рэшткі драўляных лукаў і дрэвак стрэл. Як мяркуюць даследчыкі, у мезалітычны час паляванне стала індывідуальным заняткам. 

2) Распаўсюджанне новых і істотнае ўдасканаленне раней вядомых тэхнік і спосабаў апрацоўкі крэменю. Свайго росквіту дасягае адціскная тэхніка расшчаплення, накіраваная на атрыманне рэгулярных пласціннарыхтовак, неабходных для вырабу стандартызаваных прылад працы. Вялікае значэнне набывае ўкладышавая тэхнiка, заснаваная на выкарыстанні мікралітаў – дробных вырабаў памерамі 1–3 см, апрацаваных рэтушшу. Мікраліты мелі разнастайныя формы, вельмі часта геаметрычныя: трохвугольнікі, трапецыя, ромбы і г.д. Яны выкарыстоўваліся ў якасці ўкладышаў для састаўных прылад працы (стрэл, гарпуноў і г.д.). Мікраліты мацаваліся ў спецыяльна падрыхтаваных пазах касцяных, рагавых альбо драўляных прылад з дапамогай вяжучых раствораў, перавязак. 

3) Распаўсюджанне рыбнай лоўлі. Археалагічныя знаходкі і выяўленчыя помнікі сведчаць аб відавочным развіцці і ўдасканаленні гэтай формы гаспадарчай дзейнасці. З эпохай мезаліту звязваюць вынаходніцтва чоўна i вясла. Лоўля рыбы вялася з дапамогай вуды, сетак, гарпуноў. На шматлікіх стаянках былі выяўлены косткі і лускі рыб, па якіх даследчыкі вызначылі, што ў лясной зоне нейбольш папулярнымі відамі рыб былі шчупак, сом, лешч, акунь. 

4) У мезалітычны час пачынаецца даместыкацыя (прыручэнне і развядзенне) жывёл. Першай жывелай, прыручанай чалавекам, быў сабака. Археалагiчныя дадзеныя сведчаць аб тым, што ў мезалiце сабака выкарыстоўваўся чалавекам у першаю чаргу як крынiца харчавання. 

Адыход ледавіка прывёў да з’яўлення новых вялізных незаселеных прастораў, і характэрнай рысай гэтага перыяду стала інтэнсіўнае іх засваенне чалавекам. Менавіта ў мезаліце была заселена асноўная частка тэрыторыі Беларусі. Людзі сяліліся на берагах рэк, займаючы ўжо не асобныя мясціны, а даволі вялікія адрэзкі рачных далін. Адным з галоўных патрабаванняў пры выбары месца жыхарства была блізкасць багатага рыбай вадаёма і радовішчаў крэменю, на якіх атрымлівалі сыравіну для вырабу прылад працы. Жытлом мезалітычных людзей былі даволі лёгкія збудаванні, аснову якіх складалі канструкцыі з жэрдак. Яны былі акруглыя ў плане дыяметрам каля 5 метраў або падпрамавугольныя. У месцах, багатых крамянёвай сыравінай, ствараліся спецыяльныя майстэрні, на якіх вялася крэмнеаапрацоўка. 

2.2. Археалагічныя культуры. У мезалітычны час на тэрыторыі Еўропы адбываліся культурныя працэсы, якія адрозніваліся ад папярэдняй эпохі значна ўзросшай складанасцю. У эпоху мезалiту склаліся некалькi культурных зон, якiя адрознiваліся па характару крамянёвага iнвентару. Тэрыторыя Беларусi, на думку большасці даследчыкаў, уваходзiла ў адну культурна-гiстарычную зону з Прыбалтыкай, Польшчай, Волга-Окскiм мiжрэччам i некаторымi iншымi рэгiенамi.

Адной з найбольш яскравых культур гэтай зоны ў эпоху ранняга мезаліту з’яўлялася кундская культура, якая атрымала назву па паселiшчы каля г. Кунда (Эстонія). 

Арэал культуры ахопліваў тэрыторыю Усходняй Прыбалтыкі, Прыанежжа, Ленінградскай вобласці; на тэрыторыі Беларусі – басейн Заходняй Дзвіны, Нёмана, верхняй Прыпяці. 

Храналогія. Агульны час існавання культуры – VIII–V тыс да н.э., на тэрыторыі Беларусі – VIII–VII тыс. да н.э.

Помнікі. Асноўны тып помнікаў – стаянкі, радзей адзначаюцца пахаванні. Вялiкi могiльнiк мезалiтычнай эпохi адкрыты ў Звейнiеке (Латвiя). Тут было знойдзена звыш 100 пахаванняў з трупапакладаннем. Усе шкiлеты пасыпаны вохрай. Разам з нябожчыкамi былi пакладзены касцяныя дзiды, кiнжалы, каменныя сякеры, амулеты з зубоў жывел. Адной з найбольш цiкавых знаходак з’яўляецца кiнжал з рога, ручка якога была зроблена ў выглядзе галавы лася. 

Касцяны і крамянёвы інвентар. Характэрнай асаблiвасцю кундскай культуры на тэрыторыі Прыбалтыкі з’яўляецца перавага касцянога iнвентару над крамянёвым. Гэта было выклiкана адсутнасцю значных запасаў крамянёвай сыравiны ў рэгіёне. З косцi выраблялi гарпуны, рыбалоўныя кручкi, матыкi, прадметы быту i ўпрыгожваннi. У Беларусі кундская культура прадстўлена амаль выключна крамянёвым інвентаром. Асноўным відам нарыхтоўкі былі рэгулярныя пласціны, атрыманыя адціскной тэхнікай. З іх выраблялі наканечнікі стрэл (вызначальнай рысай кундкай культуры з’яўляюцца чаранковыя наканечнікі з рэтушаваным вастрыём, чаранковыя наканечнікі з бакавой выемкай), разцы на спецыяльна зламаных пласцінках, пакарочаныя скрабкі, укладышы і г.д. 

Плямёны кундскай культуры існавалі на тэрыторыях, багатых вадаёмамі. Знойдзены iнвентар (перадусім касцяны) сведчыць аб вялiкай ролi рыбалоўства ў гаспадарчай дзейнасцi носьбiтаў культуры. Насельніцтва займалася таксама паляваннем і збіральніцтвам. 

Паходжанне. Большасць даследчыкаў лічыць, што кундская культурная супольнасць у значнай ступені сфарміравалася ў выніку міграцыі свідэрскіх плямён у Паўднёва-Усходнюю Прыбалтыку.

Гістарычныя лёсы Кундскае культура стала асновай для складвання нарвенскай неалітычнай культуры.

Значнай з’явай познемезалітычнага часу была яніславіцкая культура. Назва пахозіць ад пахавання Яніславіца на тэрыторыі Польшчы. 

Арэал – басейн Віслы, Нёмана, Верхняй і Ніжняй Прыпяці, Пабужжа.

Помнікі таксама вядомы ў басейне Верхняга Дняпра, Пасожжа.

Храналогія. Позні мезаліт, VI–V/ІV тыс. да н.э.

Помнікі. Вядомы паселішчы і пахаванні. Стаянкі размяшчаліся на узвышшах у поплавах рэк, на тэрасах. Жытлы былі наземныя ці заглыбленыя ў зямлю – т.зв. паўзямлянкі. На некаторых помніках выяўлены паглыбленні з агнішчамі, абкладзенымі камянямі, вакол якіх былі згрувашчаныя шматлікія крамянёвыя артэфакты. Свах памерлых носьбіты культуры хавалі ў грунтовых ямах паводле абраду трупапакладання ў пазіцыі седзячы альбо лежачы. У магілу змяшчалі багаты пахавальны інвентар: прылады працы і узбраенне з крэменю і косці, упрыгожанні (падвескі з зубоў дзікіх жывёл). Асобныя магілы пасыпаныя вохрай ці гематытам. На тэрыторыі Беларусі яніславіцкія пахаванні пакуль не выяўлены.

Крамянёвы інвентар. Для вырабу прыладаў працы яніславіцкае насельніцтва выкарыстоўвала рэгулярныя пласціны, атрыманыя шляам адціскання. Найбольш характэрнымі для яніславіцкай культуры з’яўляюцца ланцэтападобныя вастрыі, якія найчасцей ужываліся як наканечнікі стрэл, доўгія трохвугольныя ўкладышы з краявой рэтушшу, мікраліты ў выглядзе трохвугольнікаў, трапецый. Выкарыстоўваліся разцы на зламаных пласцінках, скрабачы на адшчэпах, разнастайныя рубячыя прылады і г.д. 

Вядомы таксама касцяныя і рагавыя вырабы. З арганічнай сыравіны насельніцтва майстравала кінжалы, нажы, сякеры, матыкі, востраканечнікі, муфты і інш. Некаторыя прылады дадаткова ўпрыгожваліся – на іх наносілі арнамент. Такія дэкараваныя знаходкі паходзяць з кар’ера пад Смаргонню.

Носьбіты культуры займаліся прысвойваючымі відамі гаспадаркі. 

Паходжанне яніславіцкай культуры звязваецца з мезалітычным насельніцтвам Паўднёвай Прыбалтыкі. Яніславіцкае насельніцтва ў некаторых рэгіёнах і асабліва на перыферыі сваўго рассялення жыло ўпярэмешку з супольнасцямі іншых культур, уступаючы з імі ў розныя сферы ўзаемаадносін.

Гістарычныя лёсы – удзел яніславіцкай культуры ў фарміраванні некаторых неалітычных культур Цэнтральнай і Усходняй Еўропы.  

 

Неалiт

Неалiт (V–ІІІ тыс. да н.э.) адпавялае цепламу i вiльготнаму клiматычнаму перыяду. У эпоху неалiту рассяленне людскiх калектываў адбывалася яшчэ iнтэнсiўней, чым у папярэднi час. Для гэтага перыяду характэрны радыкальныя змены ў матэрыяльнай і духоўнай культуры чалавека. 

3.1. Агульная характарыстыка эпохі. Галоўнымі асаблівасцямі неалітычнай эпохі з’яўляюцца:

1) Распаўсюджанне вытворчай гаспадаркі (земляробства і жывёлагадоўлі). На сённяшні дзень даследчыкі вылучаюць некалькі цэнтраў узнікнення вытворчай гаспадаркі, самым старажытным з якіх з’яўляецца Блізкі Усход. Каля 10 тыс. гг. таму мясцовае насельніцтва ўжо займалася земляробствам, крыху пазней – і жывёлагадоўляй. Першымі раслінамі, якія чалавек пачаў вырошчваць, былі пшаніца і ячмень. Жывёлагадоўля пачалася з адамашнівання казы і авечкі. Першыя земляробы і жывёлаводы абыходзіліся без керамікі.

Блізкаўсходні цэнтр адыграў ключавую ролю ў распаўсюджанні новых форм гаспадаркі на тэрыторыі Еўропы, Заходняй Азіі, часткова – ПаўночнаУсходняй Афрыкі. 

Іншымі старажытнымі цэнтрамі вытворчай гаспадаркі з’яўляліся рэгіёны Далёкага Усходу (каля 8 тыс. гг. таму), Паўночнай Афрыкі (каля 8 тыс. гг. таму), Цэнтральнай Амерыкі (каля 7 тыс. гг. таму). 

У выніку ўкаранення новых форм гаспадаркі адбываўся пераход насельніцтва да аседлага жыцця, узнікала і паглыблялася маёмасная, а пазней і сацыяльная дыферэнцыяцыя, ускладнялася сімволіка і ідэалогія.

Гэтыя рыдыкальныя змены ў гаспадарчай дзейнасці чалвека атрымалі назву “неалітычнай рэвалюцыі”.

2) Вытворчасць глiнянага посуду. Найбольш старажытны гліняны посуд быў вядомы на тэрыторыі Далёкага Усходу яшчэ ў эпоху фінальнага палеаліту. 

На Блізкім Усходзе, у рэгіёне зараджэння вытворчай гаспадакі, керамічная вытворчасць пачалася каля VII тыс. да н.э. З’яўленне керамічнага посуду ва Усходняй Еўропе адносіцца да VI/V тыс. да н.э. Старажытнае насельніцтва тэрыторыі сучаснай Беларусі авалодала навыкамі вырабу керамікі ў V тыс. да н.э.

Посуд ляпіўся рукамі з гліняных стужак: спецыяльна падрыхтаванае глiнянае цеста выцягвалі ў стужку, а потым па спiралi накладалi вiток за вiтком, утвараючы гаршчок. Гаршкi часта ўпрыгожвалiся (арнаментаваліся): ямачнымi ўцiсканнямi, насечкамi, наколкамi, грабеньчатым штампам, пракрэсленымі лiнiямi і інш. Пры гэтым у кожнай культуры назіралася сваё спецыфічнае спалучэнне арнаментаў. Нарыхтоўку гаршка загладжвалi, прасушвалi i абпальвалi на вогнішчы. 

Неалітычныя пасудзiны звычайна мелi канiчную цi яйкападобную форму з вострым ці прыкругленым дном.

3) У новы каменны век дасягнула росквіту апрацоўка крэменю. Крамянёвыя прылады ранняга неаліту былі яшчэ вельмі падобнымі па тыпу і тэхніцы вытворчасці да мезалітычных. Але час нёс пашырэнне асартыменту і ўдасканаленне тэхналогій. Доўгі час даследчыкі меркавалі, што менавіта ў эпоху неаліту ўзніклі такія спосабы апрацоўкі каменя і крэменя, як шліфаванне і свідраванне. Аднак пазней было ўстаноўлена, што гэтыя тэхнікі з’явіліся яшчэ напрыканцы мезаліту, і цягам неалітычнай эпохі адбывалася тольк ўдасканаленне і распаўсюджанне новых навыкаў. У неаліце надзвычай папулярнымі сталі шліфаваныя рубячыя прылады – сякеры (былі неабходныя для распрацоўкі будучага поля пры занятках земляробствам), цёслы і долаты (служылі пры вырабе чоўнаў). 

4) З’яўленне прадзення і ткацтва. Доказам гэтых заняткаў з’яўляюцца знаходкi праселкаў (глiняных кружкоў з адтулiнай, якiя надзявалi на верацяно), фрагментаў тканін і керамікі з іх адбіткамі. Валокны для прадзення ніцяў спачатку выраблялі з крапівы, дзікай каноплі, з лыка дрэў, з поўсці авечкі, з валакна дзікарослага ільну. Першапачаткова ткалі без ткацкга станка, г.зн. фактычна плялі. Пазней пачалі выкарыстоўваць і ткацкі станок. У Сірыі, Месапатаміі атрымаў распаўсюджанне вертыкальны ткацкі станок. Менавіта прыстасаванні такога тыпу былі вядомыя і ў Еўропе.

 

3.2. Неалітызацыя Еўропы

Неалітызацыя – працэс распаўсюджання вытворчых форм гаспадаркі (земляробства і жывёлагадоўлі), які суправаджаўся зменамі ў сферы тэхналогіі, культуры, сацыяльнай арганізацыі і ідэалогіі.

Пераход да вытворчых форм гаспадаркі пачаўся на тэрыторыі Еўропы каля VІ тыс. гг. да н.э. Першыя прыкметы неалітычнай эпохі зафіксаваны ў Заходнім і Усходнім Міжзімнамор’і. Менавіта адсюль адбывалася распаўсюджанне зямляробства і жывёлагадоўлі ў паўночным кірунку. 

У сучаснай археалагічнай навуцы існуюць два асноўныя падыходы да апісання працэсу неалітызацыі Еўропы.

1) Міграцыйны падыход. Станаўленне гэтага падыходу звязана з імем Г. Чайлда. Ён меркаваў, што “неалітычная рэвалюцыя” першапачаткова мела месца на тэрыторыі паўднёва-заходняй Азіі. Мігранты з Азіі рассяліліся па тэрыторыі Еўропы, і разам з імі распаўсюдзіліся культурныя злакі і свойская жывёла. 

Пазней генетыкі распрацавалі дэмаграфічную мадэль рассялення насельніцтва – т.зв. “мадэль хвалявай міграцыі”. Паводле мадэлі, пераход да земляробства суправаджаўся дэмаграфічным выбухам, шчыльнасць насельніцтва павялічваліся, і па дасягненні пэўнай “крытычнай кропкі” частка насельніцтва быда вымушана перасяляцца на незанятыя тэрыторыі. Хуткасць такой міграцыі дасягала 18–25 км цягам жыцця аднаго пакалення. Шматлікае мезалітычнае насельніцтва, якое займалася выключна прысвойваючымі відамі гаспадаркі, знішчалася мігрантамі. 

На карысць такога падыходу выступаюць і некаторыя даныя малекулярнай генетыкі, згодна з якімі большая частка сучаснага генафонду Еўропы сфарміравалася ў выніку іміграцыі пярэднеазіяцкага насельніцтва пры нязначным удзеле данеалітычных папуляцый.

2) Аўтахтонны падыход. У межах гэтага падыходу існуюць некалькі розных канцэпцый, найбольш папулярнай з якіх з’яўляецца наступная. Некаторыя даследчыкі мяркуюць, што мезалітычнае насельніцтва Еўропы дасягнула дастаткова высокага ўзроўню сацыяльнага развіцця. Адбыўся пераход да аседлага жыцця, пачалася маёмасная дыферэнцыяцыя грамадства. Гэта паступова вяло да складвання своеасаблівых прывілеяваных груп (старэйшын, шаманаў). Эліта імкнулася ўмацаваць сваю ўладу, для чаго ёй было неабходна пашыраць кантроль над рэсурсамі, найбольш істотнымі з якіх былі харчавыя. Аднак прысвойваючыя формы гаспадаркі не маглі гарантаваць бесперабойнай наяўнасці ежы, і таму новая эліта пачала ўспрымаць найбольш прагрэсіўныя формы гаспадарчай дзейнасці – земляробства і жывёлагадоўлю. 

На карысць такога падыходу выступаюць і некаторыя даныя малекулярнай генетыкі. Даследчыкі, вывучаючы храмасомы сучасных папуляцый Еўропы, зрабілі выснову аб тым, што большая частка элементаў храмасом была не змянялася на працягу 25 тыс. гадоў. Доля своеасаблівых храмасом, якія маглі ўзнікнуць пад уздзеяннем новага насельніцтва (звязанага з пярэднеазіяцкай “неалітычнай рэвалюцыяй” ), у розных рэгіёнах Еўропы змяняецца ад 5% да 12%. 

 

Археалагічныя культуры

Рассяленне людзей у розных прыродна-клiматычных асяроддзях вяло да з’яўлення больш выразных адрозненняў у iнвентару, хатнiх пабудовах, пахавальным абрадзе, у формах гаспадаркi, на падставе якіх даследчыкі вылучаюць розныя археалагічныя культуры.

Адной з буйных культур лесастэпавай зоны Усходняй Еўропы, якая аказала моцны ўплыў на суседзяў, у тым лiку i на насельніцтва Паўдневай Беларусi, была днепра-данецкая культура (альбо ўсходнепалеская культура, у дачыненні да помнікаў на тэрыторыі Беларусі ўжываецца таксама назва “ўсходнепалескі варыянт днепра-данецкай культуры”). 

Арэал ахоплiваў Сярэдняе Падняпроўе, правабярэжжа Дняпра да Бярэзіны, Ніжняя Прыпяць, Северскі Данец. На Беларусі насельніцтва днепра-данецкай культуры засяліла Усходняе Палессе. 

Храналогія – канец V – пачатак II тыс. да н.э. 

Помнікі. Паселішчы размяшчаліся невялікімі групамі ў далінах рэк. Жытло было наземным цi злегку паглыбленым у мацярыковую глебу. У цэнтры пабудоў знаходзiлiся адкрытыя вогнiшчы. Носьбiты днепра-данецкай культуры хавалi нябожчыкаў у грунтовых могiльнiках у выцягнутым становiшчы на спiне i пасыпалi iх вохрай. Больш раннiя пахаваннi часа пазбаўлены пахавальнага iнвентару. У канцы неалiту ўзнiкае звычай суправаджаць нябожчыкаў некаторым iнвентаром. На Беларусі могільнікі днепра-данецкай культуры не знойдзены.

Кераміка. Посуд днепра-данецкага насельніцтва быў прадстаўлены вострадоннымі гаршкамі. Толькі ў самым канцы неаліту на Прыпяці з’явіліся пласкадонныя формы. Ляпіліся гаршкі з гліны з дамешкамі валакністых раслінных рэштак. Пад краем венцаў амаль заўсёды наносіўся пояс глыбокіх круглых ямак, астатняя паверхня аздаблялася грабеньчата-накольчатымі ўзорамі. У канцы існавання культуры на посудзе дадаткова з’явіліся адбіткі шнура і лінейнага штампа. Узоры на посудзе складаліся ў гарызантальныя зоны. На адным з гаршкоў з Юравіч была наколамі выгравіравана кампазіцыя з фігур чалавека і качкі.

Крамянёвы інвентар. Высокага ўзроўню сярод насельніцтва днепраданецкай культуры дасягнула крэмнеапрацоўка. Крамянёвы інвентар уключаў разнастайныя наканечнікі стрэл, шматлікія скрабкі, шырокія і вузкія нажы, разцы, праколкі, цёслы, востраканечнікі. 

Гаспадарка. Сярод днепра-данецкага насельніцтва Украіны былі распаўсюджаны вытвараючыя формы гаспадаркі, на Беларусі ж пераважалі паляванне, рыбалоўства і збіральніцтва. Толькі ў познім неаліце пачалі распаўсюджвацца жывёлагадоўля і земляробства.

Паходжанне. Дакладна не высветлена. Культура сфарміравалася ў Сярэднім Падняпроўі і на Северкім Данцы ў выніку развіцця познамезалітычных культур. Паступова культура распаўсюдзілася на ўсход Беларусі. 

Гістарычны лёс таксама дакладна не вядомы. На працягу ўсяго свайго існавання культура адчувала ўздеянне з боку іншых культур, у раннем неаліце – буга-днястроўскай, у познім неаліце – нёманскай, сярэднедняпроўскай. У Беларускiм Палессi групы нашчадкаў позненеалітычнага насельніцтва пратрымаліся да пачатку II тыс. да н.э. – да бронзавага веку. 

Значная роля ў культурных працэсах III тыс. да н.э. належала культуры шарападобных амфар. Назва культуры паходзіць ад характэрнага тыпу посуду – амфары з шарападобным тулавам і прылепленымі вушкамі.

Арэал – ад Одэра і Эльбы на захадзе да Падняпроўя на ўсходзе. На тэрыторыі Беларусі помнікі культуры вядомы на Панямонні. 

Час існавання – канец ІV – канец ІІ тыс. да н.э.

Помнікі. Найбольш характэрным тыпам паселішчаў з’яўляюцца сезонныя стаянкі. Самай даследаванай катэгорыяй помнікаў з’яўляюцца пахаванні. Сваіх нябожчыкаў носьбіты культуры шарападобных амфар хавалі на невялікіх могільніках у каменных скрынях альбо неглыбокіх ямах, абкладзеных камянямі.

Гаспадарка. Насельніцтва займалася жывёлагадоўляй і земляробствам. Аснову статка складала буйная рагатая жывёла, свінні. Сярод зернявых культур вядомы пшаніца і ячмень. Шарападобнікі валодалі таямніцамі здабычы крэменю ў падземных выпрацоўках. 

Згодна з прынятымі меркаваннямі, носьбіты культуры былі індаеўрапейцамі.  

 

 


ТЭМА 2. ЭНЕАЛІТ І БРОНЗАВЫ ВЕК План

 

1. Агульная характарыстыка перыяду. Значэнне каляровай металургіі ў развіцці культуры і грамадства

2. Раннеземляробчыя археалагічныя культуры энеалітычнага часу

3. Стэпавыя культуры энеаліту – бронзавага веку

4. Кола культуры шнуравой керамікі

5. Тшцінецкае культурнае кола 6. Позні перыяд бронзавага веку.

7. Праблема з‘яўлення і распаўсюджання першых індаеўрапейцаў на тэрыторыі Еўропы.

 

Ілюстрацыі па тэме прыведзены ў Прэзентацыі 3.

 

1. Агульная характарыстыка перыяду. Значэнне каляровай металургіі ў развіцці культуры і грамадства

Энеаліт і бронзавы век – гэта перыяды, звязаныя са з’яўленнем, станаўленнем і развіццём каляровай металургіі і металаапрацоўкі. Гэтыя перыяды часта характарызуюцца як “эпоха палеаметалаў”. 

Каляровая металургiя прайшла ў сваiм развiццi 4 этапы: 

1) Выкарыстанне самароднай медзi, якую, напэўна, лiчылi каменем i адпаведна спрабавалi апрацоўваць з дапамогаю аббiўкi. Выпрацоўка метадаў халоднай коўкі. 

2) Плаўка медзi i адлiўка вырабаў у адкрытых формах. 

3) Выплаўка медзi з руды. З’яўленне лiцця ў раздымных двухбаковых формах. 

4) З’яўленне сплаваў на меднай аснове – бронзы. 

Некаторыя даследчыкі першыя тры этапы аб’ядноўваюць у энеалiт альбо меднакаменны век (ад лат. “энэус” – медзь і “лiтас” – камень). Можна сустрэць і назву “халкаліт” (ад грэч. слоў “медзь” і “камень”). Часам гэтыя перыяды адносяць да позніх этапаў неалітычнай эпохі. Чацвёрты этап супадае з бронзавым векам. 

Распаўсюджанне каляровай металургіі і металаапрацоўкі, пераход да бронзавага веку – працэсы, якія не з’яўляліся адначасовымі, раўнамернымі і ўсеагульнымі. У розных рэгіёнах яны праходзілі па-рознаму. Таму адной з праблем вывучэння эпохі ранніх металаў з’яўляецца праблема датавання перыядаў і вызначэння іх храналагічных межаў і гаспадарча-тэхнічных і культурна-гістарычных асаблівасцяў. Агульныя межы еўрапейскага бронзавага веку – каля 2350/1950 – 1300/700 гг. да н.э.

Складаным з’яўляецца і пытанне паходжання каляровай металургіі. Згодна з прынятым сёння меркаваннем, першасны цэнтр яе зараджэння размяшчаёся ў Азіі, у рэгіёне Урадлівага паўмесяца (тэрыторыя ад заходніх схілаў горнага масіва Загорас да Усходняй Анатоліі і далей да Паўднёвага Леванта). Такім чынам, першыя металургічныя веды з’явіліся ў тым жа рэгіёне, дзе ўзнікла вытворчая гаспадарка. 

Найбольш старажытныя вырабы з медзі былі знойдзены ў ЧайюнюТэпесі. Яны датуюцца ІХ тыс. да н.э. У VIII – VII тыс. да н.э. навыкі вырабу рэчаў з медзі распаўсюдзіліся па іншых раёнах Пярэдняй Азіі. 

Першапачаткова людзі выкарыстоўвалі выключна самародную медзь – г.зн. медзь, якая сустракаецца ў прыродзе ў чыстым выглядзе. Такі метал быў параўнальна мягкім, і ён лічыўся каменем з асаблівымі ўласцівасцямі. Апрацоўвалі самародную медзь метадам халоднай коўкі, калі прымянялі вядомыя і звыклыя ўдарныя тэхнікі. Аднак у выніку такой апрацоўкі медзь становіцца вельмі крохкай. Гэтыя недахопы можна выправіць з дапамогай награвання. Таму ўжо на самых ранніх этапах выкарыстання металу чалавек пачаў падвяргаць медзь і тэрмічнай апрацоўцы – т.зв. прамежкаваму адпалу. Удасканаленне гэтай тэхнікі прывяло да адкрыцця такіх спосабаў апрацоўкі металу, як плаўка і ліццё. Найбольш старажытнымі вырабамі з медзі з’яўляліся пацеркі, вырабленыя з тонкіх пласцін, а таксама простыя прылады (рыбалоўныя кручкі, шылы і г.д.). 

Аднак самародная медзь трапляецца параўнальна рэдка. Значна часцей метал сустракаецца ў прыродзе ў выглядзе руды. Дакладна не вядома, дзе і калі чалавек пачаў выплаўляць медзь з руды. Аднак даследчыкі ўпэўненыя, што каляровая металургія не пачалася з выпадковасці, таму што атрыманне металу – даволі складаны працэс. Для выплаўкі медзі з руды патрэбныя высокія тэмпературы (каля 1100º С) і асаблівыя хімічныя ўмовы, калі амаль цалкам адсутнічае доступ кіслароду. Такія ўмовы забяспечвае закрытая прастора, адным з найбольш простых тыпаў якой магла з’яўляецца яма, пакрытая слоем драўніннага вугалю, а таксама тыглі (тоўстасценныя плавільныя пасудзіны).

Самыя старажытныя кавалкі меднай руды са слядамі награвання паходзяць з паселішча Чатал-Гуюк і датуюцца VII тыс. да н.э. Даследчыкі адзначаюць, што гэтыя знаходкі не з’яўляюцца доказамі наўмыснай металургічнай дзейнасці чалавека. Магчыма, руда проста трапіла ў вогнішча.

Дакладныя сведчанні аб атрыманні металу з руды адносяцца да VI тыс. да н.э. Гэтым часам датуецца свінцовы бранзалет, знойдзены на помніку Ярыш Тэпе. Свінец у самародным выглядзе не сустракаецца, ён мог быць атрыманы толькі пры аднаўленні руды. Такім чынам, з сярэдзіны VI тыс. да н.э. распаўсюдзілася практыка атрымання металаў з руды. 

Цягам VI—V тыс. да н. э. веданне ўласцівасцяў медзі распаўсюдзілася на абшары ўсёй Пярэдняй Азіі, паўночнай Афрыцы, Закаўказзя, паўднёвай Еўропы. У ІV – ІІІ тыс. да н.э. пачынаюць распрацоўваць радовішчы на тэрыторыі Паўднёвай і Цэнтральнай Еўропы, найбольш значным з якіх з’яўлялася Балкана-Карпацкае. У канцы ІІІ – пачатку ІІ тыс. да н.э. метал распаўсюджваецца і ў лясной зоне Усходняй Еўропы. З атрыманай медзі выраблялі ўпрыгожанні, зброю (сякеры, кінжалы), некаторыя прылады працы (напр., шылы, нажы і інш).

Чыстая медзь – параўнальна мягкі метал. Прылады, вырабленыя з такой сыравіны, не заўсёды былі практычныя ў выкарыстанні. Старажытны чалавек вырашыў гэтую праблему вынаходніцтвам бронзы. Бронза – гэта сплаў на меднай аснове. Найбольш старажытная бронза прадстаўляла сабой сплаў медзі і цынку (аптымальны склад – 90% і 10% адпаведна). Замест цынку маглі выкарыстоўваць і мыш’як. У выніку развіцця металургіі распаўсюджанне набыла “класічная” алавяністая бронза – сплаў медзі з волавам. 

Бронзаліцейная справа ўзнікла на тэрыторыі Блізкага Усходу ў V тыс. да н.э. У IV тыс. да н.э. навыкі атрымання бронзы распаўсюдзіліся ў Малой Азіі, Усходнім Міжзімнамор’і. У ІІІ тыс. да н.э. з бронзай пазнаёмілася і насельніцтва Цэнтральнай Еўропы. Першапачаткова даследчыкі меркавалі, што з’яўленне бронзы на еўрапейскіх абшарах было звязана з запазычаннем блізкаўсходніх дасягненняў. Сёння спецыялісты сцвярджаюць, што развіццё металургіі бронзы на тэрыторыі Еўропы адбывалася ў розных месцах (ва Усходнім Міжзімнамор’і, на Балканах, у Карпатах, у прыальпійскім рэгіёне), і ва ўсіх рэгіёнах працэс гэты меў незалежны характар. 

Атрыманне і апрацоўка бронзы – шэраг складаных тэхналагічных працэсаў. Спачатку ажыццяўлялася здабыча руды. Яе збіралі на паверхні, з цягам часу перайшлі на шахтавы спосаб. Старажытныя капальні знойдзены ў Іберыі, Ціролі, у раёне Зальцбурга і інш. Горныя пароды награвалі, гарачыя пласты палівалі вадой, у выніку чаго яны растрэсківаліся. У расколіны забівалі драўляныя ці рагавыя кліны, адбівалі кускі пароды і руды. Руду драбілі, падымалі на паверхню, расціралі ў парашок, прамывалі, абпальвалі і, нарэшце, плавілі, звычайна ў тыглях. Для атрымання бронзы патрэбная тэмпература каля 700–900º С. Расплаўлены метал залівалі ў ліцейныя формы. У старажытнасці выкарыстоўваліся шматразовыя каменныя формы і аднаразовыя гліняныя формы. Апошнім, неабавязковым этапам вытворчасці вырабаў была дадатковая механічная апрацоўка рэчы (напр., шліфаванне ліцейных швоў).

Раннія металічныя вырабы ўжываліся разам з каменнымі і крамянёвымі прыладамі. Выкарыстанне новых матэрыялаў выклікала прыкметныя змены ў жыцці тагачасных людзей і спрыяла асабліва паскоранаму развіццю грамадства. Наступленне новай эпохі ў першую чаргу адзначалася зрухамі ў гаспадарчай, сацыяльнай і духоўнай сферах жыцця.

Самыя старажытныя, медныя, вырабы былі вельмі мягкімі і, адпаведна, не маглі мець практычнага значэння. Яны выконвалі пэўныя сімвалічныя функцыі – падкрэслівалі высокі сацыяльны статус сваіх уладальнікаў. З цягам часу метал перастаў быць толькі “прэстыжным” складнікам культуры. Адкрыццё бронзы дало надзвычай прыдатны матэрыял для вырабу зручных прыладаў працы. Вынаходніцтва плаўкі і ліцця дазволіла атрымоўваць вырабы складаных формаў, якія было немагчыма атрымаць з каменю ці крэменю. Практычнасць металічных прыладаў была абумоўлена таксама цвёрдасцю і/ці вастрынёй іх працоўных частак. Распаўсюджанне металаў вяло да ўдасканалення многіх галін гаспадарчай дзейнасці старажытных людзей, напр., дрэваапрацоўкі і домабудаўніцтва. Выкарыстанне металічных прыладаў садзейнічала таксама далейшаму распаўсюджанню земляробства і жывёлагадоўлі.

У эпоху палеаметалаў актывізаваўся працэс нераўнамернага развiцця грамадства. Паглыблялася спецыялізацыя асобных відаў гаспадарчай дзейнасці (металургіі, ганчарства, каменеапрацоўкі, крэмнеапрацоўкі і інш). Рамяство было аддзеленае ад іншых відаў гаспадаркі. Адбывалася далейшая сацыяльная дыферэнцыяцыя грамадства, ішоў працэс вылучэння мясцовых эліт. Металічныя вырабы звыкла выкарыстоўваліся для падкрэслівання высокага сацыяльнага статуса чалавека альбо пэўнай супольнасці. . 

Павялічвалася нераўнамернасць у развіцці асобных тэрыторый Цэнтрамі культурных і сацыяльна-эканамічных’ змен з’яўляліся цэнтры развіцця каляровай металургіі і металаапрацоўкі. Тыя рэгіёны, якія не мелі радовішчаў металаноснай руды, займалі перыферыйнае становішча. Сацыяльныя і эканамічныя зрухі на такіх тэрыторыях адбываліся ў больш павольным тэмпе. Разам з тым, нераўнамернасць у развіцці асобных раёнаў садзейнічала развіццю абменных зносін памiж рознымі групамі насельнiцтвам. Аб’ектам абмену з’яўляліся як зліткі металаў, так і металічныя вырабы. Удасканальваліся сродкi зносiн. Важным дасягненнем новай эпохі стала вынаходніцтва кола. З’явіліся караблі на вёслах і ветразях, колавыя павозкі. Вынікам складаных сацыяльна-эканамічных працэсаў стала павялічэнне колькасці ваенных канфліктаў. З’явіліся новыя віды спецыялізаванай зброі (металічныя мячы, кінжалы і г.д.), была вынайдзена калясніца. 

Развіццё вытворчай гаспадаркі, развіццё каляровай металургіі садзейнічала паступоваму змяненню і светапогляду старажытнага насельніцтва. Узніклі і распаўсюджваліся культы сонца і агню, земляробчыя і жывёлагадоўчыя культы і інш. 

 

ТЭМА 3. ЖАЛЕЗНЫ ВЕК План

 

1. Агульная характарыстыка эпохі. Паняцце “чорная металургія”. Значэнне чорнай металургіі і металаапрацоўкі ў развіцці грамадства і гаспадаркі.

2. Жалезны век Цэнтральнай Еўропы.

3. Жалезны век стэпу і лесастэпу.

4. Жалезны век лясной паласы Усходняй Еўропы.

 

Ілюстрацыі па тэме прыведзены ў Прэзентацыі 4.

 

1. Агульная характарыстыка эпохі. Паняцце “чорная металургія”. Значэнне чорнай металургіі і металаапрацоўкі ў развіцці грамадства і гаспадаркі.

Жалезны век – археалагічная эпоха, якая характарызуецца з’яўленнем і шырокім распаўсюджаннем металургіі жалеза і вырабаў з яго прылад працы і зброі. 

Найбольш раннiя жалезныя вырабы вырабляліся з метэарытнага жалеза. Гэты метал, які час ад часу падае з неба, змяшчае вялікую колькасць нікеля (каля 8–10%) і таму падлягае апрацоўцы толькі ў халодным выглядзе. Старажытнае насельніцтва абыходзілася з метэарытным жалезам як са звыклым матэрыялам – каменем. Найбольш раннія знаходкі з метэарытнага жалеза адзначаюцца ў Іране (VI–IV тыс. да н. э), Іраке (V тыс. да н.э.), Егіпце (IV тыс. да н.э).

Аднак метэарытнае жалеза з-за сваіх уласцівасцяў было мала прыдатнае для шырокай вытворчасці ўпрыгожанняў і прыладаў працы. Акрамя таго, натуральнае “чыстае” жалеза сустракаецца даволі рэдка, і таму метэарытны метал не мог задаволiць патрэбнасцi насельніцтва. У прыродзе жалеза часцей за ўсё ўваходзіць у склад разнастайных рудных мінералаў (ліманіт, гематыт, сідэрыт і інш.). Менавіта такі метал – атрыманы з руды – і пачалі выкарыстоўваць у старажытнасці.

Найменш працаёмкай справай была здабыча руды, якая залягала блізка да паверхні. У месцах, багатых на жалеза, такую руду атрымоўвалі шляхам паверхневых збораў альбо шляхам капання неглыбокіх ям. Старажытныя жалезныя руднікі вядомыя на тэрыторыі сучаснай Англіі, Францыі, Украіны і інш. Аднак гэтыя, параўнальна нешматлікія, радовішчы былі даволі хутка распрацаваныя. 

Затое паўсюдна распаўсюджанымі з’яўляліся т.зв “балотныя”, “лугавыя”, “азёрныя” руды. Пад час забалочвання старажытных вадаёмаў адбываліся складаныя хімічныя рэакцыі, і жалеза ў складзе розных мінералаў асядала на дне азёр, рэк і балот, на лугах і на іншых адкрытых месцах.

Менавіта такія руды былі асноўнай крыніцай для атрымання жалеза ў старажытнасці.

Найбольш раннія знаходкі, вырабленыя з жалеза, атрыманага з руды, паходзяць з помнікаў Месапатаміі, Анатоліі, Егіпта і датуюцца другой паловай ІІІ тыс. да н.э. Ва ўсходняй Еўропе першыя жалезныя рэчы вядомыя з другой паловы II тыс. да н.э., аднак металургiя жалеза шырока распаўсюджвалася не раней рубяжу VIII – VII стст. да н.э.

Такім чынам, хоць жалеза і сустракаецца ў прыродзе значна часцей, чым медзь і волава, яго выкарыстанне пачалося пазней. Тлумачыцца гэта наступным. Сутнасць каляровай металургіі заключаецца ў атрыманні металаў у вадкім выглядзе. Аднак калі медзь плавіцца пры тэмпературы 1084˚С, то жалеза – пры тэмпературы 1528˚С. Тагачасны ўзровень тэхнічных ведаў чалавека не дазваляў дасягнуць такую высокую тэмпературу. 

Чорная металургiя стала магчымай толькі дзякуючы вынаходніцтву т.зв. сырадутнага спосабу атрымання жалеза. Старажытныя металургі падавалі ў печы атмасфернае (“сырое”) паветра, што і абумовіла назву. Чыстае жалеза канцэнтравалася ў цвёрдым стане (т.зв. “крыца”).

Сутнасць сырадутнага працэсу заключалася ў наступным. У печ загружалі слаі здробненай руды і вугалю (у старажытнасці выкарыстоўваўся толькі драўняны вугаль). Для таго, каб атрымаць патрэбную высокую тэмпературу, металургі стваралі ўмовы для інтэнсіўнага натуральнага прытоку паветра альбо выкарыстоўвалі спецыяльныя прылады, якія забяспечвалі прымусовую падачу паветра. Пасля таго як тэмпература ў печы дасягла 1200 – 1300˚С, розныя мінеральныя дамешкі, якія ўваходзілі ў склад руды, плавіліся і ўтваралі шлак. Адначасова ішло ўтварэнне кропель жалеза, якія паступова апускаліся на дно печы і спякаліся ў цягучую цестападобную масу. Яна, астываючы, пераўтваралася ў цвёрды порысты матэрыял – крыцу, якая змяшчала, акрамя жалеза, яшчэ і дамешкі шлака і вугля. 

Жалезную крыцу, вага якой у старажытныя часы не перавышала 1–2 кг, выцягвалі з печы, награвалі і пракоўвалі малаткамі. У выніку гэтага выдалялася частка непажаданых дамешак, а кавалак металу набываў патрэбную форму (бруска, прута і г.д.). Менавіта такія падрыхтаваныя, таварныя крыцы паступалі да кавалёў . 

Найбольш просты і, адпаведна, самы старажытны спосаб забяспячэння сырадутнага працэсу – выкарыстанне печаў у выглядзе простых ям (т.зв. “воўчыя ямы”). У яму, абмазаную глінай, ставілі гаршчкі з рудой і вуглём і разводзілі вялікае вогнішча. Такую яму абавязкова выкопвалі ў месцах інтэнсіўнага натуральнага руху паветра – на пагорках, просеках і г.д. Паступова людзі сталі заўважаць, што найбольш эфектыўным спосабам падачы паветра з’яўляецца ўзвядзенне над ямай своеасаблівага надбудавання. Так на змену архаічным прыстасаванням прыйшоў сырадутны горан. 

Археолагам вядомыя сырадутныя гораны самых розных канструкцый. Асновай старажытных горнаў былі ямы, абмазаныя глінай. Да іх падводзіліся каналы для падачы паветра (бакавыя гліняныя трубкі – саплы), у якія ўстаўляліся спецыяльныя прыстасаванні для нагнятання паветра – скураныя мяхі. Над ямамі ўзводзілі канічныя збудаванні са сплеценых прутоў, іх пакрывалі вогнестойкай глінай, дадаткова абкладвалі камянямі. У ніжняй частцы печы пакідалі канал для выхаду шлака. Вышыня горанаў, як правіла, не перавышала 1–1,5 м.  

Пасля папярэдняй апрацоўкі крычнае жалеза паступала ў кузню. Прылады, якія выкарыстоўваліся ў першабытных кузнях, амаль не адрозніваліся ад прыстасаванняў, вядомых па этнаграфічных даных. Старажытныя майстры карысталіся кавальскімі горанамі, кувалдамі, малаткамі, разнастайнымі напільнікамі, клешчамі, прабойнікамі і інш. 

Крычнае жалеза было параўнальна мягкім, таму ўжо ў старажытнасці былі вынайдзены спосабы паляпшэння спажывецкіх уласцівасцяў металу. Найбольш распаўсюджанымі прыёмамі з’яўляліся загартоўка і цэментацыя жалезных рэчаў. 

Закалка заключалася ў тым, што жалезны выраб награвалі да тэмпературы 800–1000˚С і адразу пасля гэтага апускалі ў ваду альбо алей. У выніку правядзення такой аперацыі, якая магла паўтарацца некалькі разоў, лязо вырабу набывала неабходную цвёрдасць. Цэментацыя прадугледжвала утварэнне на паверхі жалезнай прылады своеасаблівай плёнкі, якая змяшчала значную колькасць вугляроду. Сутнасць аднаго з найбольш старажытных спосабаў цэментацыі заключалася ў працяглай вытрымцы жалезнага вырабу ў кантакце з драўняным вугалем пры тэмпературы каля 1000˚С. У выніку складаных хімічных рэакцый трываласць і цвёрдасць прылады істотна павялічвалася.

Найбольш старажытны сырадутны горан для атрымання жалеза быў знойдзены на паселiшчы каля возера Урмiя (ў Іране) i датуецца прыкладна 2800 г. да н.э. Лiчаць, што сырадутны працэс больш цi менш быў распаўсюджаны ў хетаў у XV ст. да н.э. У Еўропе вытворчасць жалеза з’явiлася не раней 1000 г. да н.э., спачатку ў Грэцыi i на Эгейскiх астравах. Шырокае распаўсюджанне чорнай металургіі і металаапрацоўкі пачалося пасля рубяжу VIII – VII стст. да н.э. На тэрыторыі Беларусі жалезны век пачаўся ў канцы VII–VI ст. да н.э. і працягваўся да V ст. н.э. 

Жалеза выкарыстоўвалася ў вытворчасці разнастайных вырабаў. Даследчыкі мяркуюць, што першапачаткова з жалеза выраблялі рэчы рытуальнага ці параднага прызначэнння. Напрыклад, у грабніцы фараона Тутанхамона былі знойдзены ўпрыгожанні, інкруставаныя жалезнымі ўстаўкамі. Паступова жалеза пачалі выкарыстоўваць і для вырыбу прыладаў працы і зброі. На першых этапах станаўлення кавальскай справы жалезныя рэчы часта капіравалі форму бронзавых узораў. Пачынаючы з VІ ст. да н.э., жалезным прадметам надавалі абрысы, абумоўленыя ўласцівасцямі менавіта чорнага металу. Аднак на працягу ўсяго жалезнага веку каляровая металургія і металаапрацоўка па-ранейшаму заставаліся важнай галіной гаспадаркі. Медзь і бронза ішлі пераважна на выраб прэстыжных і рытуальных рэчаў (упрыгожанняў, посуду і інш.).

Распаўсюджанне жалеза выклікала тэхнiчны пераварот. Жалезныя прылады працы (сякеры, сярпы, косы і інш.) былі больш эфектыўнымі, чым іх бронзавыя аналагі. З’явілася рала з жалезным наканечнікам, што істотна спрасціла апрацоўку зямлі і дазволіла павялічыць сельскагаспадарчыя плошчы. Усе рамеснікі атрымалі больш якасныя прылады. Да пачатку новай эры з’явіліся ўсе асноўныя віды сучасных інструментаў, за выключэннем вінтоў і шарнірных нажніц. У жалезным веку актыўна развіваліся шматлікія галіны рамёстваў, асабліва кавальскага і збройнага. Палепшылся апрацоўка дрэваў для домабудаўніцтва, вытворчасці сродкаў перамяшчэння (караблёў, каляніц і г.д.). Прадукцыя сельскай гаспадаркі і рамёстваў ішла на абмен, што спрыяла развіццю кантактаў паміж рознымі групамі насельніцтва. Узмацнялася нераўнамернасць эканамiчнага i сацыяльнага развiцця асобных рэгiёнаў, што вяло да ўзнікненя ўзброеных канфліктаў. Таму паўстала патрэба ў арганізацыі абароны паселішчаў. У жалезным веку распаўсюдзілася практыка будаўніцтва ўмацаваных паселішчаў – гарадзішчаў. Гэта быў новы тып пасяленняў, размешчаных на высокіх, цяжкадаступных участках рэльефу – прыродных альбо мэтанакіравана ўзведзеных. Жылыя і гаспадарчыя пабудовы размяшчаліся на пляцоўцы гарадзішча. Само паселішча было ўмацаванае сістэмай абарончых збудаванняў – частаколам, валам, ірвом. З цягам часу асноўнай формай паселішчаў сталі неўмацаваныя селішчы, а гарадзішчы выкарыстоўваліся ў якасці часовых сховішчаў.

 

2. Жалезны век Цэнтральнай Еўропы

У канцы ІІ тыс. да н.э. у Верхнім і Сярэднім Падунаўі сталі складвацца своеасаблівыя формы матэрыяльнай і духоўнай культуры, якія атрымалі найбольшае распаўсюджанне і развіццё каля 750 – 700 гг. да н.э. 

Гэты пераходны час ад бронзавага да жалезнага веку на тэрыторыі Заходняй і Сярэдняй Еўропы называюць гальштацкай эпохай і звязваюць з гальштацкай культурай (назва – па могільніку каля г. Гальштат у Аўстрыі). Культура, займаючы значныя тэрыторыі, не была цалкам уніфікаваныя, у сувязі з чым яе падзяляюць на шэраг лакальных культур. Падставай вылучэння гальштацкай культуры з’яўляецца распаўсюджанне своеасаблівага стылю, для якога характэрны геаметрычны арнамент. У такім шырокім разуменні арэал гальштацкай культуры ахопліваў вялікую тэрыторыю ад Сярэдняга Падунаўя да Пірэнэйскага паўвострава і ад Адрыатычнага мора да басейнаОдэра і Эльбы. У вузкім сэнсе гальштацкая культура займала толькі прыдунайскую і адрыятычную тэрыторыі. 

Агульны час існавання культуры – VIII–V ст. да н.э.

Пераход ад бронзавага да жалезнага веку адбываўся паступова. Для ранніх этапаў існавання культуры характэрны слабаўмацаваныя паселішчы з правільнай планіроўкай. Будаваліся наземныя дамы слупавой канструкцыі і паўзямлянкі. На позніх этапах насельніцтва ўзводзіла паселішчы, добра ўмацаваныя драўлянымі і каменнымі сценамі. 

Змяняўся і пахавальны абрад. Першапачаткова носьбіты гальштацкай культуры хавалі сваіх памерлых на грунтовых могільніках па абраду ўрнавай крэмацыі. Пазней распаўсюдзіліся курганыя могільнікі з трупапакладаннем. У пахаванні змяшчалі разнастайны пахавальны інвентар, які адлюстроўваў маёмасную і сацыяльную дыферэнцыю насельніцтва. 

Найбольш добра вывучанымі помнікамі з’яўляюцца помнікі вытворчага характару – саляныя копі, руднікі, майстэрні і інш. 

Тыповы інвентар гальштацкай культуры – зброя, перадусім мячы. Для ранніх этапаў характэрны кароткія колючыя мячы, дзяржальна якіх мела наверша ў выглядзе конуса. На позні этапах распаўсюдзіліся кароткія колючыя кінжалы, дзяржальна якіх мела наверша ў выглядзе завіткоў ці рагоў. Выкарыстоўваліся таксама дзіды, баявыя сякеры і г.д. Першапачатова былі распаўсюджаны і бронзавыя, і жалезныя вырабы. З цягам часу пры гэтым колькасць апошніх пастаянна павялічвалася. Вядомы таксама бронзавыя шлемы, панцыры г.д. 

Часта сустракаюцца ўпрыгожанні, вырабленыя з каляровых металаў, шкла, бурштыну, слановай косткі: фібулы, шэйныя грыўны, бранзалеты, пацеркі і інш. Прылады працы вельмі рэдкія.

Кераміка даволі аднастайная – ляпныя акруглыя пасудзіны, паверхня якіх мела чорны бляск. Кераміка аздаблялася рознакаляровым лінейным геаметрычным арнаментам.Посуд часта выраблялі з бронзы. Характэрнымі знаходкамі з’яўляюцца бронзавыя катлы з ручкамі, вёдры (сітулы і цысты), упрыгожаныя рэльефнымі арнаментамі і выявамі, у т.л. сцэнамі бытавога і ваеннага характару. 

Асновай гаспадаркі было ворыўнае земляробства. Вырошчвалі авёс, жыта, пшаніцу і г.д. Разводзілі буйную і дробную рагатую жывёлу, свіней, коней. Насельніцтва займалася каляровай металургіяй. З гальштацкай культуры звязваюць пачатак развіцця чорнай металургіі. Некаторыя групы насельніцтва актыўна займаліся здабычай і экспартам солі. 

Рэлігійныя ўяўленні слаба рэканструяваныя. У носібітаў гальштацкай культуры існаваў культ сонца, быў сфарміраваны пэўны антрапаморны пантэон. 

Адрозненні ў матэрыяльнай культуры, якія праяўляліся ў розных рэгіёнах, найбольш верагодна, былі звязаныя з розніцай у этнічнай прыналежнасці насельніцтва. Гэтыя адрозненні паглыбіліся ў другой палове I тыс. да н.э. У заходніх абласцях адбыўся пераход да латэнскай культуры – кельцкай культуры. Усходнегальштацкая вобласць належала да ілірыйскіх плямёнаў. У пазнейшыя часы кельты не засялілі гэтыя землі цалкам, і лакальная культура працягвала развівацца на ранейшай гальштацкай аснове. 

У другой палове I тыс. да н.э. моцнае ўздзеянне на жыццё iншых народаў Заходняй, Цэнтральнай i часткова Усходняй Еўропы аказала латэнская культура. Яе назва паходзіць ад назвы паселiшча Ла-Тэн у Швейцарыi.

Латэнская культура склалася на рубяжы VI – V стст. да н.э. на тэрыторыi сучаснай Швейцарыi, Германіі i Францыi, адкуль распаўсюдзiлася практычна па ўсей Заходняй Еўропе. Даследчыкі падзяляюць гэтую тэрыторыю на тры вобласцi: 1) тэрыторыя фармiравання i росквiта латэнскай культуры, якая адпавядае зямлi гiстарычных кельтаў; 2) тэрыторыя, якая стала аб’ектам кельцкай экспансii, дзе атрымала распаўсюджанне кельцкая культура, аднак самi кельты складалi этнiчную меньшасць; 3) тэрыторыя, якая межавала з латэнскай культурай i падвяргалася пэўнаму культурнаму ўплыву. Найбольш блiзкiя да тэрыторыi Беларусi помнiкi латэнскай культуры вядомы ў Закарпацкай вобласцi Украiны. Разам з помнiкамi Славакii старажытнасцi Закарпацця складаюць найбольш аддаленную групу сярэдняеўрапейскага латэна. 

Латэнская культура – перадусім культура шматлікіх кельцкіх плямёнаў: галаў, брытаў і інш. Яна ўзнiкла на аснове мясцовых плямён гальштацкага перыяду пад моцным уплывам антычнай цывiлiзацыi. Індыкатарам перахода ад гальштацкай да латэнскай культуры з’яўляецца новы стыль мастацтва – т.зв. “латэнскі”. Для гэтага стылю быў характэрны складаны арнамент з расліннымі, зааморфнымі, антрапаморфнымі і геаметрычнымі матывамі. 

Культура існавала ў V ст. да н.э. – рубеж н.э. У І ст. н.э. кельтская тэрыторыя была заваяваная Рымам. Гэта спрыяла актыўнай культурнаэканамічнай раманізацыі кельтаў, і ў выніку латэнская культура замянілася правінцыяльна-рымскай культурай. 

Вядомы паселішча і пахаванні латэнскай культуры. Паселішчы ўмацаваныя. Першапачаткова ўмацаваннямі з’яўляліся земляныя валы ці драўляна-каменныя сцены. Пазней вынайшлі т.зв. “гальскую сцяну” – канструкцыю з драўляных клецяў, запоўненых зямлёй і камянямі, са знешняга боку дадаткова абкладзеных камянямі ці цэглай. У межах гэтых умацаванняў узводзіліся жылыя і гаспадарчыя пабудовы, функцыянавалі свяцілішчы, адбываўся выпас жывёлы. Жытлы – наземныя дамы і паўзямлянкі плецянёвай ці слупавой канструкцыі, збудаванні з падвойнымі сценамі, выкладзенымі з камянёў. 

Пахавальныя помнікі прадстаўлены пераважна бескурганнымі пахаваннямі. Практыкавалася як крэмацыя, так і інгумацыя. У пахаванні змяшчалі багаты інвентар: зброю, посуд, упрыгожанні. Рэчы часта ламалі ў рытуальных мэтах. Найбольш багатых і знатных прадстаўнікоў хавалі ў калясніцах, якія і змяшчалі ў магілу. 

Для латэнскай культуры характэрны кароткiя мячы без скрыжавання і доўгiя мячы (каля 80 см) з выгнутым скрыжаванням i багата арнаментаванымi похвамі (рус. ножны). На позніх этапах існавання культуры атрымалі распаўсюджанне вельмi доўгiя (звыш 1 м) мячы без скрыжавання Вядомы таксама кінжалы, дзіды, баявыя сякеры і г.д. Уся зброя была выраблена з жалеза. Похвы аздабляліся дэкаратыўнымі элементамі, вырабленымі з бронзы

Частымі знаходкамі з’яўляюцца ўпрыгожанні. Найбольш тыповае латэнскае ўпрыгожанне – грыўна (т.н. тарквес), вырабленая з бронзы, золата, срэбра. Шырока распаўсюджаныя бранзалеты, фібулы і г.д.

Кераміка была вырабленая на ганчарным коле. Посуд часта ўпрыгожвалі выявамі людзей і жывёл, складанымі арнаментамі. Сустракаліся таксама бронзавыя пасудзіны. 

Асновай гаспадаркі было ворыўнае земляробства. Вырошчвалі авёс, жыта, пшаніцу і г.д. Разводзілі буйную і дробную рагатую жывёлу, свіней, коней. Насельніцтва займалася таксама чорнай і каляровай металургіяй. Кельты перанялі ў грэкаў і рымлянаў практыку чаканкі манет. Першыя манеты былі грубымі імітацыямі антычных рэчаў, з цягам часу кельты навучыліся вырабляць уласныя манеты з тыповымі кельцкімі выявамі, імёнамі правадыроў, запісанымі лацінскімі літарамі.

Рэлігійныя ўяўленні носьбітаў латэнскай культуры рэканструяваныя на падставе вывучэння пісьмовых і археалагічных крыніц. Насельніцтва ўзводзіла свяцілішчы ў выглядзе драўляных, каменных храмаў з ідаламі ў цэнтры. Вядомыя і сакральныя месцы, абнесеныя агароджай. Даследчыкі мяркуюць, што кельты практыкавалі культ мёртвай галавы, салярны культ, культ хтанічнай (падземнай) багіні і г.д.

 

План

 

1. Праблема паходжання славян. Першыя славянскія культуры

2. Усходнеславянскiя саюзы пляменаў і іх суседзі

 

Ілюстрацыі па тэме прыведзены ў Прэзентацыі 5.

 

План

 

1. Узнікненне Русі паводле археалагічных даных

2. Старажытнаруская вёска

3. Старажытнарускi горад

4. Культура старажытнарускага насельніцтва паводле археалагічных даных

 

Ілюстрацыі па тэме прыведзены ў Прэзентацыі 6.

 

Старажытнаруская вёска

Старажытная Русь была аграрнай краiнай. Аснову яе эканомiкi складала сельская гаспадарка. Паселішча, жыхары якога займаюцца пераважна сельскай гаспадаркай, называецца вёскай. Першапачаткова, пры першабытнаабшчынных адносінах, практычна ўсе паселішчы аседлых земляробаў і жывёлаводаў адносіліся да вёсак. Пасля аддзялення рамяства ад сельскай гаспадаркі з агульнай масы паселішчаў пачалі вылучацца рамеснагандлёвыя і адміністрацыйныя цэнтры, якія паступова пераўтвараліся ў гарады. 

Па археалагічных матэрыялах гэтыя працэсы прасочваюцца ў VІІІ–ІХ ст. З гэтага часу вёскі становяцца спецыфічнымі паселішчамі, якія паводле свайго складу і функцый адрозніваюцца ад іншых населеных пунктах. 

Вылучаюцца некалькі тыпаў сельскіх паселішчаў:

Весь – неўмацаванае паселішча вольных сялян.

Сяло – неўмацаванае паселішча асабіста залежных сялян.

Пагост – адміністрацыйны цэнтр. 

У канцы І тыс. вёскі размяшчаліся на поймавых узвышшах і берагавых схілах рэк і азёр – г.зн. у месцах, найбольш прыдатных для заняткаў земляробствам. Памеры і формы вёсак былі разнастайныя (ад 1 тыс. да 45 тыс. га), але пераважалі невялікія і сярэднія вёскі плошчай да 3 тыс. га. З цягам часу памеры паселішчаў памяншаліся. Дамінавала бессістэмная забудова забудова вёсак.

У VІІІ–ІХ ст. з’явіліся асобныя сялянскія двары-сядзібы, што адлюстроўвала пераход ад родавай да суседскай абшчыны. Характар забудовы, планіроўка і памеры жытлаў (9–12 м²) сведчаць аб тым, што малыя сем’і жылі паасобку, але вялі сумесную гаспадарку ў межах адной вялікай сям’і – патраніміі. 

З канца Х ст. да другой паловы ХІІІ ст. колькасць вёсак павялічылася амаль у 2 разы. Рассяленне стала больш шчыльным, адбывалася адасабленне новых паселішчаў невялікіх сем’яў. Захоўвалася бессістэмная забудова, аднак паступова пачынала дамінаваць аднарадная забудова вёсак, калі хаты размяшчаліся ў адной лініі ўздоўж ракі.

У канцы ХІІІ–ХІV ст. пачалося асваенне сялянамі раней не занятых міжрэчных узвышшаў і водападзелаў, на якіх яшчэ існавалі некранутыя лясы.

У гэты час будаваліся толькі маладворныя вёскі. 

Прылады працы. Найбольш старажытнай прыладай для апрацоўкі глебы ва ўмовах існавання падсечна-агнявога земляробства лічыцца баранасукаватка (зрубленая елка з буйнымі сучкамі), якая выкарыстоўвалася для рыхлення зямлі. У VІІІ–ІХ ст. пашырылася ўжыванне сахі, ляднае (падсечнае) земляробства паступова замянялася папаравай сістэмай.

Старажытная саха была шматзубая, яна паступова замянялася адна- і двухзубымі прыладамі. Такія прылады былі найбольш зручнымі для апрацоўкі камяністых лясістых глебаў. У перыяд з канца Х ст. да другой паловы ХІІІ ст. значна пашырылася папаравая сістэма земляробства і карыстанне плугам. У гэты час развівалася рамяство, асабліва апрацоўка металаў і ювелірная справа. Знаходкі шматлікіх упрыгожанняў на археалагічных помніках сведчаць аб даволі высокім узроўні жыцця насельніцтва. У канцы ХІІІ–ХІV ст. адбывалася масавае распаўсюджанне плуга, трохполля. Аднак гаспадарчы прагрэс стрымліваўся такім фактарам, як пагаршэнне прыродных умоў (павышэнне вільготнасці і частыя паводкі). Для апрацоўкі зямлі выкарыстоўваліся таксама матыкі і рыдлёўкі. 

Асноўнай прыладай для збору ўраджая быў серп. Па сваіх памерах, канструкцыі, тэхналагічным асаблівасцях старажытныя вырабы блізкія этнаграфічным і сучасным вырабам. Частай знаходкай з’яўляюцца косыгарбушы. 

Жывёлагадоўля займала значнае месца ў гаспадарчым жыцці вёскі. На помніках знаходзяць косткі свінні, дробнай і буйной рагатай жывёлы, лошадзі, сабакі. Гадавалi таксама птушку: курэй, утак, гусей. 

Прысвойваючая гаспадарка. Па археалагічных даных вызначана, што насельніцтва палявала на зуброў, туроў, ласей, дзікоў, мядзведзяў, баброў, зайцаў і інш. 

 

Старажытнарускi горад

Горад – населены пункт, жыхары якога занятыя пераважна ў прамысловасці, гандлі, кіраванні, культуры. Гарады ўзніклі ў працэсе паглыблення грамадскага падзелу працы – аддзялення рамяства ад земляробства. Галоўная рыса феадальнага горада – канцэнтрацыя рамёстваў і абмену. 

Аднак першапачаткова словам “горад” абазначалi любое ўмацаванае паселiшча, якое не заўседы трансфармiравалася ва ўласнагарадское паселiшча: гэта магла быць феадальная сядзiба, крэпасць i г.д. Найбольш старажытнымi гарадамі Старажытнай Русi з’яўлялiся Кiеў, Ноўгарад, Смаленск, Белавозера, Iзборск, Полацк, Растоў Вялiкi, Мурам i Ладага. Вызначальнымі рысамі сярэднявечнага горада з’яўляюцца:

• паведамленні аб горадзе у пісьмовых крыніцах як аб важным населеным пункце, цэнтры акругі;

• наяўнасць дзяцінца і пасада, плошча якога ў некалькі разоў перавышае плошчу дзяцінца;

• наяўнасць складанага ўнутрыгарадскога плана з элементамі добраўпарадкавання;

• узвядзенне манументальных свецкіх ці культавых пабудоў;

• пражыванне ў горадзе значнай колькасці гандлёва-рамеснага насельніцтва;

• наяўнасць у горадзе адмiнiстратыўнага аппарату. Тут чынiўся суд, сюды паступалi падаткi, тут выдавалiся законы.

• горад – гэта i цэнтр абароны, тут мелiся ўзброеныя сiлы (княжацкая дружына), якiя забяспечвалi нармальную жыццядзейнасць адмiнiстратыўнага апарату i задачы абароны.

• гарады былi цэнтрамi пiсьменнасцi i культуры.

Даследчыкамі вылучаюцца тры асноўныя шляхі станаўлення гарадоў:

• гандлёва-рамесны;

• абшчынна-феадальны – горад утвараўся на аснове старажытнага абшчыннага цэнтра;

• феадальны (дзяржаўны) – горад узнікаў у выніку цэнтралізатарскай палітыкі князёў асобных земляў-княстваў.

Ядром горад быў дзяцінец – цэнтральная частка паселішча, размешчаная на ўзвышэнні і умацаваная драўляным тынам, равамі і валамі. Побач узнікалі вакольны горад, вакол якога ўтваралася другая лінія ўмацаванняў, і пасады – гандлёва-рамесніцкія часткі горада. Непадалёку ад горада знаходзіўся курганны могільнік (некропаль).

Забудова ўсходнеславянскага горада была пераважна драўляная. Мураванымі былі пераважна храмы і княжацкія церамі. Вуліцы масціліся драўлянымі маставымі, мелі разгалінаваную дрэнажную сістэму. Сядзібы адрозніваліся па памерах і плошчы. Дамы знаці называліся “харомамі” і часта былі двухпавярховымі, акружанымі галерэямі, сенямі. 

Самым буйным горадам Усходняй Еўропы ў XI–XIII ст. з’яўляўся Кіеў. Першы ўспамiн аб горадзе ў летапiсу адносiцца да 862 г. Лічыцца, што ў XI– XIII ст. тут магло пражываць не менш за 50 тыс. чалавек. Горад узнік з былога племяннога цэнтру. У Кiеве былі выяўлены напластаваннi V – VI ст., у сувязі з чым некаторыя даследчыкі аднеслі час узнiкнення горада да V ст. i звязазалі гэтыя падзеі з дзейнасцю легендарнага князя Кiя. Аднак толькі ў IX ст. гэтае пасяленне набыло рысы горада. 

Дзяцiнец старажытнага Кiева, разам з княскiмi пабудовамi, знаходзiўся на Старакiеўскай (Андрэеўскай) гары. Ядро горада прадстаўляла невялікі ўмацаваны замак з язычніцкім капішчам. Першая крэпасная сцена была зроблена з дрэва. На навакольных гарах (Шчакавiца, Кудравец, Лысая гара) размяшчаўся пасад. Кiеўскi некрапаль IX–X ст. складаўся як з параўнальна бедных, так і вельмі багатых пахаванняў, у якіх былі выяўлены вырабы з золата, срэбра, рэшткi дарагога адзення, арабскiя дзiрхамы i дарагая зброя.

Найбольш актыўнае развіццё Кiева прыходзiлася на канец X–сярэдзiну XIII стст. Пры Уладзiмiры Святаславiчы былі пабудаваны новыя моцныя ўмацаваннi (новы дзяцiнец “горада Уладзiмiра”). У першай палове XI ст. пры Яраславе Мудрым была ўзведзена новая гарадская сцяна. У гэты час горад меў тры брамы, самай вядомай з якiх з’яўлялася “Залатая” брама. Вялiкi гандлёва-рамесны пасад знаходзiўся на Падоле. Тут змяшчалiся гандлевая i вечавая плошча, стаялi каменныя цэрквы.

У выніку археалагiчных раскопак у Кiеве адкрыта звыш 200 жылых i гаспадарчых пабудоў. Жытлы падзялялiся на два тыпа: наземныя зрубныя i паўзямлянкi слупавай кантструкцыi. 

Акрамя таго, археолагi адкрылi некалькi цэркваў, княскiх палацаў, якiя былi пабудаваны з камня i тонкай плiнфы. Першая на Русі цагляная царква – Дзесяцінная царква – была ўзведзеная ў 989–996 гг. Яна была разбураная мангола-татарамі ў 1240 г. Самае старажытнае збудаванне Кіева, якое захавалався да нашага часу, – Сафійскі сабор, закладзены ў 1037 г. Гэты манументальны храм распісаны фрэскамі, упрыгожаны мазаікамі, скульптурай. 

У горадзе знойдзены шматлiкiя майстэрнi. Надзвычай высокага ўзроўню развiцця дасягнулі кавальская, ювелiрная справа, ганчарная дрэваапрацоўчая, вытворчасці і інш. Важную ролю ў эканамiчным жыццi горада адыгрываў i гандаль. У Кiеў прыязжалi купцы не толькi са ўсiх канцоў Старажытнай Русi, але i iншых краiн: Скандынавii, Польшчы, Германii, Чэхii, Венгрыi, Вiзантыi, Арабскага Усходу, Хазарыi.

Росквіт Кiева быў гвалтоўна прыпынены ў 1240 г. нашэсцем полчышчаў Батыя. Выяўлена некалькi брацкiх магiл, якiя былi запоўнены шкiлетамi загiнуўшых. У вынiку нашэсця манголаў Кiеў быў спалены, разбураны i разрабаваны. Аднак горад не быў цалкам знiшчаны. Археалагiчныя раскопкi паказалi, што жыцце працягвалася ва ўсiх гiстарычных частках Кiева, хаця колькасць насельнiцтва значна паменшылася.

Другiм буйным горадам Старажытнай Русi быў Ноўгарад. Першы ўспамiн аб Ноўгарадзе ў летапiсу адносiцца да 859 г. Ноўгарад размяшчаўся на берагах р. Волхаў. Горад падзяляўся на 5 канцоў: Людзiн, Нераўскi, Славенскi, Загародскi i Плотнiцкi. На думку некаторых даследчыкаў, Ноўгарад узнiк як сталiца федэрацыi, якая складалася са славен (Славенскi канец), фiнна-угорскага племенi мера (нерава) – Нераўскi канец i крывiчоў (Людзiн канец).

Дзякуючы павышанай вiльготнасцi культурнага пласту, у Ноўгарадзе добра захавалiся вырабы з арганiкi. Гэта – рэшткi драўляных жытлаў, вулiчныя маставыя, шматлiкiя рэчы, найбольш каштоўнымі для навукі з якіх з’яўляюцца берасцяныя граматы. 

Планiроўку i забудову горада найбольш поўна прасочвала ў самым вялiкiм Нераўскiм раскопе. Тут выяўлены тры гiстарычныя вулiцы: Вялiкая, Халоп’я, Казмадзем’янская. Гэтыя вулiцы iснавалi на працягу многiх стагоддзяў i праз кожныя 15–20 гадоў нанава масцiлася драўлянымi плахамi. У слаях X–XV ст. археолагi знайшлi 30 ярусаў маставых 

Адметнасцю наўгародскіх грамадзянскіх пабудоў з’яўляецца адсутнасць паўзямлянак, шырока распаўсюджаных у іншых гарадах. Людзі жылі ў наземных драўляных хатах. Падлоа высцілалася тоўстымі абцясанымі плахамі. Над ніжнім паверхам узводзўся верхні паверх, які па плошчы пераўзыходзіў ніжні і часткова абапіраўся на ветрыкальныя слупы. Дамы ацяпляліся цаглянымі пячамі. Жылым з’яўлялася верхняе памяшканне, а ніжняе – выкарыстоўвалася ў гаспадарчых мэтах. Дамы часта ўпрыгожвалі разьбой па дрэве.

У Х ст. ў Ногарадзе быў узведзены драўляны храм Сафійскі сабор. У 1045–1050 гг. ён быў заменены каменным храмам, які захаваўся да нашых дзён. Наўгародскаі Сафійскі сабор быў пяцікупальным, збудаваным, як і цэрквы ў Кіеве, у тэхніцы чаргавання радоў каменю і плінфы. 

Архалагічныя даныя сведчаць аб высокім узроўні развіцця рамёстваў. Асноўным цэнтрам гандлёва-эканамiчнага жыцця Ноўгарада быў рынак. Побач з рынкам знаходзiліся Нямецкi i Гоцкi гандлёвыя рады. Розныя знаходкi адлюстроўваюць гандлёвыя сувязi Ноўгарада з вельмi далёкiмi краiнамi: Францыяй, Iталiяй, краiнамі Ўсходу i інш. 

У Ноўгарадзе было знойдзена звыш 800 берасцяных грамат, самыя старажытныя з якіх адносiцца да першай паловы XI ст., самыя познія – да сярэдзiны XV ст. Гэтыя знаходкі сведчаць аб высокім узроўні старажытнарускай гарадской культуры.

Ноўгарад не быў разбураны i разрабаваны татара-манголамі. 

 

           4. Культура старажытнарускага насельніцтва паводле

Археалагічных даных

4.1. Пісьменнасць. Аб шырокiм распаўсюджаннi на Русi пiсьменнасцi сведчаць такія археалагічныя даныя, як знаходкі прыладаў для пісьма, берасцяныя граматы, а таксама надпiсы на посуду, праселках, прадметах побыту i нават на сценках цэркваў. 

Для пісьма выкарыстоўваліся пісалы, альбо стылі (металічныя стрыжані даўжынёй 8–13 см, завостраныя на адным канцы і з лапатачкай на другім). На тэрыторыі Беларусі пісалы знойдзены амаль ва ўсіх гарадах. Пiсалi на спецыяльных дошачках (цэрах), якiя мелi з аднаго боку паглыбленне, запоўненае воскам. Для пісання выкарыстоўвалі таксама бяросту. У шматлікіх гарадах былі знойдзены берасцяныя граматы – пісьмы, запіскі і дакументы XI–XV ст. на кусках бярозавай кары. Берасцяныя граматы ствараліся не пісцамі-прафесіяналамі, а звычайнымі людзьмі, як заможнымі, так і беднымі, як мужчынамі, так і жанчынамі. Вядомы нават берасцяныя граматы, напісаныя дзецьмі. Граматы змяшчаюць тэксты побытавага, гаспадарчага зместу, даўгавыя распіскі, перадаюць палітычныя навіны і г.д. 

Першая берасцяная грамата была знойдзена ў 1951 годзе падчас археалагічных раскопак у Ноўгарадзе. Граматы былі выяўлены таксама ў такіх гарадах, як Старая Руса, Смаленск, Пскоў і інш. На археалагічных помніках выяўлена таксама шмат прадметаў з надпісамі. У шматлікіх гарадах Старажытнай Русі і знойдзены свінцовыя пячаткі з выявамі князёў, святых і надпісамі кірылічнымі літарамі. 

4.2. Рэлігійныя ўяўленні.

Язычніцтва паводле археалагічных даных. Дахрысціянскія культавыя збудаванні, месцы маленняў і ахвярапрынашэнняў называюцца свяцілішчамі ці капішчамі. Аб існаванні дахрысціянскіх культавых аб'ектаў сведчаць легенды пра ўзгоркі, на якіх стаялі царквы альбо касцёлы, што праваліліся пад зямлю, а таксама – спецыфічныя тапонімы Святое возера, Божая горка, Валова гара, Турава гара, Перунова гара, Красная гара, Святы камень, Змееў камень і інш.

3 язычніцкімі вераваннямі звязаны і прывескі-амулеты (абярэгі). Іх рабілі з іклаў і костак жывёл, бурштыну, металу, ракавінак кауры. Археолагі часта знаходзяць такія вырабы пад час раскопак курганоў і паселішчаў. Вядомы амулеты разнастайных формаў: падвескі-луніцы, канькі і полыя шумячыя падвескі-конікі, бранзалеты са стылізаванымі зааморфнымі канцамі, прывескі-амулеты ў выглядзе ключыкаў, сякерак, лыжачак і іншых мініяцюрных прадметаў побыту.

Хрысціянства паводле археалагічных даных. Прыняцце хрысціянства (988 г.) знайшло сваё адлюстраванне ў паступовых зменах пахавальнага абраду насельніцтва. У канцы Х – пачатку ХІ стст. пачаўся паступовы пераход ад традыцыйнага язычніцкага трупаспалення да трупапакладання ў курганных насыпах. З цягам часу велічыня курганаў змяншалася. У гарадах мемарыяльнымі месцамі рабіліся храмы і прылеглыя тэрыторыі. У археалагічным матэрыяле фіксуюцца таксама іншыя праявы хрысціянізацыі: змяненне знешняга выгляду гарадоў, перадусім будаўніцтва цэркваў і манастыроў, часта мураваных, з’яўленне і распаўсюджванні культавых прадметаў. 

4.3. Манументальнае дойлідства. Каменнае дойлiдства на Русi пачалося ў X ст. Найбольш старажытнай пабудовай з камня з’яўляецца Дзесяцiнная царква ў Кiеве, якая была пабудавана візантыйскімі майстрамі ў 989 – 996 гг. Аснову царквы складала пабудова з трымя апсiдамi (паўкруглымi выступамi, дзе ўстанаўлiваўся алтар). Унутры царква была ўпрыгожаная фрэскамi i палiванымi рознакаляровымi плiткамi. У ХІ ст. у Кіеве быў пабудаваны яшчэ адзн каменны храм – Сафiйскi сабор. Ён быў пяцiапсiдным, з цэнтральным купалам, вакол якога размяшчалiся 12 меншых па памерах купалаў. Сабор быў упрыгожаны фрэскамі i мазаікамі. У пачатку XII ст. у Кiеўскiм княстве пачалі ўзводзіць шасцiстоўпныя храмы з трыма апсiдамi, а з сярэдзiны XII ст. – чатырохстоўпныя саборы. У 1045 – 1050 гг. быў пабудаваны Сафiйскi сабор у Ноўгарадзе. Храм меў тры апсiды i пяць купалаў. Наўгародскую Сафiйскую царкву будавалi кiеўскiя майстры. 

Сваеасаблiва развiвалася дойлiдства Уладзiмiра-Суздальскай зямлi. Першыя каменныя храмы былі пабудаваныя паводле традыцыі кiеўскай дойлiдскай школы. Пазней склалася мясцовая архітэктурная школа, галоўнай адметнасцю якой была багатая арнаментацыя сцен. Пярлінай дойлiдства Уладзiмiра-Суздальскай зямлi лічыцца царква Пакрова-на-Нярлі.

На тэрыторыі Беларусі найбольш старажытным каменна-цагляным будынкам з’яўляецца Сафійскі сабор у Полацку, узведзены ў сярэдзіне XI ст. У пачатку XII ст. пачалося фарміраванне своеасаблівай полацкай архітэктурнай школы. Школа сфарміравалася на аснове візантыйска-кіеўскіх архітэктурных традыцый. Рэшткі мураванай царквы канца XI – першай чвэрці XII ст. знойдзены пры раскопках Мінска. Даследаванні паказалі, што яе не дабудавалі – быў закладзены толькі падмурак. У XII ст. своесаблівая архітэктурная школа склалася ў Гродзенскім княстве. 

4.4. Прыкладное мастацтва. У гарадах Старажытнай Русі знойдзены шматлікія ўзоры дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Шырокi попыт у насельніцтва мела прадукцыя ювелiраў. Цэнтрам ювелірнай вытворчасці быў Кіеў, аднак ювелірнай справай замаліся і ў іншых гарадах. Так, рэшткі ювелірных майстэрань былі раскапаныя ў Мінску, Полацку, Навагрудку. Аб мясцовым характары ювелірнай вытворчасці сведчаць знаходкі ювелірных льячак і тыгляў, ліцейных формачак і пінцэтаў і інш. Акрамя вядомых і ў папярэднія эпохі форм каляровай металаапрацоўкi (лiцце, коўка, чаканка), з’явіліся новыя тэхнікі: штампоўка, валачэнне, скань, зернь, чарненне, эмаль, iнкрустацыi.

Зернь – ювелiрны прыём, пры якiм на залатую, срэбную, радзей бронзавую аснову напайвалi вельмi маленькiя шарыкi з золата цi срэбра. Скань – прыпой на залатую цi срэбную аснову з вельмi тонкага золата цi срэбнага дроту. Эмаль – шклопадобны сплаў, які афарбоўвалі ў розныя колеры і які пасля застывання даваў цвёрдую роўную паверхню. Чарненне – тэхніка, якая заключалася ў тым, што на паверхнi срэбнай рэчы выразаўся малюнак, якi потым запаўняўся рэчывам цёмна-матавага колеру. Гэта рэчыва атрымлiвалi з волава, срэбра, медзi i серы. 

Найбольш дарагімі ювелірнымі вырабамі былі колты – упрыгожанні ў выглядзе багата аздобленых пустацелых скрыначак, у якія закладвалі тканіну з прыемным водарам. Колты прывешваліся па баках галавы на металічных ланцужках. Гэтыя ўпрыгожанні насілі заможныя гараджанкі. 

На тэрыторыi Старажытнай Русi знойдзена шмат скарбаў, якія змяшчалі высокамастацкiя ўпрыгожваннi: колты, бранзалеты, падвескi, медальёны і інш. 

Вялiкiх поспехаў у старажытнарускі час дасягнула шкларобства. Да XI ст. шкляныя вырабы паступалi на Русь з Вiзантыi i Бліжняга Усходу. У пачатку XI ст. з’явіліся мясцовыя шкларобчыя майстэрнi. Асаблiва шырокае распаўсюджанне атрымалі такія вырабы, як шкляныя пацеркi i бранзалеты. Вытворчасць шкляных бранзалетаў была наладжана ў Кiеве, Ноўгарадзе, Смаленску, Полацку i iнш. гарадах. Гэтыя ўпрыгожанні з’яўляліся атрыбутамі гараджанак. 

Высокага ўзроўню дасягнула і мастацкая разьба па каменю. У старажытных пабудовах Кіева знойдзены шматлікія разныя каменныя пліты.

Вялікай папулярнасцю карысталіся рэльефы на плітах з оўручскага чырвонага шыферу. Саркафаг з такога матэрыялу быў знойдзены і ў Тураве. Падчас раскопак раннесярэднявечных помнікаў археолагі нярэдка знаходзяць і прадметы дробнай пластыкі, як правіла, звязаныя з хрысціянскім культам, перадусім каменныя абразкі, якія насілі на грудзях. 

 

УВОДЗІНЫ

 

План

 

1. Археалогія як навука

1.1. Месца археалогіі ў сістэме навук

1.2. Сацыяльныя функцыі археалогіі

1.3. Археалагічная спецыялізацыя

2. Асновы археалагічнай тэрміналогіі

2.1. Базавыя (фундаментальныя) паняцці археалогіі

2.2. Тэматычны міні-слоўнік

3. Метады археалагічных даследаванняў.

3.1. Палявыя даследаванні;

3.2. Апрацоўка матэрыялаў і папярэдні аналіз даных; 3.3. Інтэрпрэтацыя даных, гістарычныя рэканструкцыі. 4. Археалагічная перыядызацыя

 

 

Ілюстрацыі па тэме прыведзены ў Прэзентацыі 1.

 

1. Археалогія як навука      1.1. Месца археалогіі ў сістэме навук

Археалогiя (ад грэчаскiх слоў: “архайос” – старажытны і “логас” – словы, веды) – навука, якая вывучае мінулае чалавецтва па матэрыяльных рэштках дзейнасці чалавека.  

Аб’ектамi археалагiчнага вывучэння з’яўляюцца рэчавыя крынiцы: паселiшчы, могiльнiкi, майстэрнi, рэшткi старажытных умацаванняў, архiтэктурныя збудаваннi, старажытныя шахты, наскальныя малюнкi, камянi з надпiсамi, свяцiлiшча, скарбы, асобныя знаходкi.

Археалогія часта падзяляецца на першабытную (дапісьмовую) і протагістарычную (пісьмовую). Мяжа паміж “дагісторыяй” і “гісторыяй” у розных краінах праводзіцца па-рознаму, што звязана з неаднолькавым часам узнікнення і распаўсюджання пісьменнасці ў розных рэгіёнах.

Большая частка чалавечай гiсторыi была безпiсьмовай, таму адзiнай крынiцай для вывучэння гэтага перыяду з’яуляюцца разнастайныя рэшткi дзейнасцi людзей. Старажытныя пiсьмовыя крынiцы асвятляюць шматлікія старонкі мінулага, але, як правіла, яны не закранаюць усіх бакоў гісторыі чалавецтва. У такіх выпадак рэчавыя крынiцы вывучаюцца паралельна з пiсьмовымi крынiцамi адпаведных эпох, і менавіта археалогiя значна пашырае нашыя ўяўленні аб даўніх часах.

 Традыцыйна верхнiм парогам вывучэння аб’ектаў археалогii лічыцца XVIII ст., аднак сёння развіваюцца і накірункі, звязаныя з вывучэннем ХІХ і ХХ ст. 

У айчыннай традыцыі археалогія адносіцца да гістарычных навук (узгадайце крылаты выраз “Археалогія – гэта гісторыя, узброеная рыдлёўкай”). Аднак у розныя часы грамадства разумела месца археалогіі ў сістэме навук па-рознаму. 

Сам тэрмін “археалогія” узнік у Старажытнай Грэцыі. Гэтым паняццем карыстаўся філосаф Платон. У адной са сваіх кніг ён пісаў, што “археалогія” – гэта навука, якая мела справу з усёй “старажытнай гісторыяй”. У Сярэднявеччы археалогія была часткай геаграфіі – яна апісвала цікавыя мясціны той ці іншай краіны. У эпоху Адраджэння, калі адукаваная грамадскасць была захопленая антычным выяўленчым мастацтвам, археалогія стала часткай музейна-антыкварнай справы. У эпоху Асветніцтва археалогія фактычна займалася тым, што зараз адносіцца да сферы мастацтвазнаўства. Для рамантыкаў першай паловы ХІХ ст., якія ідэалізавалі мінулае і імкнуліся падмацоўваць свае думкі зваротам да старажытных помнікаў, археалагічная спадчына звязвалася з этнаграфіяй. Пачынаючы з другой паловы ХІХ ст. для значнай часткі еўрапейскіх навукоўцаў археалогія пераўтвараецца ў гістарычна арыентаваную дысцыпліну. У ЗША археалогія з’яўляецца часткай антрапалогіі, а менавіта сацыяльна-культурнай антрапалогіі.

Нягледзячы на тое, што археалогія займаецца вывучэннем далёкага сацмінулага, гэтая навука вельмі моцна звязаная з жыццём сучаснага грамадства. 

1.2. Сацыяльныя функцыі археалогіі – гэта ролі, якія навука выконвае ў жыцці грамадства і якія ў сваёй сукупнасці абумоўліваюць яе сацыяльную каштоўнасць.

• Функцыя сацыяльнай памяці. Сацыяльная памяць – гэта назапашванне і захаванне ў памяці чалавецтва досведу ўсіх мінулых пакаленняў. Гэта памяць, накіраваная на забяспячэнне ўстойлівасці развіцця і жыцця грамадства. Археалогія выступае як пасрэдніца паміж пакаленнямі чалавецтва.

• Навукова-пазнавальная функцыя. Сэнс функцыі – у прадстаўленні грамадству ведаў аб мінулым.

• Светапоглядная функцыя. Археалогіі належыць істотная роля ў станаўленні навуковага светапогляду чалавека.

• Палітыка-ідэалагічная функцыя. Археалагічная спадчына часта выкарыстоўваецца дзеля рэалізацыі пэўных палітычных і ідэалагічных мэтаў. Археалогія адыгрывае значную ролю ў фарміраванні народнай (нацыянальнай) ідэнтычнасці. Часам археалогія выкарыстоўваецца для сцверджання даўнасці нацыянальнай традыцыі і, як вынік, для пацвярджэння “гістарычнага права” пэўнай дзяржавай на зямлю. Гэта практыка распаўсюджаная ў розных краінах, аднак варта памятаць, што яна вельмі шкодная як для грамадстваў, так і для самой навукі. Таму праблема барацьбы супраць нацыяналістычных спекуляцый на падставе археалагічных помнікаў застаецца актуальнай.

• Эканамічная функцыя. Мінулае мае істотную матэрыяльную вартасць. На постсавецкай прасторы археалагічная спадчына – і то не ў поўнай ступені – запатрабаваная музейнай, турыстычнай і інш. падобнымі сферамі. У шэрагу краін свету вынікі археалагічных даследванняў выкарыстоўваюцца рознымі галінамі гаспадаркі (у сельскай гаспадарцы, будоўлі, медыцыне і інш).

 

Археалагічная спецыялізацыя

У сучаснай археалогіі назіраецца пэўная спецыялізацыя. Вылучэнне даследчых накірункаў адбываецца на падставе выкарыстання розных крытэрыяў, напрыклад: 

1) паводле эпох і перыядаў (напрыклад, археалогія каменнага веку, неаліту, эпохі бронзы, сярэдневяковая, антычная, і г.д.); 

2) паводле вылучаных этнічных груп і народаў (напрыклад, археалогія славян, балтаў і г.д.); 

3) паводле гісторыка-геаграфічнага і дзяржаўна-адміністрацыйнага падзелу (напрыклад, археалогія Месапатаміі, Беларусі, Падняпроўя,

Прыбалтыкі, і г.д.); 

4) паводле спосабаў здабывання археалагічных ведаў (археалогія падводная, эксперыментальная, «мокрая», паветраная і інш.). 

Паветраная археалогія – гэта галіна археалогіі, якая займаецца пошукам і вывучэннем археалагічных аб’ектаў з дапамогай аэрафотаздымкі. 

Падводная археалогія – гэта галіна археалогіі, якая займаецца вывучэннем старадаўніх аб’ектаў, што затоплены вадою.

«Мокрая» археалогія – тыя археалагічныя даследаванні, якія праводзяцца на месцы затарфаваных, прытопленых археалагічных помнікаў.

Эксперыментальная археалогія – гэта галіна археалогіі, у межах якой даследчыкі спрабуюць экперыментальным шляхам зрабіць артэфакты альбо аб’екты, падобныя археалагічным, і такім чынам зразумець, як ажыццяўлялася дзейнасць людзей у старажытнасці.  

5) у залежнасці ад прыхільнасці археолага да адпаведнай сферы археалагічнай дзейнасці ён можа лічыцца спецыялістам у палявой альбо тэарэтычнай, музейнай альбо ўніверсітэцкай (акадэмічнай) археалогіі. 

 

 

Асновы археалагічнай тэрміналогіі

 

Дата: 2019-02-02, просмотров: 442.